“ЛІКВІДУЕМ ЦНАТЛІВАСЦЬ ЯК НЕПІСЬМЕННАСЦЬ!”—
лозунг гэты вісеў на сцяне ў нашым пакоі, з усіх жыхарак якога толькі я ды Валька з глухой палескае вёскі не пранікліся яшчэ ягоным ультрарэвалюцыйным зместам. “Нет, этого просто не моджит быть”, — шаптаў ён, ад хвалявання блытаючы гукі, ды і было чаму здзіўляцца: калі абысці ўсю Кубу з газавай лямпай (імітацыя дыягенавага ліхтара, няйнакш), наўрад ці адшукаеш хаця б адну virgin у васемнаццаць год, так ён мне і сказаў тады, пяшчотна папраўляючы коўдру.
Каханне ёсць мацярынства: я нашу цябе ў сэрцы, як сваё вечнае, адзінае дзіця (а потым ты нараджаешся і, магчыма, забіваеш мяне, але тое ўжо неістотна); каханне ёсць радасная гатоўнасць да ахвяры, поўнай анігіляцыі майго трымцячага ад замілавання “я”. У сваіх фантазіях (цалкам магчыма, што і эратычных, калі сыходзіць з псіхааналітычнае сімволікі) я ўяўляла сябе распасцёртай ніцма на каменнай падлозе малельні, паражонай “божественной десницей”, а ў вершах укладвала ў руку каханаму аголены меч; я ўяўляла каханне набажэнствам, — не оргіяй тантрыкаў і не чорнай месай, што было б яшчэ зразумелым, не, я правакавала каханага на ролю Адзінабога, але наўрад ці можна адшукаць мужчыну, здольнага працяглы час на гэтай вышыні ўтрымацца, — і таму ў будучым мне пагражала скаціцца да крыважэрных паганскіх культаў, якія ахвяравалі дзяўчат божышчам з сабачымі галовамі, альбо выкалаць сабе вочы, каб не бачыць фатальнай неадпаведнасці. Але я пакахала вясёлае, смуглявае Зайчаня-Маўглі, мне пашанцавала. Рэйнальда адразу ж разбіў ушчэнт той сцэнар, вынесены мною з пахмурна-мазахісцкага дзяцінства: акрамя радасці даваць, вучыў ён мяне, існуе яшчэ радасць атрымліваць асалоду. “Як гэта? Для сябе?!” — “Конечно. Не только мужчине — тебе тоже должно быть хорошо”. — “Але ж мне і так добра, бо табе добра”. — “Нет, это совсем не то, coño, [48] как ты не понимаешь?! На Кубе это знает любая четырнадцатилетняя девчонка! Я не могу быть довольный, потому что тебе еще не было хорошо”. — “Але ж мне і так добра, бо…” і г.д. Аб якім-такім “хорошо” казаў мой муж, я зразумела ўжо на Кубе, вось колькі мусіла прайсці часу, перш чым я дагнала чатырнаццацігадовае кубінскае дзяўчо ва ўменні думаць пра сябе не як пра “орган”, прызначаны выключна дзеля “ягонага” задавальнення, а як пра асобна ўзятую істоту, якая можа мець нейкія ўласныя жаданні.
Адбылося тое ў час адпачынку Рэйнальда, які мы праводзілі ў Communidad Artística — пасёлку мастакоў на беразе мора, у доміку, крытым пальмавым лісцем, — ягонага гаспадара, вядомага скульптара, тэрмінова выклікалі ў Гавану рабіць статую нейкага дзеяча рэвалюцыі, — увесь дзень мы то ляжалі на пляжы, то гулялі па парку гігантаў — так Рэй называў невялічкую пляцоўку паміж гор, наскрозь прадзьмутую ветрам, дзе высечаныя са скал велічэзныя дыназаўры і птэразаўры замерлі ў паставах, якія сведчылі аб тым, што містычны транс смерці выхапіў іх з самага віру жыцця: пачвара з перапончатымі крыламі ўпівалася ў загрывак звераяшчару, за іхнім паядынкам прагна назірала трэцяя істота, з выпнутымі з пашчы ікламі, — паядынак той працягваўся вечна, хаця пясок — пясок, у які ператвараецца з цягам часу ўсякая кроў, ужо сачыўся з іх пор; гэта было царства ветру і пяску, вецер па начах варушыў старонкі каменных кніг, быццам наўмысна забытых кімсьці ў нішы скалы. “Там штосьці напісана! Што? Што?” — “У нашего друга скульптора спроси”, — Рэй прыцягваў мяне да сябе. — “Пачакай, сюды нават аўтобусы не заходзяць, глядзі — вось прыпынак, вось металёвая шыльдачка, а на ёй нічога няма!” — “И правда — совсем пустая… а позавчера в клетках были цифры…” О, я дык ведала, у чым справа: гэта вецер здзімаў з яе тэкст! Вячэраць мы хадзілі ў маленькі рэстаранчык на беразе — сангрыя з лёдам, нязменны рыс з мікраскапічнымі кавалачкамі свініны (у восемдзесят песа абышоўся нам тады той райскі адпачынак, у палавіну месячнага заробку Рэя! больш ніводнага разу так і не выбраліся на пляж — дарагавата; Куба — “адзін суцэльны пляж” толькі для турыстаў).
…Разам з намі за столікам — вядомы кераміст з жонкай-расіянкай, якая трымае на каленях васьмімесячнага Пашку, асуджанага тут называцца Пачкай (праз месяц я сустрэну гэтага кераміста ў нашым консульстве — ён будзе прасіць савецкае грамадзянства). З кампаніяй “савецікас” хоча выпіць Куэльяр, “кароль каралаў”, так называюць яго ў Парыжы, дзе ўжо двойчы выстаўляліся ягоныя эбанітавыя статуэткі афрыканскіх бажкоў, упрыгажэнні з чорнага карала і панцыра чарапахі ды распісаныя мясцовымі пейзажамі ракавіны, дарэчы, ён сам за імі нырае шторанку з лодкі, — вось толькі самога мастака ў Парыж не пускаюць. “А ты застаўся б у Парыжы, Куэльяр?” — “Навошта мне Парыж, chica [49]? Я малюю толькі на тых ракавінах, якія сам з мора здабыў. Яны жывыя.” — “Так, прырода ў вас найпрыгажэйшая ў свеце. Вось недалёка адсюль кактусы квітнеюць, белыя дамы, басейны…” — “Гэта “Bañario-del-Sol” — гатэль для замежных турыстаў.” — “А дзе адпачываюць кубінцы?” — “Кубінцы, chica, едуць у “Kazonal”, пяцьдзесят камэ ад Сант’яга, тыпавыя блочныя пяціпавярхоўкі без вады і электрычнасці.” — “Без вентылятара, маці Божая! Але чаму, чаму?! Садавіну вы атрымліваеце па картках, на цудоўных вашых пляжах адпачываюць іншыя. Дзе ж тая Куба для кубінцаў, пра якую крычаць газеты?” — “Баста! — Рэй пляскае ў далоні. — Vamos a bailar!” [50]