Выбрать главу

“29 de Julio Año 30 de la Revolución” [13].

Ішоў апошні год дзесяцігоддзя, што змяніла свет, у якім мы выраслі. Ноч перад адплыццём “Тараса Шаўчэнкі” на Кубу мы з Рэйнальда правялі ў ленінскім пакоі адэскага рабочага інтэрната; літары з пенапласту, з якіх калісьці складаўся вялізны, на ўсю сцяну, тэкст “маральнага кодэкса”, часткова паадклейваліся і валяліся ў калідоры ўпокат, як і самі п’яныя “СРОИТЕЛИ МУНИЗМА”, — нікчэмныя літары, што раптам выпалі са звыклага ім слова. Якое ж новае слова можна было скласці з гэтых самотных літар? СВАБОДА!

Нам здавалася тады, што той, хто гаворыць пра яе, ужо свабодны чалавек (гэта сёння, 25 лютага года 12-га ад абвяшчэння Незалежнасці, я не магу лічыць свабодным таго ўрача, які тыдзень таму стаяў ля майго ложка і, замест выканання сваіх абавязкаў, пырскаючы слінай, лаяў урад і мас-медыа (асабліва — газеты!), праецыруючы свой архетып ворага на пацыентку, што таксама недзе там друкавалася, а на той момант ляжала з тэмпературай пад сорак і лімфавузламі быццам арэхі, — але доктара тое мала цікавіла: ён дэманстраваў, што ён — чалавек свабодны.) Тады мы яшчэ не разумелі, што па-сапраўднаму свабодны чалавек проста не заўважае гэтага, бо свабода з’яўляецца натуральным станам ягонага арганізма. Але нават тое каламутнае, з падазроным пахам чагосьці знаёмага (тыпаграфскай фарбы? гумы першамайскіх шарыкаў і айчынных прэзерватываў?) паветра — якім асвяжаючым яно было пасля задушлівых балотных выпарэнняў, чым мы дыхалі ў сценах школы, універсітэта, рэдакцый беларускае “глыбінкі”, куды раз’язджаліся на практыку! “Кураторы на местах” патрабавалі ад нас дзелавітага пустабрэхства, узведзенай у ранг прафесіі крывадушнасці; нашыя металізаваныя лінатыпам радкі мусілі быць падобнымі да маршыруючых па асфальтавых дарожках стадыёна шэрагаў дзябёлых цётак з павязаным пад дубальтовым падбароддзем у кожнай піянерважацкім гальштукам. Тлусты шрыфт загалоўкаў нагадваў прусакоў, укормленыя статкі якіх пасвіліся на пажыцях нашага “Другога Інтэрнацыянала”, у сэнсе — універсітэцкага інтэрната-“двойкі”, дзе жыло шмат студэнтаў з замежжа; тэкставыя — петыт і часопісны рублены — прыпадабняліся ланцужкам добрасумленных мурашоў, апантаных месіянскай ідэяй узвядзення сусветнага мурашніка; нанпарэль глядзелася лічынкамі мух, — параўнанні множыліся да бясконцасці, але лягчэй ад гэтага не станавілася. Я знайшла паратунак у вершах, якія пісаліся пераважна ў стол; калі б псіхіятру давялося пабачыць мае тагачасныя тэксты, ён, пэўна, адзначыў бы прагрэсіруючы аутызм, які пышна квітнеў за наглуха зачыненымі аканіцамі рымскае вілы маёй свядомасці, — я неслася на крылах шызафрэнічных вобразаў у нейкія крывава-чорныя нябёсы, дзе жыццё было, па сутнасці, немагчымым. Вердыкт, вынесены рэдакцыяй аднаго саліднага часопіса, куды я адважылася даслаць свае творы, быў справядлівы: “Паэзія, заснаваная не на рэальнасці.” Але засноўваць што б там ні было на той псеўдарэальнасці, якая раілася навокал, размнажаючыся з хуткасцю насякомых, я не жадала. Усе каштоўнасці гэтага свету былі мёртвыя, нібыта праспіртаваныя вантробы ў слоіках, якія грувасціліся на стэлажах кафедры хірургіі, куды нас ганялі адпрацоўваць “ваенку”. Самым страшным было тое, што і на сабе я пачынала адчуваць тую ж маску, нябачную плеўку, у якую было герметычна запакавана ўсё — ад бацькоўскіх павучанняў да па-правінцыйнаму нявіннай гульні ў “бутэлечку”, якой мы цешыліся на вечарынках у гонар нашых паўналеццяў, і нават тыя нясмелыя пацалункі, якія ўсхваляваныя гульцы дарылі адно аднаму за зачыненымі дзвярыма, не пранікалі ў нашыя сэрцы з-за той плеўкі. Свет, у якім мы былі абавязаны стаць шчаслівымі, быў забруджаны крывадушнасцю, як радыяцыяй. І мне любой цаной хацелася здзерці абрыдлую маску, нават калі б дзеля гэтага спатрэбілася сарваць з сябе і самую скуру.

