І — усё! Далей — правал. Як ішлі дадому ўтрох — не памятае. Ці доўга гасцяваў у іх дзядзька — таксама не памятае...
А па-сапраўднаму ён памятае бацьку партызанам. З той першай начы, калі бацька пастукаўся ў акно, ля якога і тады стаяў, і цяпер стаіць Яськаў ложак. Аднак жа першай ад таго стуку прахапілася маці, а не ён, Яська. Ён выскачыў з-пад коўдры ўжо тады, калі бацька ўжо быў у хаце і маці ў белай сарочцы вісела ў яго на плячах. Бацька ўхапіў і Яську на рукі, паказытаў яго шорсткімі, абсіверанымі вуснамі.
Потым, калі маці завесіла акно ў першай хаце посцілкай і запаліла агонь, Яська ўбачыў, што бацька прыйшоў не адзін, а з таварышам. Яны не распранаючыся пераабуліся — маці падала ім свежыя пакачаныя анучы, потым, зняўшы шапкі, селі за стол, маці сабрала на скорую руку вячэру. І бацька і ягоны таварыш елі прагна, на поўніцу, і Яська, мусіць, з нейкім страхам і здзіўленнем глядзеў на іх, і ці не ўпершыню тады ён скалануўся ад нечакана зробленага адкрыцця: яны былі галоднымі! І не проста галоднымі, як можа быць галодным чалавек, якому штосьці пільнае перашкодзіла своечасова паабедаць, а — згаладалымі...
Потым яны — Яська, маці і малая Зойка — яна нарадзілася ў вайну — жылі, ў лесе, у так званым цывільным лагеры, за пару кіламетраў ад лагера партызанскага, і бацьку яны бачылі часта. Ён забягаў, праўда, заўсёды ненадоўга, то адзін, то не адзін, з іншымі партызанамі; забягаў, ідучы на заданне, а часцей — вяртаючыся з задання,— стомлены, зарослы, выкачаны з ног да галавы то ў гразі, то ў снезе, і на яго шапцы-кубанцы (пасля дзядзькавага падарунка Яська ўжо ведаў, што такія шапкі завуцца кубанкамі) заўсёды трымцела шыгалле, а то альховы ці вузкі лазовы лісток. Кожнаму бацькаваму прыходу Яська бясконца радаваўся, кідаўся паліць бацьку на рукі з конаўкі, непрыкметна дакрануцца да яго вінтоўкі, а пасля і да рэвальвера — з кабурой бацька стаў хадзіць тады, як яго прызначылі палітруком роты. А маці штораз плакала, і бацька то цішком супакойваў яе, то часам злаваўся — тады, калі ён прыходзіў не адзін, калі ля ўваходу ў зямлянку яго цярпліва чакалі таварышы. Аднаго разу бацька вярнуўся паранены, і тады, памятае Яська, маці ўжо не ціха хліпала, а плакала ўголас, наўзрыд, а бацька прысядаў на параненай назе і казаў, што ў яго не рана, а драпіна, якая да заўтрашняга дня загоіцца...
Узімку, памятае Яська, яны жылі ў прылеснай вёсачцы Стайкі, у апусцелай дзедавай хаце: усю дзедаву сям'ю фашысты пагналі ў Нямеччыну. Аднаго вечара перапалохаліся ад гаманы на вуліцы. Выскачылі з хаты. Уся вуліца была запруджана партызанамі.
Сядала сонца — зыркае, няйначай на мароз, ад коней і ад людзей ляжалі па снезе доўгія блакітныя цені. І панавала наўкол нейкае радаснае, святочнае ўзбуджэнне. Людзі гучна перагаворваліся, перагукваліся, смяяліся.
Партызаны былі ў вёсцы да ночы: ва ўсіх хатах паліліся печы — варылася бульба, сквірчэла сала, ва ўсіх дварах, а то і проста на вуліцы, пры варотах, коні хрупцелі сена з вазкоў і саней. Вёска позна не лягала спаць: ажно пакуль — недзе за поўнач — партызаны не рушылі далей. Яны пакідалі Стайкі некалькімі калонамі, і паперадзе адной калоны ішоў Яськаў бацька — у белым кароткім кажушку, у белых валёнках, у белай аўчыннай кубанцы. І Яська бег поруч з ім да апошняй хаты, дзе бацька выпусціў яго руку са сваёй і загадаў вяртацца дамоў, да маці і Зойкі, а то яны будуць непакоіцца. Яська слухмяна памчаўся па прытаптанай вуліцы дахаты: там, канечне ж, хвалюецца маці! А за бацьку ён не хваляваўся. Не асмеляцца фрыцы зрабіць бацьку што-небудзь благое — вунь якая партызанская сіла пайшла разам з ім! Людзі казалі, што партызаны пайшлі граміць гарнізон у Лядах, аднак праўда гэта ці няпраўда — ніхто дакладна не ведаў. Адно ўсе разумелі, што пайшлі партызаны не на пагулянку...
Яська моцна спаў, калі ўранку партызаны вярталіся назад. Старэйшыя хлопцы расказвалі пасля, што везлі яны вялікія трафеі. Везлі і параненых. А на двух апошніх санях ляжала пяцёра забітых партызан. Яськаў бацька забягаў на хвіліну ў хату, але будзіць сына не дазволіў...
А потым яны доўга не бачылі бацькі. І нашых сустрэлі без яго. Без яго вярнуліся ў Альхоўку, у родную хату. Бацька паявіўся ў ёй на трэці, здаецца, дзень. Яська не адразу і пазнаў яго, убачыўшы ў двары: быў бацька страшэнна худы, правая рука вісела на марлевай павязцы.
Маці купала бацьку сярод хаты ў ночвах, пасля, бы малога, на руках занесла яго ў ложак і пакарміла з лыжкі. Яна ж скруціла яму цыгарку, прыпаліла яе і няўмела падала ў рот. Бацька некалькі разоў прагна зацягнуўся, а потым з няможана падаў левай рукой цыгарку маці: