Наш “Тарас Шаўчэнка” прышвартаваўся ў гаванскім порце якраз 26 ліпеня, у найвялікшае нацыянальнае свята. У гэты дзень у 1953 годзе адбыўся штурм легендарных казармаў Манкада пад кіраўніцтвам Фідэля Кастра — уверцюра рэвалюцыі 1959-га. “Viva Fidel!” [16] — гэта былі першыя словы, якія я прачытала, сышоўшы з трапа парахода на цвёрдую зямлю. Лозунг вісеў на сцяне будынка, які, пэўна, ужо не адно дзесяцігоддзе знаходзіўся ў аварыйным стане. Пакуль мы ехалі з порта ў таксоўцы — неверагодная калымага вытворчасці пяцідзесятых (далібог, як у старых замежных фільмах, вось толькі без шкла і дзверцаў!) пагражала разваліцца — я паўсюдна бачыла натоўпы маршыруючых, дарослых і дзяцей: апранутыя ў форму колеру хакі, пад шалёны барабанны дробат яны шчоўкалі затворамі стрэльбаў, нешта гучна крычалі. Выпадкова зірнула на іхнія ногі — у чым дзеці абуты… “Вот, смотри сюда, — мой муж, відавочна шчаслівы і горды, тыцнуў пальцам у вялізны партрэт, які несла негрыцянка, апранутая — Госпадзі! — у адну толькі празрыстую камбінацыю — такія мы дома носім пад сукенкамі. — Это Хосе Марти, интеллектуальный автор штурма казарм Монкада!” Высокі лоб з залысінамі маладога Леніна, пышныя вусы Карла Маркса, халодныя вочы. А вось і ахвярныя ягняты: як заўсёды, вельмі маладыя, як заўсёды, з прыстойных сем’яў. Вось гэты, Хасе дэ Хесус Мадера Фернандэс ( трэба ж — Хесус! І гэтая абавязковая прыстаўка “дэ”!), яму было ўсяго дзевятнаццаць — чыста паголены, з мяккай хваляй валасоў і тонкімі рысамі твару, а вочы, вочы — так глядзіць чалавек, ужо гатовы прынесці сябе ў ахвяру… Альбо вось гэты — Оскар Альберта Артэга Лора, ён пражыў трохі больш — дваццаць пяць год. Пра што яны думалі, ідучы на верную пагібель? Пра бедны народ, яны заўсёды думаюць пра народ, гэтыя гераічныя хлопчыкі, толькі чаму іхнія ахвяры абарочваюцца ў будучым мільёнамі ахвяр, іх кроў — рэкамі крыві? Урэшце, можа, тут усё па-іншаму? Пажывем-пабачым…