І вось плеўка пайшла трэшчынамі і пачала адвальвацца, нібы сырая тынкоўка. Нам здавалася — не, мы былі ўпэўнены! — што пасля гэтага пачнецца новае жыццё, якое не можа, не мае права быць падобным да мінулага. Якія недапушчальныя абагульненні намі рабіліся! Памятаючы са школы, што “ў кроплі вады адлюстроўваецца сонца”, мы не прынялі да ўвагі, што па кроплі нельга меркаваць аб памеры сонечных плям. Гэта быў сумленны ўзлёт расійскае прэсы, якая прачытвалася да выхадных дадзеных і прозвішча рэдактара. І раптам аказацца ў краіне, дзе “Маскоўскія навіны” і “Спадарожнік” былі забаронены за абразлівы, з пункту гледжання мясцовых улад, выпад супраць Брэжнева, гэтага блазна, пра якога мы яшчэ ў школе склалі вершык: “Бровы мае ён густыя, словы шамкае пустыя…”! У краіне, дзе амерыканскае “Радыё Марці” (“радыё гусанас”, як зняважліва называлі яго тутэйшыя функцыянеры) слухаюць у навушніках, каб суседзі не данеслі ў СDR [14]! Аднак найбольш ужывальным словам і тут аказалася… так-так, тое самае, зашмальцаванае, як мясцовыя грашовыя паперкі з надпісам “Куба, свабодная ад Амерыкі,” — але што можна было купіць за гэтыя тугрыкі?! Тады, у васьмідзесятых, мы мелі звычку, досыць беспадстаўную, як высветлілася, кідаць не задумваючыся: “У нашых крамах нічога няма”, — нам і прымроіцца не магло, што ёсць краіна, дзе тую метафару трэба разумець літаральна. Ну, хіба можна назваць крамай месца, дзе пасярод мармуровага (а то ж! тыя, хто будаваў на пачатку стагоддзя, разлічвалі на іншае) прылаўка, быццам тая біблейская авечка, што адбілася ад статка, самотна пасвілася талерка з брутальнае гліны ды на драцяных “плечыках” боўталася нейкая рабочая адзежына? Урэшце, прадуктовыя крамы ўражвалі яшчэ мацней: на паліцах стаялі — па картках дзецям! — адно бляшанкі савецкай згушчонкі. Прадаўчыцы спакойна спалі, уладкаваўшыся ў куточку: скрасці ўсё роўна не было чаго. За любой драбязой — ад шнуркоў да пялюшак — адразу ж выстройваліся кіламетровыя чэргі, ачэпленыя паліцыяй. Былі, праўда, крамы venta libre — так званага свабоднага гандлю, дзе лязо для галення каштавала 25 песа, наручны гадзіннік — 60, вентылятар — 600, а лядоўня больш за паўтары тысячы, пры сярэднім заробку кубінца ў дзвесце песа. Існавалі яшчэ спецыяльныя крамы, дзе рэчы прадаваліся ў абмен на золата. Толькі тады я ацаніла запаслівасць Рэйнальда, якая дома так раздражняла мяне: за некалькі месяцаў да ад’езду ён пачаў цягаць мяне па мінскіх крамах, прымушаючы скупаць усё запар. Мы набылі: лядоўню “Саратаў”, электраплітку, пасцельную бялізну, прас, чайны сервіз, каструлі, патэльні, падушкі, а таксама у неверагоднай колькасці розную драбязу: гаспадарчыя сумкі, адрэзы таннага паркалю, наборы для шыцця, шпількі, заколкі для валасоў, пластмасавую біжутэрыю і г.д. Прадаўшчыцы гаспадарчых аддзелаў гастраномаў збывалі нам заляжалы тавар; згараючы ад сораму, я прасіла фанабэрлівых прыгажунь ГУМа адмераць мне па дваццаць метраў нейлонавых стужак — “чырвонай, калі ласка, сорак” — і па дзесяць — танных карункаў. У ЦУМе я набыла велічэзнага, з залаціста-крэмавай поўсцю, мядзведзя (менавіта такога росту, па маіх меркаваннях, мусіла быць Карына). “Зачем ты тратила столько денег на этот oso [15]? Нам еще надо купить детский обувь, много обувь разных размеров”. — “Паслухай, куды мы збіраемся? Мо на якую ненаселеную выспу?”“Увидишь.” Вось і пабачыла, гаротніца...

вернуться

13

29 de Julio Año 30 de la Revolución (ісп.) — 29 ліпеня года 30-га ад Рэвалюцыі.

вернуться

14

CDR (Comité de la Defensa de la Revolución) (ісп.) — Камітэт Абароны Рэвалюцыі, кубінская грамадская арганізацыя.

вернуться

15

Oso (ісп.) — мядзведзь.