Выбрать главу

Пераапранацца ён пачынаў, звычайна, за пяць хвілін да пачатку змены, каб наўмысна спазніцца і брыгадзіру прыйшлося выконваць аперацыю за яго. Дзяніс ведаў, што ў абавязкі Мішы, так звалі брыгадзіра, уваходзіла працаваць за рабочага, калі той не выйшаў, ці спазняецца. Таму прыходзіць на пяць-дзесяць хвілін пазней для Дзяніса стала нормай. Аднойчы ён нават засядзеўся: ніяк не мог прайсці адзін узровень гульні і спазніўся на цэлых пятнаццаць хвілін. Брыгадзір тады не вытрымаў і абурана заявіў:

— У наступны раз глядзі на гадзіннік!

А потым рэзка змоўк, паглядзеўшы на пануры твар Дзяніса і, намагаючыся яшчэ штосьці сказаць, незадаволена пайшоў на сваё месца, злосна раздзімаючы шырокія ноздры.

Калі надышоў час, Дзяніс апрануў на сябе робу цёмна-сіняга колеру з нашыўкай “Тытан”, абуў кеды і павольна пайшоў у трэці цэх. Гэты цэх спецыялізаваўся на зборцы лядоўняў. Першы тыдзень Дзяніса і блізка не дапускалі да нечага, што магло быць звязана са зборкай. Яго абмяжоўвалі простымі аперацыямі: спярша ён адляпляў ізастужку з вуглоў будучай лядоўні, выразаў адтуліны ў дзвярах, а на дадзены момант зразаў нажом застылую пену з лядоўнага агрэгату. Аперацыю трэба было выконваць седзячы на крэсле з колцамі, якое было замацавана за мініяцюрныя рэйкі — такім чынам Дзянісу даводзілася катацца з боку ў бок па ўчастку трох-чатырох метраў. Заданне было нескладаным, але ад яго моцна збіваліся згіны пальцаў, якія на наступны дзень моцна свярбелі. З гэтым яму прыйшлося змірыцца.

Дзяніс выйшаў з гардэроба, спусціўся ўніз па лесвіцы і перайшоў цераз вуліцу ў першы цэх, дзе кругласутачна стаяла абрыдлае гудзенне маставых кранаў. Працоўныя з іншай змены ішлі адусюль; сонныя, змораныя, злыя, безуважныя да ўсяго, што адбывалася навокал, яны праходзілі міма Дзяніса, як прывіды з гатычных апавяданняў. Дзяніс глядзеў на іх і ў глыбіні сваёй душы зайздросціў ім, таму што для яго пакуты толькі пачыналіся.

У другім цэху смярдзела пластмасай і Дзяніс, хутка мінаючы гэтае доўгае памяшканне, у самым яго канцы звярнуў на лева і апынуўся ў родным трэцім цэху. Канвеер стаяў. Новая партыя свежых працоўных паступова збіралася каля працоўных месцаў, прыводзіла іх у належны стан, раскладвала вакол сябе спадручны інвентар і без толку гаманіла. Участак Дзяніса знаходзіўся ў самым канцы цэха на “лініі Краўса”, якая атрымала назву ў гонар аднайменнай нямецкай фірмы. На “лініілядоўні залівалі нямецкім кампанентам А і В, з якога ў выніку атрымлівалася вадкая пена. Там было крыху цішэй, але, разам з тым, непрыемна смярдзела гэтым самым кампанентам і вырабленай пенай у цэлым.

Каля дыспетчарскай кабіны, у якой сядзеў начальнік змены і іншая навалач, Дзяніс сустрэў і павітаўся з майстрам Максімам Прошынам. Яму было гадоў пад трыццаць і сярод астатніх яго вылучаў занадта рахманы характар. Майстар быў высокага росту, хваравіта-хударлявай знешнасці з лысінкай і светлымі валасамі па баках галавы. Прошын карыстаўся асаблівай павагай сярод працоўных, ніколі не ўзмацняў на іх голас, крый Божа, каб ён калі-небудзь фанабэрыўся перад імі сваім прывілеяваным становішчам. Усе называлі яго проста Максім, без усялякіх там бацькавічаў. Так было лягчэй працаваць з калектывам, а зладжаны калектыў — самы галоўны сегмент, без якога праца на заводзе не была б той працай, якой яна з’яўлялася пад непасрэдным кіраўніцтвам майстра Прошына.

