Выбрать главу

Нiхто не можа быць адвольна пазбаўлены жылля.

Артыкул 49. Кожны мае права на адукацыю.

Гарантуюцца даступнасць i бясплатнасць агульнай сярэдняй i прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi.

Сярэдняя спецыяльная i вышэйшая адукацыя даступная для ўсiх у адпаведнасцi са здольнасцямi кожнага. Кожны можа на конкурснай аснове бясплатна атрымаць адпаведную адукацыю ў дзяржаўных навучальных установах.

Артыкул 50. Кожны мае права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць, таксама як нiхто не можа быць прымушаны да вызначэння i ўказання нацыянальнай прыналежнасцi.

Знявага нацыянальнай годнасцi караецца згодна з законам.

Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбiраць мову зносiн. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасцi з законам свабоду выбару мовы выхавання i навучання.

Артыкул 51. Кожны мае права на ўдзел у культурным жыццi. Гэта права забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айчыннай i сусветнай культуры, якiя знаходзяцца ў дзяржаўных i грамадскiх фондах, развiццём сеткi культурна-асветных устаноў.

Свабода мастацкай, навуковай, тэхнiчнай творчасцi i выкладання гарантуецца.

Iнтэлектуальная ўласнасць ахоўваецца законам.

Артыкул 52. Кожны, хто знаходзiцца на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, абавязаны выконваць яе Канстытуцыю, законы i паважаць нацыянальныя традыцыi.

Артыкул 53. Кожны абавязаны паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя iнтарэсы iншых асоб.

Артыкул 54. Кожны абавязаны берагчы гiсторыка-культурную спадчыну i iншыя культурныя каштоўнасцi.

Артыкул 55. Ахова прыроднага асяроддзя - абавязак кожнага.

Артыкул 56. Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь абавязаны прымаць удзел у фiнансаваннi дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлiн i iншых плацяжоў.

Артыкул 57. Абарона Рэспублiкi Беларусь - абавязак i свяшчэнны доўг грамадзянiна Рэспублiкi Беларусь. Парадак праходжання вайсковай службы, падставы i ўмовы вызвалення ад вайсковай службы цi замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам.

Артыкул 58. Нiхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якiя не прадугледжаны Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь i яе законамi, цi да адмаўлення ад сваiх правоў.

Артыкул 59. Дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага i мiжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў i свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй.

Артыкул 60. Дзяржаўныя органы, службовыя i iншыя асобы, якiм даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыi прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення i абароны правоў i свабод асобы.

Гэтыя органы i асобы нясуць адказнасць за дзеяннi, якiя парушаюць правы i свабоды асобы.

Артыкул 61. Кожнаму гарантуецца абарона яго правоў i свабод кампетэнтным, незалежным i непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрмiны.

З мэтай абароны правоў, свабод, гонару i годнасцi грамадзяне маюць права спагнаць у судовым парадку як маёмасную шкоду, так i матэрыяльнае кампенсаванне маральнай шкоды.

Артыкул 62. Кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення i абароны правоў i свабод, у тым лiку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў i iншых сваiх прадстаўнiкоў у судзе, iншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кiравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганiзацыях, грамадскiх аб'аднаннях i ў адносiнах са службовымi асобамi i грамадзянамi. У выпадках, прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў.

Процiдзеянне аказанню прававой дапамогi ў Рэспублiцы Беларусь забараняецца.

Артыкул 63. Ажыццяўленне прадугледжаных гэтай Канстытуцыяй правоў i свабод асобы можа быць прыпынена толькi ва ўмовах надзвычайнага або ваеннага становiшча ў парадку i межах, вызначаных Канстытуцыяй i законам.

Пры ажыццяўленнi асобых мер у перыяд надзвычайнага становiшча не могуць абмяжоўвацца правы, прадугледжаныя ў артыкуле 24, частцы трэцяй артыкула 25, артыкулах 26, 31 Канстытуцыi.

РАЗДЗЕЛ III.

ВЫБАРЧАЯ СIСТЭМА. РЭФЕРЭНДУМ

ГЛАВА 1.

ВЫБАРЧАЯ СIСТЭМА

Артыкул 64. Выбары дэпутатаў i iншых асоб, якiя выбiраюцца на дзяржаўныя пасады народам, з'яўляюцца ўсеагульнымi: права выбiраць маюць грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, якiя дасягнулi 18 гадоў.

У выбарах не ўдзельнiчаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымi, асобы, якiя ўтрымлiваюцца па прыгавору суда ў месцах пазбаўлення волi. У галасаваннi не прымаюць удзелу асобы, у адносiнах да якiх у парадку, устаноўленым крымiнальна-працэсуальным заканадаўствам, выбрана мера стрымання - утрыманне пад вартай. Любое прамое або ўскоснае абмежаванне выбарчых правоў грамадзян у iншых выпадках з'яўляецца недапушчальным i караецца згодна з законам.

