5 мая.
Андрыя моўчкі вядзе нас з Карынай па крывой вулачцы. З дахаў лаюць сабакі, у пяску бавяцца чорныя, бы жукі, дзеці з распухлымі жыватамі. А вось і маленькая каплічка. Унутры зусім няшмат людзей (не тое што на сходах ды маршах!). Андрыя пакрывае плечы чорнай карункавай мантыльяй, пэўна, таксама бабулінай. Яе вішнёвыя вочы поўныя слёз. “Ты ведаеш, калі паўночныя амерыканцы нападуць на нас, я памру сеньярытай. Я яшчэ ніколі не была з мужчынам.” Ну, я дык памру ўзаранай глебай, але ад гэтага, далібог, не лягчэй. Хаця б Рэйнальда патэлефанаваў са свайго Чарнобыля, маць яго за нагу.
6 мая.
16.45. Быццам бы пачуў мяне — прыехаў Рэй з Альгіна. Упершыню за два месяцы выбралася ў наш дом на Агілера, і каля паўдня зазбіралася назад. Гаварыць няма пра што. Глухая сцяна. Няўжо, каханы, у нас не засталося адно для аднаго іншых слоў, акрамя абраз? Дайшла ўжо да аўтобуснага прыпынку, але рух перакрыты: ідуць дэманстранты. Прыйшлося вытрываць яшчэ і гэта. Ад Парке-дэ-Сэспедес да плошчы Мартес прадэфіліраваў натоўп чалавек у паўтысячы. Марш, як я разумею, быў закліканы прадэманстраваць гатоўнасць мас абараняць заваёвы сацыялізму. Тархету! Змясціць на транспарант тархету і даць ў рукі той, з пафарбаванымі валасамі, што ідзе наперадзе і выкрыквае рыфмаваныя лозунгі:
— “Arriba, abajo…—
— …los yanki son guanajos!” — хорам заканчвае натоўп.
— “Se oye, se siente…—
— …Fidel esta presente!” [75]
Фальклор мясцовы, пэўна. Вой-е, а народ час марна не губляе: дзяўчаткі-школьніцы ў натоўпе вабна круцяць задкамі, далонькамі адбіваюць рытм конга, ззаду да іх прылабуньваюцца вяртлявыя маладзёны, кладуць рукі на плечы, а потым і ніжэй пасоўваюць, дзяўчаткі рагочуць, робяць танцавальныя быццам бы рухі ўперад-назад.
— Para que sea Fidel, para que sea! [76]
У рытме конга — малайцы! Палітыка пад сексуальным соусам альбо секс, прыпраўлены палітыкай. Нацыянальная, так бы мовіць, страва. Толькі мяне ад яе ўжо з душы верне.
— Tenemos a Fidel! Amamos a Fidel! [77]
Хлапкі стрэлаў. Барабанны пошчак. Шчоўканне затвораў. Ляскат металічных талерак.
— Fidel! Puedes contar con nosotros! Cuba represente hoy un ejemplo
del socialismo! [78]
Хто, як кажуць, сумняваўся. А што гэта там, на будынку школы? Побач з класікай — “SOСIALISMO O MUERTE!” — вісіць новая “нятленка”: “PREFERIMOS DEJARNOS DE VIVIR ANTES QUE SE FALLE FIDEL!” [79] Ну, Феліпа, як казаў рускі казачны стары, — чай теперь твоя душенька довольна?
00.10. Няхай мяне правільна зразумеюць тыя кампаньерас, якія знойдуць на стале мой дзённічак, разгорнуты на гэтай вось старонцы, калі раптам праз некалькі хвілін паветраная трывога прымусіць нас сесці ў іхні грузавік і з’ехаць д’ябал ведае куды. Абавязкова перакладзі ім, Рэйнальда. Шаноўныя, звяртаю вашую ўвагу на тое, што я асабіста нічога не маю супраць Камандантэ, як не маю нічога супраць, да прыкладу, Людовіка ХIV. Больш таго, калі карыстацца мовай газет, я мушу прызнаць, што Фідэль Кастра, безумоўна, адна з выбітнейшых фігур дваццатага стагоддзя, жывая легенда, надзвычайная харызма і г.д. За адно тое, што на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў яму ўдаецца трымаць паўгалодны народ з досыць выбухованебяспечным тэмпераментам у абсалютным паслушэнстве на адной толькі голай ідэі свабоды гэтага паўгалоднага народа ад другога, багатага і сытага, — за адно толькі гэта перад ім можна зняць капялюш. Але, шаноўныя кампаньерас, зразумейце мяне: я прыехала з краіны, досыць красамоўная гісторыя якой прымушае адносіцца з падазронасцю да кожнага, хто следам за французскім манархам паўтарае: “Дзяржава — гэта я”. Сеньёры! Я прыехала з краіны, дзе чалавека дастаткова доўга пазбаўлялі права на прыняцце рашэння аб тым, як яму пражыць ягонае ўласнае жыццё; дзе ўмела падагрэтае на вогнішчы ілюзорных жаданняў-фантазій калектыўнае ўзбуджэнне часцяком пераходзіла ў калектыўнае вар’яцтва. І калі інтарэсы дзяржавы ўзводзяцца ў ранг веры, а партыйны правадыр ператвараецца ў паўбога; калі жудасных памераў маршы набываюць сэнс хрэсных хадоў, якімі адпужваюць уяўных дэманаў; калі існуе толькі адна ісціна, а кожны, хто думае інакш, ператвараецца ў ерэтыка, — то непазбежна наступае момант, паважаныя таварышы, калі на самога паўбога — а таксама на ягоных жрацоў, што куды больш небяспечна, — перастаюць распаўсюджвацца паняцці дабра і зла.
Norteamericanos не стануць нападаць на вас, сеньёры. Ні сёння, ні заўтра, ні праз дзесяць год. Яны не настолькі дурныя, каб уступіць у бойку з арміяй фанатыкаў, гатовых здзейсніць калектыўнае самазабойства. Не, час вашага Камандантэ скончыцца сам, у сілу, так бы мовіць, натуральнага развіцця падзей. І тады… Не забывайце, шаноўныя кампаньерас, што маятнік, які даў занадта вялікую адмашку ў адзін бок, абавязкова качнецца ў супрацьлеглы роўна на столькі ж. Ні на міліметр менш.
75
Arriba, abajo… …Los yanki son guanajos! Se oye, se siente… …Fidel esta presente! (ісп.) — Уверх, уніз… …Янкі — дурні! Чутна, бачна… Фідэль прысутнічае!
78
Fidel! Puedes contar con nosotros! Cuba represente hoy un ejemplo del socialismo! (ісп.) — Фідэль! Ты можаш пагутарыць з намі! Куба ўяўляе сёння ўзор сацыялізму!
79
PREFERIMOS DEJARNOS DE VIVIR ANTES QUE SE FALLE FIDEL! (ісп.) — АДДАЕМ ПЕРАВАГУ ПАЙСЦІ З ЖЫЦЦЯ ПЕРШ, ЧЫМ ПАДЗЕ ФІДЭЛЬ!