Выбрать главу

Хлусня і страх — звяркі адной пароды: запанаваўшы ўнутры нас, яны выцясняюць наша сапраўднае “я” у глухую каморку без вокнаў, дзе яно пакутуе, бы прывід Кацярыны пад уладаю ведзьмака, а самі захопліваюць лепшыя пакоі гаспадароў дома.

Галаўны боль, ад якога свярбіць скура на цемі, а скроні сціскае нібыта металічны абруч, проста нясцерпны. Калі зараз прыняць таблетку — абруч хутка распадзецца на дзве палавінкі, яны чорнымі вужакамі спаўзуць некуды ў цемру пад крэслам. Вікторыя адкрывае сумачку: ну трэба ж — такая абачлівая, сёння яна не захапіла з сабою нават валідола! На дне сумкі самотна ляжыць адно непачаты чырвона-жоўты пачак. Той самы, які — яшчэ ўчора яна так думала — дапаможа ёй пакінуць абрыдлы тэатр жыцця, выйсці праз дзверы, якія заўсёды адкрытыя… Што змянілася з учарашняга ранку? Страх. Няўжо ён знік — сам? Вікторыя адкладвае ўбок сумку. Не, не цяпер... Эксперымент, у які яна ператварыла ўласнае жыццё, і без таго, здаецца, блізкі да заканчэння. Ці вернецца страх? Ах, як хочацца верыць, што — не! Аднак, БМС (былы муж Сярожа — так яна “скараціла” яго, аматара абрэвіятур накшталт МДП, ННС [1], тых цукерачных фанцікаў, у якія так зручна загортваць цэлы свет, не падобны на твой уласны) казаў, што лячыць фабію — гэта ўсё роўна што стрыгчы крону дрэва: замест старых галін адразу ж пачынаюць расці новыя, пакуль не выцягнеш, як той нерв пасля выдалення зуба, корань страху.

Ці выцягнула я гэты корань?

Адкінуўшыся на спінку крэсла, Вікторыя аглядае кабінет (ужо не свой), заплюшчвае вочы, масіруе пальцамі павекі, як вучыў яе БМС, але павекі па-ранейшаму налітыя болем, і застылыя нявыплаканыя слёзы — не слёзы, а шматгадовыя саляныя адклады з бачнымі на іх паверхні адбіткамі вобразаў рэчаіснасці, што ў розны час штурмавалі сятчатку, — тыя аскепкі мінулага засцяць ёй зрок, перашкаджаюць бачыць тут і цяпер у яго маментальнай непаўторнасці. Дагэтуль яна бачыла свет скрозь нявыплаканыя слёзы — можа, таму ён здаваўся ёй такім страшным?

Ён думаў, што поўнасцю пазбавіў яе ад праблем тады, калі быў яшчэ студэнтам, які вагаўся паміж псіхіятрыяй і хірургіяй, і яе рэдкая форма “псіхагеннай алергіі”, як ён глыбакадумна вымавіў, калі ліфт спыніўся на апошнім паверсе, — тая выдуманая ёю хвароба, пэўна, і вызначыла ягоны выбар. Сяргей зацікавіўся ўсур’ёз, выпытваў усё новыя падрабязнасці, а яна, не жадаючы расчароўваць яго, усцешаная ўвагай, выдумляла ўсю тую лухту, адчуваючы сябе нібыта на подыуме, у захопліваючым дух экзатычным строі з паўлінавага пер’я, усмешка, фотаўспышка, дзякуй, міс! — сама пачынаючы верыць у сваю хлусню, яна натхнёна і западрабязна распісвала тыя быццам бы незвычайныя адчуванні, а ён — ён схапіўся за шанц вылечыць яе з самаўпэўненасцю студэнта-трэццякурсніка. Тады толькі пачалі з’яўляцца перакладныя публікацыі пра “работу з сімптомам”, пра вызначальны ўплыў псіхікі на фізічныя працэсы, і ён купамі цягаў ад “прасунутых” калег літаратуру, выпрабоўваў на ёй методыкі Віктара Франкла, Эрыка Берна, Луізы Хей: нібыта прынц абуджаную пацалункам прынцэсу, ён вызваляў яе з зачараванага замка, дзе час спыніўся шмат гадоў таму, а постаці караля і каралевы замерлі ў класічных паставах жаху згодна нейкаму старажытнаму, патрапанаму на згібах сцэнару з перадвызначаным трагічным канцом; ён прадзіраўся разам з ёю скрозь непралазныя пушчы парадаксальнай інтэнцыі, дзе дрэвы-вар’яты растуць каранямі ўверх і на гэтых пераблытаных, нібыта клубок яе страхаў, каранях спяваюць перасмешнікі; прымушаў яе па некалькі гадзін у дзень прысвячаць “рабоце з люстэркам”. Я люблю цябе, я люблю цябе, тупа паўтарала яна свайму адлюстраванню, — ён, стоячы побач, неяк перахапіў яе пагляд-адбітак, і пасля гэтага ўсё паміж імі пайшло ўжо не па кніжках.

Вядома, яна пакахала яго ад самага пачатку: пакахала свой адбітак не ў раўнадушным шкле, як таго патрабавала спадарыня Хей, а ў Сярожавых ўважлівых вачах, як, увогуле, толькі і ўмела любіць сябе, і тут нічога зрабіць было ўжо немагчыма. Як ёй хацелася, каб яе любілі! Таму і захоўвала сваю ганебную таямніцу, бо баялася, што ён прасякнецца агідай да яе сапраўднай, непрыдуманай хваробы — у тым, што гэта менавіта хвароба, яна аніколькі не сумнявалася і, як толькі ён сыходзіў, накідвалася, бы згаладнелы на хлеб, на пакінутыя ім кнігі, і чытала тых Юнга і Адлера, Франкла і Фрома, аж пакуль ёй не пачынала мроіцца, што яна сама — хадзячы падручнік па псіхіятрыі.

вернуться

1

МДП — маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз, ННС — неўроз навязлівых станаў.