Артыкул 65. Узроставы цэнз дэпутатаў i iншых асоб, якiя выбiраюцца на дзяржаўныя пасады, вызначаецца адпаведнымi законамi, калi iншае не прадугледжана Канстытуцыяй.

Артыкул 66. Выбары з'яўляюцца свабоднымi: выбаршчык асабiста вырашае, цi ўдзельнiчаць яму ў выбарах i за каго галасаваць.

Падрыхтоўка i правядзенне выбараў праводзяцца адкрыта i галосна.

Артыкул 67. Выбары з'яўляюцца роўнымi: выбаршчыкi маюць роўную колькасць галасоў.

Колькасць выбаршчыкаў у кожнай выбарчай акрузе павiнна быць прыкладна роўнай.

Кандыдаты, якiя выбiраюцца на дзяржаўныя пасады народам, удзельнiчаюць у выбарах на роўных падставах.

Артыкул 68. Выбары з'яўляюцца прамымi: дэпутаты выбiраюцца грамадзянамi непасрэдна.

Артыкул 69. Галасаванне на выбарах з'яўляецца тайным: кантроль за волевыяўленнем выбаршчыкаў у ходзе галасавання забараняецца.

Артыкул 70. Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты належыць грамадскiм аб'яднанням, працоўным калектывам i грамадзянам у адпаведнасцi з законам.

Артыкул 71. Расходы на падрыхтоўку i правядзенне выбараў ажыццяўляюцца за кошт дзяржавы ў межах выдзеленых на гэтыя мэты сродкаў.

Артыкул 72. Правядзенне выбараў забяспечваюць выбарчыя камiсii.

Парадак правядзення выбараў вызначаецца законамi Рэспублiкi Беларусь.

Выбары не праводзяцца ў перыяд надзвычайнага або ваеннага становiшча.

ГЛАВА 2.

РЭФЕРЭНДУМ (НАРОДНАЕ ГАЛАСАВАННЕ)

Артыкул 73. Для вырашэння важнейшых пытанняў дзяржаўнага i грамадскага жыцця могуць праводзiцца рэспублiканскiя i мясцовыя рэферэндумы.

Артыкул 74. Рэспублiканскiя рэферэндумы назначаюцца Вярхоўным Саветам Рэспублiкi Беларусь па прапанове Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь або не менш як 450 тысяч грамадзян, якiя валодаюць выбарчым правам.

Вярхоўны Савет не пазней чым за 30 дзён пасля ўнясення на яго разгляд у адпаведнасцi з законам прапаноў Прэзiдэнта або грамадзян аб правядзеннi рэферэндуму абавязаны назначыць дату правядзення рэспублiканскага рэферэндуму.

Пытанне аб правядзеннi рэспублiканскага рэферэндуму можа быць разгледжана Вярхоўным Саветам таксама па iнiцыятыве не менш як 70 дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 75. Мясцовыя рэферэндумы назначаюцца адпаведнымi мясцовымi прадстаўнiчымi органамi па сваёй iнiцыятыве або па прапанове не менш дзесяцi працэнтаў грамадзян, якiя валодаюць выбарчым правам i пражываюць на адпаведнай тэрыторыi.

Артыкул 76. Рэферэндумы праводзяцца шляхам усеагульнага, свабоднага, роўнага i тайнага галасавання.

У рэферэндумах удзельнiчаюць грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, якiя валодаюць выбарчым правам.

Артыкул 77. Рашэннi, прынятыя рэферэндумам, могуць быць адменены або зменены толькi шляхам рэферэндуму, калi iншае не будзе вызначана рэферэндумам.

Артыкул 78. Парадак правядзення рэспублiканскiх i мясцовых рэферэндумаў, а таксама пералiк пытанняў, якiя не могуць быць вынесены на рэферэндум, вызначаюцца законам Рэспублiкi Беларусь.

РАЗДЗЕЛ IV.

ЗАКАНАДАЎЧАЯ, ВЫКАНАЎЧАЯ I СУДОВАЯ ЎЛАДА

ГЛАВА 3.

ВЯРХОЎНЫ САВЕТ РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

Артыкул 79. Вярхоўны Савет Рэспублiкi Беларусь з'яўляецца найвышэйшым прадстаўнiчым пастаянна дзеючым i адзiным заканадаўчым органам дзяржаўнай улады Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 80. Вярхоўны Савет складаецца з 260 дэпутатаў, якiя выбiраюцца грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь.