Выбрать главу

Ад доўгай гутаркi ён так стамiўся, што павiнен быў вярнуцца на ложак. Аднак там як чалавек, што без сцягвання паяска пачынае таўсцець, ён не лёг, але нiбы ў мяккiм крэсле асеў у жончыных абдымках.

- Вось так яно! - шаптаў. - I хто б спадзяваўся?.. Два тыднi ашукваў жонку, што камiзэлька зацесная, а сёння яна i сапраўды сама зацесная!.. Вось яно як!..

I так, прытулiўшыся адно да аднаго, яны прасядзелi ўвесь вечар.

Хворы быў расчулены больш чым заўсёды.

- Бог мой! - шаптаў ён, цалуючы жончыны рукi. - А я ж думаў, што буду ўжо худзець да... канца. Два месяцы прайшло, а толькi сёння паверыў, што магу паправiцца. Каля хворых усе лгуць, а жонка найбольш. А камiзэлька - яна не зманiць!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Сёння я, гледзячы на старую камiзэльку, бачу, што над яе сцяжкамi працавалi дзве асобы. Ён - кожны дзень пасоўваў спражку, каб супакоiць жонку, а яна штодня - падкарачала паясок, каб падбадзёрыць мужа.

"Цi яны калi-небудзь сустрэнуцца зноў, каб расказаць адно аднаму ўвесь сакрэт з гэтаю камiзэлькай?.." - думаў я, гледзячы на неба.

Неба ўжо амаль не было над зямлёю. Iшоў снег, такi густы ды халодны, што нават чалавечым прахам у магiлах было холадна.

Хто ж аднак скажа, што за гэтымi хмарамi няма сонца?..