Выбрать главу

Так, ты будзеш рухацца наперад, бо за табой, след у след, ідзе дзяўчынка, якую ты любіш. Яна спяшаецца расці, яна пазычае ў цябе ўжо не пудру, а томікі Юнга, каб зразумець свае ўласныя сны. І, можа, калі-небудзь яна народзіць дзяўчынку — чорнакучаравую, ручкі-ножкі ў “перавязачках” — і ты пакладзеш яе на вялікі махровы ручнік, які захоўваеш у шафе, а потым, потым гэтая дзяўчынка вырасце і, магчыма, здолее зламаць тую праклятую клетку, каб стаць, нарэшце, свабоднай, як ластаўка.

Магчыма.

Дзеля гэтага — adelante! [89]

Студзень — красавік 2002 года.

ТАПІЦЬ ДЗЯЎЧЫНАК ТУТ ДАЗВОЛЕНА

Труцяць, труцяць — а якая карысць? І — ледзь не наступіла на кучку запэцканых інсектыцыдам напаўжывых членістаногіх: спаўзліся да ўмывальніка, бач ты, а яна прыняла іх за разадраную на драбнюткія шматкі бакавіну пачака ад запалак; трымаючыся за сцены ў брудна-шэрых падцёках, пацягнулася ў свой пакой, сама нібыта недатручаны прусак: зранку ў страўніку бурболіць,бы ў слоіку з заплеснявелым марынадам, а боль які, Госпадзі, проста схваткі, — так, пэўна, пакутуюць жанчыны ў радзільні, ну а ёй, ёй дык адкуль ведаць, як яны пакутуюць? Уляглася на тахту — спружыны нават не ўсхліпнулі — схуднела яна апошнім часам (“Неўрастэнія, — лаканічна прыпячатаў участковы тэрапеўт, бегла зірнуўшы на яе картку, — ну, так-так, выкладчык педтэхнікума, з ёю ім, эскулапам, заўсёды ўсё “ясна”, вось і гэтаму таксама — накрэмзаў пазногцем на яе голым жываце нейкую сетку, якая праз тры хвіліны зрабілася ярка-чырвонай, і параіў: — Нярвішкі лячыце”).

Нервы ў яе сапраўды не ў парадку, тут і да бабкі хадзіць не трэба, толькі вось праца зусім не пры чым. Студэнты яе любяць: “Аэліта Андрэеўна, вы расказваеце пра падзеі 1812 года так, быццам самі бачылі вогнішчы егераў на Батарэях.” А яна і бачыла. Альбо — дырэктар тэхнікума: “Вось вы паўтараеце ўслед за сярэдневяковымі шарлатанамі, што вірусы быццам бы слугі, хм, нябачнага дэмана, але ж Парацэльс ваш, мілачка мая, быў усяго толькі невук, га? — прыгразіць, бывала, тлустым пальцам: — Гісторыя любіць дакладнасць. Прыпадзі, як сказана, і папі... Вось так.” А яна і прыпадала, і піла набгом, у дзяцінстве ёй здавалася, што з той ракі ўсе могуць піць, і крыўдзілася, калі дарослыя смяяліся з яе расказаў пра сем пакрывалаў (“Марыя Сямёнаўна, вы надзвычай удала выбралі імя дачцэ — Аэліта! З галіны фантастыкі, хі-хі!”), а потым, калі яна вызначыла ў суседкі цёткі Доры язву страўніка, якую пацвердзіў японскі зонд, ужо не смяяліся, а асцярожна раілі паступаць у медыцынскі: “ Грошы заграбаць будзеш!” Але яна насуперак усім выбрала гістарычны: не хацела яна таго страшнага дару! Вось і Чорны Лама туды ж, соўваў ёй кніжкі па раджа-ёзе: “ З тваімі дадзенымі можна лёгка навучыцца пакідаць цела!” А навошта ёй гэта — пакідаць цела? Ёй і ў сваім целе вельмі нават няблага, — зразумела, не цяпер, калі нутро навыварат мкнецца. І сноў тых, яркіх, нібыта ўсходні базар, і куды больш жывых, чым так званая рэчаіснасць, — і сноў тых яна не хацела: была нават задаволена, калі пасля таблетак, што давала ёй маці, гэтыя незвычайныя сны надоўга пераставалі сніцца. І ў “ашрам”, як прэтэнцыёзна называў свой гурток Чорны Лама (у “свецкім жыцці” — Лёха Вош, ён блазнюком вечна з піянерлагера з-за завашыўленасці вылятаў), — у гурток гэты яна для таго толькі падалася, каб адшукаць у сабе крыніцу таго пакутлівага незвычайнага зроку, і, калі ўдасца, выключыць яго, як выключаюць фары аўтамабіля.

вернуться

89

Adelante! (ісп.) — наперад!