Выбрать главу

— Пакуль.

Яна пацалавала Дзяніса ў вусны і яны развіталіся.

Гэтае лета было складаным для іх абодвух. Першы раз у жыцці Дзяніс знайшоў сабе часовую працу, хаця традыцыйна ў гэты перыяд года ніколі не працаваў. Іра папулярна растлумачыла яму, што ў яго ўзросце ўжо даўно неабходна дзесьці працаваць. І, магчыма, яе заўвага засталася б толькі яе заўвагай, калі б у Дзяніса не з’явіўся стымул. Цяпер яны працавалі абодва: яна — афіцыянткай ў рэстаране знаёмых, ён — слесарам механіка-зборачных прац на Мінскім заводзе лядоўняў, больш вядомым, як “Тытан”. Безумоўна, гэта была непрыемная падзея ў яго бесклапотнай біяграфіі, але жыццё, тым не менш, працягвалася далей.

Як толькі маршрутка панесла Іру прочкі, ён засунуў у вушы слухаўкі і пад вясёлыя песні NOFX,[1] прыняўся чакаць транспарта да мятро.

Дзень быў чэрствым. Сонца ў небе нагадвала спешна ўзбіты на патэльню жаўток яйка і ўсё навокал толькі раздражняла. Аднак Дзяніс паспеў прызвычаіцца. Супакойваў той факт, што праца на заводзе праходзіла ў тры змены. На гэтым тыдні Дзяніс працаваў у другую, прынамсі, можна было добра адаспацца, але разам з тым, увесь дзень быў страчаны, дамоў ён вяртаўся апоўначы. Прыярытэтам жа першай змены з’яўляўся адносна свабодны час пасля чатырох гадзін, аднак на працягу ўсяго дня жудасна хацелася спаць, улічваючы пад’ём у пяць гадзін раніцы. І ўрэшце начная змена — мара, бадай, любога абібока: шэсць гадзін працы, пасля чаго дастаткова часу, каб адаспацца і цэлы дзень рабіць усё, што заўгодна. У прынцыпе, такі расклад яго ўладкоўваў.

На прыпынак, між тым, пачынаў сыходзіцца мясцовы пралетарыят. За тыдзень у Дзяніса паспела ўзнікнуць прыхаваная нянавісць да гэтага класа, хаця яго бацькі з’яўляліся яскравымі прадстаўнікамі працоўных мас. Не гледзячы на такі аспект, Дзяніс з усёй упэўненасцю мог сказаць, што працоўныя — гэта быдла, пачынаючы са звычайнай гігіены і скончваючы яго светапоглядам. Дзяніс трываць не мог, уваходзячы ў гардэроб, гэты кіслы пах поту, які заўжды лунаў па ўсім памяшканні і ніякім ветраннем яго немагчыма было знішчыць. За некаторымі стаханаўцамі ён заўважыў даволі нездаровую тэндэнцыю абы-як скідваць у свае шафікі брудную робу разам з смярдзючымі шкарпэткамі. Можна ўявіць, які смурод стаяў у гардэробе! Божа літасцівы, яму ванітаваць хацелася. А іх размовы. Пра што яны? Футбол — гэта істэрыя вар’яцтва. Дзяніс, будучы сярэднестатыстычным маладым чалавекам, ніколі не падзяляў асаблівай цягі да гэтага віду спорту і наогул не выяўляў сімпатый да спорту ў цэлым. Адзінае, што магло апраўдаць футбол, гэта п’яныя дэбошы фанатаў пасля перамогі пэўнай каманды і ўрачыстыя папойкі з гэтай нагоды. Удзельнічаць у апошнім мерапрыемстве Дзяніс бы і сам не адмовіўся, падзяляючы радасць з ачмурэлымі храпамі. Усё выходзіла ў даволі простую формулу: нажэрціся дзеля таго, каб нажэрціся.

Знаходзячыся ў пралетарскім асяроддзі, ён пайшоў яшчэ далей, умоўна разгалінаваўшы яго на дзве групы: да першай Дзяніс аднёс працоўных-няўдачнікаў, якім нічога іншага акрамя заводу ў гэтым жыцці і блізка не свяціла, гэтакіх запраграмаваных на кожны дзень гамункулусаў;[2] да другой — людзей, якія ўладкаваліся выключна на кароткачасовы тэрмін, каб падзарабіць грошай. Сябе Дзяніс адносіў да другой катэгорыі і кожны раз цешыўся думкай, што хутка ўсё скончыцца і ён ізноў уздыхне вольным паветрам. Яшчэ больш яго ўлагоджвала канчатковая мэта, той самы стымул — электрычная гітара. О, колькі сэнсу ён укладаў у гэты музычны інструмент. Мара ўсяго дзяцінства вельмі хутка павінна была трапіць да яго ў рукі. Больш таго, уладанне такой гітарай аўтаматычна рабіла Дзяніса паўнапраўным удзельнікам безназоўнага, пакуль, гурта, які ён разам з сябрамі-аднакурснікамі стварыў, прыблізна, год таму і які, дарэчы, зусім не прагрэсаваў. Уся справа заключалася ў адсутнасці інструмента, што ў выніку і прымусіла, гультая, па сутнасці, Дзяніса, пайсці на завод.

І вось чарговы дзень, чарговы васьмігадзінны гвалт над яго целам, загадкава прытаіўшыся ў цені, чакаў наперадзе.

Пад’ехаў 86 аўтобус. Дзяніс зайшоў у яго і cтаў у самым канцы кабіны. Людзі мітусіліся, каб знайсці зручнейшае месца, піхаліся, чапляючы адзін аднаго плячыма і локцямі, наступалі на ногі, не просячы пры гэтым элементарнага выбачэння. Адна тлустая карова наступіла сваім капытом якраз на мезенец Дзяніса і нават не паглядзела ў яго бок. Можа яна штосьці і сказала, ён не чуў — слухаць каліфарнійскі панк было значна прыемней.

