7 мая.
“Las tropas se están retirando” [80]. Вучэнні ў Гуантанама скончаны без аніякіх эксцэсаў. Надыйшоў час і мне выводзіць свае войскі з гэтай нястомленай сонцам краіны. Адказ, які я чакала, — адказ на пытанне “як жыць далей?” — нарэшце, прыйшоў — не ў сне альбо медытацыі, а ў выглядзе вось гэтай газетнай фразы. Мяне быццам апякло: вось яно! Las tropas se están retirando. Не спатрэбілася інтэрпрэтацый ні па Юнгу, ні па Фрэйду. Нейкі старажытны філосаф сцвярджаў, што абставіны, у якіх мы ў дадзены момант знаходзімся, ёсць тое, чаго мы вартыя і чаго самі сабе жадаем. Ці то нешта змянілася ў маіх неўсвядомленых жаданнях, ці то статус мой у Госпада Бога павысіўся, але я раптам адчула, што ні года, ні месяца не ў стане больш заставацца тут.
Está bueno ya. [81]
Апошнім маім ранкам у Санцьяга я прачнуся а пятай гадзіне. Вось тады я і ўбачу лозунг. Ён будзе прымацаваны паверх старога плаката на будынку школы:
“ABAJO FIDEL!” [82]
Не, гэтага проста не можа быць. Я заплюшчу вочы, ушчыкну сябе за мочку вуха. Лозунг застанецца вісець на ранейшым месцы. Першы парыў: пабудзіць мужа, свякроўку — вось, глядзіце! не ўся Куба думае так, як вы! — хутка згасне: а што, калі ён яшчэ не паспеў схавацца? Рэйнальда і Феліпа кінуцца ў СDR, паліцыянты пачнуць прачэсваць квартал за кварталам… Не! Я буду маўчаць. Бяжы адсюль, дружа, хутчэй бяжы, а ў мяне сёння багата іншых спраў: у дзевяць трыццаць адыходзіць мой цягнік да Гаваны, а там — аэрапорт Хасе Марці, а там… урэшце, далей лепш не заглядваць; мы з табой, дружа, магчыма, адзіныя ў рэвалюцыйным Сант’яга не ведаем, чым скончыцца каменданцкі час ў нашым жыцці. Да болю ў скронях, да сардэчнай млосці мы няўпэўненыя ў сваім будучым. Бяжы адсюль, хутчэй бяжы…
Вэрхал усчыніцца каля шасці. Будзе мітусня, крыкі. Да нас пачнуць заскокваць паліцыянты, я буду красамоўна паціскаць плячамі, у рэшце рэшт, усё быццам бы супакоіцца. А восьмай гадзіне я пачую грукат у дзверы — чужы, нядобры грукат: сваякі Феліпы звычайна не грукочуць, а гучна крычаць. Няўжо CDR-аўцаў д’ябал прынёс? Хуценька схаваю падрыхтаваныя валізкі за шырму (“Ты спекулююеш,— заўважыла тыдзень таму Феліпа: каб купіць білеты на самалёт сабе і Карыне, мне давялося, са згоды Рэйнальда, прадаць сёе-тое з рэчаў, якія мы прывезлі з сабой, — я абавязана заявіць пра гэта ў CDR”.). Але госць, прыгажун з аперэтачнымі вусікамі нітачкай, акажацца прадстаўніком зусім іншай установы. Ён разгорне перада мной “ксіву”: Seguridad Estatal. [83] Маці Божая, толькі гэтага мне яшчэ не хапала! “Я б хацеў пагутарыць з сеньёрай сам-насам.” Цягнік — праз паўтары гадзіны. Да вакзала — каля паўгадзіны. Візу афармляла гасцявую, на тры месяцы, ніхто, нават муж, не ведае, што маю намер застацца дома. Пэўна, мясцовыя могуць мяне затрымаць. Але службовец наўрад ці мае інфармацыю пра мой хуткі ад’езд, зранку не было часу пацікавіцца. Толькі не паказваць выгляду, што спяшаюся. Ну што ж, сеньёр, давайце пагутарым. Папярэджваю: я дрэнна ведаць мова, ну вось проста зусім дрэнна. Што вы казаць? Быў час падвучыцца? У школе моў? Ах, вы і пра гэта ведаць. Але, бачыце, я быць дрэнны слухачка. Шмат прапускаць. Зламаць нагу, два месяцы ў гіпсе. Да таго ж, мець вельмі дрэнная здольнасць да моў. Зусім дрэнная. Я нават родны мова часам забываць, кампаньера, так-так, у краіне, дзе я нарадзілася, гэта, так бы мовіць, нацыянальная рыса. Як вы сказалі? (Толькі не глядзець на гадзіннік!) Сёння ўночы нічога не бачыць, не чуць. Сін дуда устэд тіене разон: [84] контрэвалюцыйныя элементы не спяць. Але я, у адрозненне ад іх, эстой дурміенда. [85] Мае — што? Кан-так-тас? А, гэта ў сэнсе — з кім я тут маю зносіны? З кубінцамі: муж, свякроўка. Мой муж? О, ён аддадзены рэвалюцыі больш, чым жонцы! Гэта дакладна. Што? Кантакты сярод — каго? Вой, мусьё, я не разумею, сэр, пра што гэта вы. Руса? Савеціка? З кім я мець зносіны сярод савецкіх? Асабіста ні з кім. Надзіе. [86] (Божачкі, колькі ж гэта часу?) Шчыльны амістад [87] ні з кім не маю. Я наогул не быць аматарка кантактас. Абсалютны інтраверт. Што значыць — інтраверт? Ах, далібог, вам гэта мала цікава. Не, гэта не сексуальная меншасць, супакойцеся. Што-што? Паўтарыце, калі ласка, містэр. Цяпер — па складах. Ах, не, не разумею. І мне таксама шкада. (Без дваццаці дзевяць!) Што вы кажаце? Іншым разам запросіце перакладчыка? О, сі, сі, муй бьен. Мучас грасіас. Аста луэга. Аста ла віста, кампаньера, [88] — вось толькі я мяркую, што “ла віста” ўжо не будзе, хіба толькі ў прыёмнай у д’ябла. Таксі! Таксі! Сюды! Карына, дачушка, хутчэй! Бяжы адсюль, дружа, бяжы…
84
Сін дуда устед тіене разон (ісп. — Sin duda usted tiene razon) — Бясспрэчна, вы маеце рацыю.
88
О, сі, сі, муй бьен. Мучас грасіас. Аста луэга. Аста ла віста, кампаньера. (ісп. — O,si,si, muy bien. Muchas graсias. Hasta luego. Hasta la vista, compañero.) — О, так, так, вельмі добра. Вялікі дзякуй. Да пабачэння. Да сустрэчы, таварыш.