Гэта скрыгоча колцамі па асфальце вазок паштальёна, па-тутэйшаму —cartero, у якім ён развозіць газеты і лісты; гук той, пачуты яшчэ здалёк, шторанку кідае мяне да верхняй паловы дзвярэй, якая складаецца з гарызантальных дошчачак, прымацаваных да драўлянае рамы на манер жалюзі (ніжняя, шкляная частка дзвярэй, матава пафарбаваная, як у лазні), — рывок, дошчачкі тырчма, у прарэзы адразу ж сігае чорны кудлаты дымішча: малюпасенькі дом наш — ну, далібог, ластаўчына гняздо! — лепіцца дахам да балкона іншага будынка, а з усіх трох бакоў заціснуты паміж мужчынскай цырульняй, фотасалонам ды нейкім складам (і сцены з тымі мае агульныя — глухія), — дом наш адзіным сваім вочкам, тым самым, па-турэмнаму закратаваным дошчачкамі, утрапёна глядзіць на вар’ятню аўтамабільнай дарогі, ад якой адасоблены ўсяго толькі вузенькім, двое ледзь разыдуцца, тратуарчыкам; і калі я, захінаючы далонню вочы ад нясцерпнага сонца, чакаю таго паштальёна з ягоным вазком, літаральна ў двух кроках ад мяне ўверх па Агілера з ровам і віскатам нясуцца аўто — іржавыя, пакамечаныя, з выбітым шклом і страчанымі на нейкіх фантастычных рысталішчах дзверцамі, бразгочуць усімі фібрамі сваіх цудам ацалелых душ, але галоўнае, галоўнае — дымяць, халера іх бяры, рухавікі ў іх не ў парадку ці паліва абы-якое (тут ачышчанае паліва каштуе фантастычных грошай), ці тое і другое разам, але а восьмай гадзіне наш гараж-альтанка-гняздо перапоўнены ўжо густымі клубамі дыму, у гэтым “букеце” хіба толькі О2 і няма; я ўжо не кажу пра тое (падумаеш, дробязь!), што, пачынаючы з той жа восьмай гадзіны раніцы, трэба напружваць галасавыя звязкі, перакрыкваючы ашалелы роў матораў (потым, у Беларусі, я даволі доўга буду пераадольваць звычку размаўляць крыкам), — і так да прыцемкаў.
Дзякуй Богу, паштальёны тут выходзяць на працу рана, пакуль той інфернальны аркестр яшчэ толькі настройвае інструменты дзесьці па аўтазапраўках. Праціснуўшы руку паміж дошчачкамі, я магу, добрая сеньёра, паляпаць па плячы Арланда, пабалакаць з ім пра цэны на рыс і фасолю ў магазінах venta libre [9], адначасова прагна назіраючы за павольнымі рухамі яго цёмных і вузлаватых, быццам карэнішча юкі, рук. Але, на жаль, вазок зноў коціць не Арланда, а маладзён у белай гуайяверы [10], — пэўна, ён нарадзіўся не пад паштальёнскай зоркай, і яна яму не спрыяе, бо пакуль ён замяшчае Арланда, я не атрымала ніводнага ліста з дому — ніводнага! І сёння хлапец толькі разводзіць рукамі. Што ж, грэх вінаваціць зоркі ў тым, што на маёй радзіме, якую я пакінула назаўсёды (слова, у якое немагчыма паверыць), на маёй радзіме, дзе прастору крояць размашыста і няскупа, даючы велічэзныя прыпускі на швы, а будынкі не налязаюць адзін на другі нібы дэкарацыі з пап’е-машэ ў правінцыйным тэатры, — на маёй радзіме пра мяне забыліся.