А потым над Яськам схіляецца нешта вялікае — яно засланяе лямпу — і цёплае і крыху калючае, яно пахне нечым зусім іншым, чым маці, і Яська зноў чуе той жа голас, які падказваў яму пашукаць чаго-небудзь у кішэнях: «Усе з'еў? І маме не пакінуў, і бацьку ніводнай на закуску?» Яська смяецца. Хіба маці трэба цукеркі? Хіба маці ядуць цукеркі? А пра яго, вялікага і калючага, і казаць няма чаго. Ён жа вёз іх! Яны ляжалі ў кішэні яго паліто! Дык няўжо ён за дарогу ніводнай не з'еў? Не, гэта ён жартуе, няйначай лічыць Яську зусім малым і дурным...
Прыбягае з туманнай далечы і вузкая пакручастая дарога-сценка з дзвюма каляінкамі ад калёс, яна паўзе па полі ўсё ўгору і ўгору. Гэтай сценкай Яська з бацькам кудысьці ідуць. Пячэ сонца. Яськавы ногі не хочуць ісці. Бацька штораз азіраецца, падбадзёрвае яго, а то і пасміхваецца. Ад яго насмешак Яську крыўдна і балюча, ён ужо зусім не можа ісці — вось зараз сядзе ў цёплы пульхны прысак і будзе сядзець. Але ён не сеў. Не паспеў. Яго рука раптам апытваецца ў вялікай, гарачай і сухой бацькавай руцэ, бацька моцна сціскае яго руку і кажа: «Давай паспрабуем так. Я цябе буду цягнуць, а ты толькі ножкі перастаўляй. Паспрабуем?» Яська ківае галавой, і яны спрабуюць. Атрымліваецца здорава! Яськавы ногі ледзьве дакранаюцца да зямлі, невядомая сіла імкліва ўзносіць яго на вяршыню пагорка, а там дарога бяжыць-звіваецца ўніз, да кучаравага лазняку, сярод якога блішчыць-ззяе пад сонцам сажалка...
Куды яны і чаго ішлі з бацькам — Яська не ведае. Засталася ў памяці адна дарога, а яшчэ — спякотнае сонца, сухая і шурпатая бацькава далонь і тое шчаслівае адчуванне — трымаючыся за бацькаву руку, можна ісці і ісці далёка-далёка, не толькі да саджалкі, што адкрылася ўнізе, у каёмцы кучаравага лазняку, але ажно за той сіні лес на небакраі, і ісці будзе лёгка і радасна...
І яшчэ адна згадка.
У іхняй хаце — госць. Мацерын брат, а яго, Яськаў, дзядзька. Камандзір. Памятае Яська бліскучыя боты, шырокі рэмень, на рукаве — залаты вугольнік. Дзядзька ехаў да іх пятнаццаць сутак. Адтуль, дзе канчаецца зямля і пачынаецца мора. Называецца тое месца Далёкім Усходам. Чаму Усходам? Дзядзька зусім сур'ёзна кажа, што там з мора ўзыходзіць сонца. Ён прывёз Яську падарунак — шапку-кубанку. Такіх шапак ён ні ў кога дагэтуль не бачыў. Яна круглая, справа і злева ў поўсці намацваюцца кручкі. Калі гэтыя кручкі расчапіць, ззаду апускаецца заслонка, якая прыкрывае вушы і патыліцу. Шапка чорненькая, мякенькая, уся льсніцца, ажно блішчыць. Дзядзька кажа, што пашыта шапка з марскіх коцікаў. Яська не верыць. Хіба ёсць марскія каты? Дзядзька весела смяецца і кажа, што — ёсць. І малюе Яську нейкага смешнага, дзіўнага звера — з маленькай мордачкай, без вушэй і без хваста, з нейкімі кульцяпкамі замест лап. Хіба ж гэта кот? «Марскі кот»,— кажа зусім сур'ёзна дзядзька. Няхай сабе, пагаджаецца Яська, галоўнае — шапка прыгожая. Праўда, крыху яму велікаватая, але ж то не бяда: Яська падрасце. Маці ім не замінае — яна бегае то з хаты, то ў хату, грыміць на прыпеку патэльняй. А бацькі — няма, ён — на рабоце. Раптам дзядзька пытае: «А ці не схадзіць нам да твайго бацькі? Госць прыехаў, а яго няма. Дарогу ведаеш?» Яська ледзь не плача. Каб ён ды не ведаў дарогі да сельсавета, дзе робіць бацька! І праз хвіліну яны ідуць па вёсцы. Яська, нягледзячы на лета, у новай шапцы-кубанцы — хай усе бачаць, хай усе зайздросцяць! Шапка ж не абы-якая, а з марскіх коцікаў!..
Бацька сядзіць за сталом:. Угледзеўшы іх на парозе, падхопліваецца, выскоквае з-за стала. Дзядзька абдымае яго, яны цалуюцца. А Яська стаіць побач і тузае бацьку за штаны: чаму ён не бачыць, што ў яго на галаве?..