Гісторыя Ліды, расказаная
ў кнігарні на вуліцы Энрамада
Мне яшчэ ў Саюзе на месцы не сядзелася. У белакаменнай вучылася, а працаваць дзе толькі не давялося! “Ты — што тое пустазелле, — казала маці, — усюды прыжывешся”. Адукацыя ў мяне для Кубы самая, хе-хе, “падыходзячая”: пушніна-футравы тэхнікум, потым інстытут скончыла на таваразнаўцу. З чырвоным дыпломам, прашу ўлічыць! Першая практыка — у Стаўрапольскім краі, у нарыхтоўчай канторы. Час поўсці. Чабаны прывозяць па дванаццаць тон. “У-ть, понимаешь” — гэта мы дырэктара канторы так звалі, улюбёная ягоная прымаўка была, — краў бязбожна, пасадзілі яго ў васьмідзесятым; але тады я была яму ўдзячная, бо ганяў мяне на Нявінамыскую фабрыку пярвічнай апрацоўкі поўсці назіраць за якасцю. А я па жыцці надта цікаўная. Потым вох як тое спатрэбілася!
Размеркавалі мяне ў Калінінградскую вобласць, у самы адстаючы раён. За два гады вывела сваю нарыхтоўчую кантору ў перадавыя. З Масквы спецыяльна прыязджалі — вопыт пераймаць. “Вось дык беларуска! Ну і малайчына! Як табе ўдалося?” — “Прапагандай сярод мясцовага насельніцтва,” — адказваю. А якое там насельніцтва? Хеўра зладзеяў ды алкашоў. На самай справе рабілася ўсё гэтак. Наводзіла кантакты з літоўцамі суседніх абласцей. Сыравіну яны везлі мне з задавальненнем: здаў пятнаццаць тон бульбы — атрымай даведку на “жыгуль”! Але па закону здатчык павінен жыць у нашым раёне. Я знаходзіла ў вёсцы дзядулю: “Дзеда, на тваё імя афармляю кантракт. Вось табе дзвесце рублёў”. Дзед, Божы дзьмухавец, рукі мне ад шчасця цалаваў. Рызыкавала, канечне. Альбо вось яшчэ выпадак: гандлююць грузіны памідорамі. “Хлопчыкі, хочаце японскі магнітафон, скураное паліто?” Увесь свой тавар яны мне оптам здавалі, танней, канечне, але грошы адразу плюс дэфіцыт-с. Кантора ўверх пайшла — аб'явіліся зайздроснікі. А як жа ж! Загадчыца аддзела па якасці аблспажыўсаюза Філатава ўсе мае кантракты асабіста праездзіла. Ніхто, дзякуй Богу, не раскалоўся. А мяне, прыкінь, запрасілі працаваць у аблвыканкам старшым інспектарам па якасці! Філатавай я, дарэчы, адпомсціла: праехалася па ўсіх ейных нарыхтоўчых канторах — я ж гэтую фісгармонію знутры ведаю! — знайшла процьму парушэнняў. Дык, казалі, ёй проста ў кабінеце з сэрцам блага зрабілася. А не капай іншаму яму!
Жыла я — не бедавала! Кватэру далі. Званок зазвініць, адчыню дзверы — стаяць скрыні з памідорчыкамі адборнымі, яйкі двухжаўтковыя, языкі...быццам самі, хе-хе, прытупалі. Я тым часам па прадпрыемствах шнарыла ў якасці арбітра паміж вытворцам і гандлем. Абласная газета “Калінінградская праўда” артыкул мой надрукавала пра нарыхтоўкі скурсыравіны — “Чалавек мяняе скуру”, хі-хі. Эх, ці ж думала, што ў хуткім часе сама буду скуру, бы тая змяя, мяняць?! Усяго ў мяне было ў дастатку, а вось шчасця — не мела! Мужыкі трапляліся — цюхцяі, пусці-павалюся, маці мая такіх апоўзлікамі называе. Ні ў ложку не могуць рады даць, ні карысці ад іх у доме. Паехала неяк у сталіцу “залатую” у камандзіроўку, там у рэстаране і пазнаёмілася з Арманда. Адразу ж пасля вячэры і падняліся да яго ў нумар… Зусім іншай жанчынай у Калінінград паехала. А ён за мной услед. На працы адпачынак узяла, тыдзень з ложка не вылазілі... Што ты кажаш? Не гэта галоўнае? Ну, як яшчэ паглядзець! Усё кінула, сытае жыццё на “абалдзенны” секс ды гарохавы суп-чычара прамяняла. Дзярма тут насёрбалася — крый Божа! Пяць год працавала ў прыгараднай школе, як той рамонак палявы сярод мясцовых. Зараз трошкі лягчэй, але ўсё роўна…Свякруха кроў п’е, кішкі вымотвае. Але я ўмею атачыць сябе ў думках суцэльным белым спектрам, чаму і вас, дурненькіх, вучу. Нейкі мудрэц казаў: хіба мае значэнне, як табе жывецца, калі ты лічыш, што добра? Вось толькі, в-о-ох, не трэба той спектр на колеры раскладваць. А яно ж часам, зараза, само так атрымоўваецца. Прыкладам, іду праз той прыгарад, дзе настаўнічала. Сярэдзіна працоўнага дня, а пасярод вуліцы мае былыя вучні “расслабляюцца”, танцуюць пад гукі мясцовага шлягера “Сafé del campo” [25]. Маці мая, што ў Магілёве, за ўсё жыццё хвіліначкі днём не пасядзела без справы, у шэсцьдзесят год — выпрацаваная, знямоглая. А гэтыя здаровыя лбы адно ведаюць: скокі ды блядкі. Але калі зусім ужо хранова стане тут, я ў Іспанію звалю. Бач, што на паперцы напісана… чытай! Гэта адрас мі-лі-я-не-ра! З Канарскіх астравоў! Сам мне ручкай з залатым пёркам зрабіў ласку напісаць. Так што пустазелле — яно нідзе не прападзе!