Выбрать главу

Мяне здзіўляла, як пры непасрэднасці кубінцаў у сексуальным жыцці — ніякіх там неўрозаў, сублімацый, спароджаных культурай, — яны не бачаць ілжывасці тых форм, у якія заціснута іх грамадскае жыццё, не разумеюць, што злучаюцца яны, як жывёлы ў заапарку, пад уважлівым наглядам вартаўніка. Ці, можа, усяму віною колер вачэй? Іхнія карыя — лепшыя святлафільтры, чым мае зялёныя; магчыма, яны створаны прыродай так, што затрымліваюць не толькі лішак сонечных промняў, але і тое, што непажадана бачыць. Урэшце, такім чынам створаны вочы ўва ўсіх людзей.

Цяпер я ведаю, як трэба пісаць дадому: прывязваючы да кожнага сказа маленькі, але важкі сатырычны грузік. Прыкладна так. Давайце, дзеці, паслухаем казку і пасмяёмся з Алесі Прамудрай (а то ж! Пэўна, лічыла сябе такой, ідыётка), якая прэе ў гіпсе пры трыццаці сямі па Цэльсію ў месяцы кастрычніку. Ляжыць, красуня, не ў стане нават узяць з лядоўні шклянку вады. А дзе ж яе каралевіч? Ды ў войску, змагаецца з Кашчэем Бессмяротным, у сэнсе — імперыялізмам амерыканскім. Адно шчасце: наведваюць небараку сяброўкі — Ліда, Ірына ды Вольга, то лустачку хлеба, то пачак цыгарак прыцягнуць. Але што да вас, сваякі мае ў Беларусі, дык праўду пра тое вы мусіце зведаць няхутка, у свой час, ніяк не раней. Не трэба, вох, дзеці, не трэба кідаць у агонь жабчыну скуру раней прызначанага тэрміну, бо заканчваецца тое вельмі блага. Хаця куды ўжо, куды горш…

…А як там мой родны горад, агорнуты пурпуровым плашчом восені? Тут дрэвы не скідваюць лісце: у іх, як і ў жыхароў тутэйшых месцаў, перманентнае свята жыцця і лета. І больш за ўсё мне не хапае менавіта восеньскіх дрэў, дрэў-паломнікаў, што выправіліся пакланіцца святыням, — улегцы, без лісця, ім зручней і маліцца, і плакаць; не хапае азяблага, у гусінай скуры драбнюткіх зорак, неба над Беразіной, сюррэалістычнай акварэлі бледна-ліловых прыцемкаў і цішыні, што спее ў ствалах да вясны, як павольная кроў. Памяць з хітрасцю наёмнага забойцы ўсюды змайстравала для мяне пасткі, уцягнуўшы ў змову нявінныя рэчы, вось, прыкладам, гэтую сукенку, у ёй я танцавала на выпускным балі з хлопчыкам і была трошкі закаханая, і потым, потым мы пацалаваліся з ім ля пад’езда; калі я апрану яе тут, у гэтай рэчы памрэ яе душа, якую я ў яе ўдыхнула тым пацалункам, як некалі Гасподзь удыхнуў душу ў мяне самую… А ўласна кажучы, дзе яна — мая душа? На вастрыі іголкі, іголка ў яйку, яйка ў качцы, качка ў куфры, куфар на дрэве залатым восеньскім пагойдваецца ў трыдзевятым царстве. А дзе яно, тое царства? Вось і ўзгадвай цяпер, Алеся Прамудрая…

Што гэта ты, маці, замест сатыры ў настальгію ўкінулася, ці што? Па сваёй краіне ганаровых донараў? Зрэшты, тваё знаходжанне тут ёсць вынік свабоднага выбару, ці не гэтак?

Але ж. Усе сённяшнія крыжы — гэта ўчарашнія свабодныя выбары.

Ну, а цяпер «о практическом»: уяві, сястрычка, жывём мы на тыя грошы, якія выручылі з продажу нейлонавых стужак, што па пяцьдзесят капеек за метр, ды гаспадарчых сетак, якія каштуюць у нас па восемдзесят капеек (загналі па дзесяць рэ, то бо песа, кожную, мала купіла, дурніца). Усяго прадалі больш чым на дзвесце песа — а хто з мяне смяяўся за шэсцьдзесят метраў стужкі? Урэшце, я і сама не магла ўявіць, што стужачкі стануць амаль адзінай крынцай нашага існавання тут. Ах, трэба было фігні гэтай купіць разоў у дваццаць больш! Ты пытаешся, ці ўладкаваўся Рэйнальда нарэшце на працу, так, ён ужо вярнуўся з войска і каля месяца працуе ў лабараторыі атамнай электрастанцыі правінцыі Альгін; я з Карынай застаюся ў Сант’яга: не для таго вывозіла яе з Беларусі, каб пасяліць побач з ядзерным рэактарам. Да таго ж жыць там няма дзе, мужу далі толькі ложак ў інтэрнаце ды талоны на харчаванне адзін раз у дзень у сталоўцы ягонага Чарнобыля, якога, у выпадку чаго, хопіць на ўсю Кубу, так я яму і сказала. Пасварыліся, канечне. Але самае галоўнае, што заробак ягоны — смешна сказаць! — складае сто дзевяноста песа. Варта было дзеля гэтага пяць год вучыцца ў Саюзе! Пражыць учацвярых (улічы Феліпу, якая ніколі не працавала і зараз знаходзіцца на ўтрыманні малодшага сына) на такія грошы, зразумела, немагчыма. Таму я заклапочана пошукамі працы, бо ўжо скончыла школу моў для іншаземцаў і — павіншуй мяне! — атрымала дыплом. З вязаннем маім таксама скончана: ніткі перавялі на venta normado [58] — па адным матку на рукі і — толькі для цяжарных! Так што ты, сонейка, мне дапамажы. Калі будзеш адпісваць у адказ, пакладзі паміж старонкамі ліста адзін метр стужкі, толькі прыцісні з абодвух бакоў, а канверт потым папрасуй. Зараз у модзе тут жоўтыя і блакітныя. Іншым разам можаш даслаць карункі, што па трыццаць капеек метр, іх ірвуць з рук па восем песа, бо — днём з агнём…

вернуться

58

Venta normada (ісп.) — нармаваны гандаль.