Дабірацца да заводу з Ангарскай Дзянісу прыйшлося яшчэ каля сарака хвілін і таму, каб прабавіць гэты час, ён пад песні NOFX пачаў падбіраць у галаве невялікія зарыфмоўкі і менавіта па-беларуску. Гурт, у якім удзельнічаў Дзяніс, засяроджваўся пераважна на беларускамоўных тэкстах, не без яго асабістай падачы.

Едучы ў мятро, Дзяніс уяўляў сябе з хлапцамі на невялікай сцэне якога-небудзь запляванага клуба, уяўляў, як яны крута будуць адтуль глядзецца, і ўсе прысутныя без выключэння, з захапленнем будуць слэміцца пад неразборлівую музыку новаспечанага рок-бэнду.

“Мы — робім свой першы крок! Мы — граем old sсhool панк-рок!”

Гэтыя радкі ўзніклі ў яго галаве спантана, як узнікае, напэўна, усё геніяльнае.

“А што, зусім ня дрэнна”, — падумаў ён.

2

Дзяніс выйшаў з аўтобуса акурат каля Мінскага заводу лядоўняў. Шэры гмах савецкай забудовы паказаўся ў яго полі зроку яшчэ здалёк. Вялікія белыя літары, узгрувашчаныя на дах дванаццаціпавярховага інжынернага корпуса, вылучалі голаснае слова “Тытан”. Ён паглядзеў на бясхмарнае неба, якое мірна распасціралася над заводам і падумаў аб неспадзяваным выбуху. Паднімаючыся па прыступках да прахадной, Дзяніс усміхнуўся ад думкі, што было б няблага, калі б гэты завод нечакана праваліўся ў нябыт, як змрочны дом Ашэраў, ці, на крайні выпадак, на яго б скінулі бомбу. Аднак завод па-ранейшаму стаяў на сваім месцы і вітаў суровы пралетар, які падбіраўся да яго з розных бакоў, як мурашы да мурашніка. Прахадная, у сваю чаргу, шырока расчыніўшы зяпу, апантана глытала людзей, набіваючы каменнае чэрава чарговымі ахвярамі. Усё, чымсьці, нагадвала эпізод з нямога фільма Фрыца Ланга “Метраполіс”.

Мінуўшы дошку гонару, на якой фігуравалі аднолькавыя твары з пустымі вачыма і дурацкімі ўхмылкамі, прахадная ўрэшце праглынула і Дзяніса. Ён увайшоў у фае. Людзі даставалі пропускі, датыкаліся імі да турнікета і паспяхова пераходзілі на іншы бок — менавіта адтуль пачыналася ўсё самае ненавіснае і абрыдлае Дзянісу за апошні тыдзень.

Ён падышоў да кабіны, у якой сядзела вахцёрка даволі прыемнай знешнасці з дробненькім рабаціннем на шчоках і кірпатым носе, і працягнуў ёй свой часовы пропуск. Яна ўсміхнулася Дзянісу беласнежнымі зубамі і спытала, прачытаўшы яго імя:

— Дзяніс Аляксандравіч?

— О так… — адказаў ёй Дзяніс і пакуль пазітыўна настроеная вахцёрка ўводзіла яго асабісты нумар у кампутарную базу дадзеных, прагна прыняўся паглынаць яе шыкоўныя акружнасці, што так спакушальна вымалёўваліся цераз карункавую блузку.

— Ну, што, ёсць там у вас такія? — спытаў ён.

Яна націснула клавішу Enter і аддала яму пропуск.

— Праходзьце.

— Дзякуй, — Дзяніс узяў пропуск і далікатна дакрануўся да яе цёплых пальцаў.

Чырвань акрапіла шчокі вахцёркі і яна збянтэжана адвяла позірк.

“Кабель!” — сказаў Дзянісу ўнутраны голас і ў яго з’явіўся настрой.

Падняўшыся па лесвіцы на другі паверх, ён трапіў у гардэроб. У нос адразу ўрэзала затхлым пахам мужчынскага поту ўперамешку са смуродам завадскіх хімікатаў, якімі наскрозь была прасякнутая ўся рабочая вопратка. Гардэроб быў вельмі доўгім і чалавек, які б аказаўся тут упершыню, папросту змог бы заблудзіцца, як у лабірынце, сярод сініх шафікаў, якія стаялі ў два рады і цягнуліся ў самы канец гардэроба.

Шафік Дзяніса, пад нумарам 59, знаходзілася непадалёк ад уваходу. Ён хутка адшукаў яго і грузна сеў на доўгі ўслон. Часу ў яго яшчэ хапала (Дзяніс заўсёды прыязджаў за пятнаццаць-дваццаць хвілін да пачатку працы) таму па звычцы дастаў тэлефон і пачаў рэзацца ў гульні. Працуючы на канвееры, Дзяніс заўважыў за сваім арганізмам, як толькі перасякаў межы заводу, паталагічную схільнасць да млявасці, якая паступова перарастала ў санлівасць. Часам, у такія імгненні Дзяніса пачынала дакучаць меланхолія і паранаідальныя думкі аб незайздроснай долі рабацягі. Усё цячэ, але нічога не змяняецца. Аднастайная праца дрэнна на ім адбівалася. Аднак гамана рабочых разбаўляла яго песімістычныя роздумы.

вернуться

1

Nofx — панк-рок гурт з Каліфорніі.

вернуться

2

Гамункулус — па ўяўленні сярэднявечных алхімікаў, істота, якую мажліва атрымаць штучнай спробай.