— Ірына, — працягвае яна мне вузкую далонь; пробліск срэбнага
заручальнага пярсцёнка з пяццю сапфірамі — саўкубінка!
Каштуючы ласункі, міжволі любуюся сваёй новай знаёмай: вось дзе спараўдная careluna — месяцалікая, як называюць нас, славянак, тутэйшыя, маючы на ўвазе акругласць твару і бялюткую скуру. Бровы Ірыны выгінаюцца, нібы лук Апалона, — так напісалі б пра яе мае ўлюбёныя паэты-рамантыкі. Як, пэўна, кахае муж гэтыя высокія бровы, дзівосныя аквамарынавыя вочы, з якой асалодай п’е ён з месяцова-срэбнага кубка яе лона!
Дзінора на днях вярнулася з паездкі дамоў.
— Жах! — распавядае яна, па-мясцовым звычаі намазваючы сыр
Джэмам. — У Ташкенце бачыла разгон дэманстрацыі, у Фергане — спаленыя дамы туркаў. Дык гэта і ёсць свабода? Кажуць, нам перастануць плаціць далярамі. Не можа быць, бо партыйныя ўзносы ж прымаюць толькі ў валюце.
— У мяне на працы праблемы з-за таго, што мая жонка венгерка, —
уключаецца ў размову мужчына. — Яны, маўляў, нам здрадзілі. Венгрыя здрадзіла Кубе таму, што больш не хоча абменьваць “Ікарусы” на апельсіны. Савецкі Саюз дзесяцігоддзямі ўсім забяспечваў Кубу, ад мульцікаў, — ківок у бок тэлевізара, — да тэхналогій, кубінцы развучыліся працаваць. Але я хачу працаваць і зарабляць досыць, каб адпачываць на Варадэра, жыць у пяцізоркавым гатэлі і вячэраць у лепшых рэстаранах. Мы вырашылі з'ехаць у Венгрыю, каб зарабіць грошай і вярнуцца на Кубу з кішэнямі, поўнымі даляраў!
— Я сёння адкрыла падручнік Айбека, — працягвае Дзінора. — Ведаеце, што там напісана? Вось: “Lu-char es bu-eno, fu-sil es bu-eno, ca-da cu-ba-no tie-ne que sa-ber fu-silar.” [52] Давядзецца забіраць дзіця са школы.
— Не шкадуй, — Ірына папраўляе вельмі белымі гнуткімі рукамі сваю “карону”, — хутка ў кубінскіх дзяцей пачнецца так званая школа-кампа: іх забіраюць з дому і звозяць у вёску, дзе яны не столькі вучацца, колькі апрацоўваюць зямлю і вырошчваюць агародніну пад вельмі прыблізным наглядам выхавацеляў. Бо ў асобы перыяд, які абвясціў зараз Камандантэ, школьнікі, а ў надзвычайным выпадку і дарослае насельніцтва, мусяць пакінуць горад і заняцца агароднінаводствам, каб пракарміцца. Тым не менш у вёсцы галадэча (талерка рысу ў дзень), дзеці спяць усе разам, завашыўленыя, нярэдка там і пазбаўляюцца цнатлівасці. Пасля школы-кампа ў класе з’яўляюцца цяжарныя дзяўчынкі. Сын адной маёй знаёмай не вытрываў — збег дадому на папутнай машыне, а той грузавік сарваўся ў цясніну на горнай дарозе Сьера-Маэстра…
Памаўчалі.
— Мне здаецца, вучоба асноўную частку кубінцаў мала цікавіць, —
уступаю ў размову я. — Побач з нашым жытлом знаходзіцца галоўны паштамт Сант’яга-дэ-Куба. Дык штодня да нас заходзяць маладыя жанчыны з просьбай напісаць тэкст тэлеграмы! Уяўляеце, я, іншаземка, запаўняю ім бланк!
Ірына паціскае плячыма:
— Значная частка насельніцтва пасля рэвалюцыі так і засталася
непісьменнай. Ну, навошта мясцовым жанчынам тая навука? Яны ў большасці не працуюць, сядзяць дома ды бавяць час у чэргах. А сваю навуку, у сэнсе — як задаволіць мужчыну ў ложку, яны до-обра ведаюць…
— Можа, і ведаюць, — вох, бачу, нервуецца мой Рэйнальда, не
даспадобы яму размова, але ўсё роўна працягваю: — Кажуць, шлях да сэрца мужчыны ляжыць цераз яго страўнік. Але іхнія жанчыны не ўмеюць і не любяць гатаваць ежу, ты ж мне тое яшчэ ў Саюзе казаў, праўда, даражэнькі? Памятаеш, як ты ў маёй бабулі наварочваў кіслую капусту? І гэта не столькі іхняя галеча, колькі лянота. У продажы няма ні сокаў, ні фруктаў, а на Гран-Пьедра — Вялікім Камені — лепшыя гатункі манга спеюць і псуюцца, і ніхто іх не збірае, бо дзеля гэтага трэба далёка ісці, высока лезці. Вось ты ж захацеў мяне пачаставаць і прынёс, так, каханы?
Але каханы маўчыць, нібы вады ў рот набраўшы. Каб неяк запоўніць паўзу, пачынаю распавядаць пра музей піратаў, і, вядома ж, не ўтрымліваюся — узгадваю слынныя чаравікі Камандантэ…
— Ведаю, бачыла! — перапыняе мяне Дзінора. — Дарэчы, у нас адзін кантрактнік — ён усю Кубу аб’ездзіў — кажа, што тут ледзь не ў кожным музеі маюцца свае “чаравікі Камандантэ”.
— А норма на хлеб між тым штомесяц зніжаецца, — устаўляе кубінец, абдымаючы сваю маўклівую жонку-венгерку. — У чэргах жартуюць: хутка будуць даваць адно яйка на дваіх.
52
Luchar es bueno, fusil es bueno, cada cubano tiene que saber fusilar (ісп.) — Змагацца — гэта добра, стрэльба — гэта добра, кожны кубінец павінен умець страляць.