Урэшце Дзяніс прыйшоў на сваё гаротнае працоўнае месца, вымушана павітаўся з бліжэйшымі да яго мужыкамі і сеў на крэсла. Што тычыцца мужыкоў, якія працавалі побач з ім, то яны, у пэўнай ступені, заслугоўвалі ўвагі. Побач з Дзянісам працаваў хлопец прыкладна яго ж узросту, толькі значна худзей і саладжавей з выгляду. Ён любіў калупацца ў носе і пакідаць на лядоўнях свае казлякі, маўляў, падводзячы апошнія рыскі. Хлопец гэты выразаў у дзвярах адтуліны, тое, чым на мінулым тыдні займаўся Дзяніс. Адразу за ім, замацоўваючы пнеўмаадвёрткай заднія сценкі лядоўняў, працаваў досыць паскудны мужык у акулярах з тоўстымі лінзамі. Ён заўжды па-ідыёцку ўсміхаўся і нёс суцэльную лухту, таму Дзяніс ніколі не прыслухоўваўся да яго слоў. А наогул, сустрэўшы такога тыпа ў цёмнай падваротні, можна было напалохацца новым увасабленнем маньяка а-ля Андрэй Чыкаціла. За Чыкацілам працаваў каржакаваты мужычок, якога ўсе называлі Рыжы. Рыжы вельмі зычна крычаў, калі заўважаў брак і яго крык чуўся аж на другім канцы цэха.

— Чатырнаццатая! — нечакана пракрычаў ён.

Кожная лядоўня была пранумаравана, але брак, чамусьці, заўжды тычыўся нумароў чатырнаццаць, трынаццаць і дзевяць.

Так праходзіў дзень за днём — цяжка, але хутка. За працай гадзіны праляталі, як імгненні.

Неяк Дзяніс пачаў усведамляць, што паступова развучваецца размаўляць: калі спрабуеш за ўсім паспець, часу на размовы не хапае, ды і аб чым яму было гаварыць з працоўнымі? Дзяніс стаў негаваркім. Утыкаў у вушы слухаўкі, уключаў NOFX і пляваць на ўсё і ўсіх. Праўда, здаралася з ім спрабавалі загаварыць, але часцей усяго гаворка канчалася абменам фраз тыпу “так” і “не”, пасля чаго большасць працоўных зусім перастала да яго звяртацца, а калі і звярталася, то толькі па неабходнасці, некаторыя нават перасталі з ім вітацца. Гэта не згуляла для Дзяніса істотнага надвор’я. Аднак сярод гэтага непаразумення існавала невялікае выключэнне: той прыдуркаваты мужык у акулярах, што быў падобны на маньяка. Ён даймаў Дзяніса любой дробяззю: то, бач, Дзяніс не да канца абрэзаў пену, то падрапаў нажом металічную абіўку лядоўні, ці яшчэ Бог ведае што. Дзяніс разумеў, што ён спецыяльна да яго прыдзіраецца, каб падкрэсліць сваю вопытнасць у механіка-зборачнай галіне і яшчэ для таго, каб паказаць, што Дзяніс салага. “Пайшоў ты ў дупу, пляшывы хмыр”, — у думках казаў яму Дзяніс. — “Грэбаны чыпушыла!” Чыпушыла?! На твары ў Дзяніса з’явілася ўсмешка і ён падумаў, што мянушка “Чыпушыла” выдатна падыходзіла пад вобраз гэтага напышлівага пеўня.

Неўзабаве Дзяніс вырашыў чым заняць свае думкі. Калі ён не ведае, як завуць большасць гэтых працоўных, ён проста будзе прыдумляць для іх немудрагелістыя “паганялы”, абапіраючыся на асацыяцыі аб гэтых людзях.

У той працоўны дзень ён прыдумаў яшчэ два. Першае дасталася ўжо ўзгаданаму хлопцу, які выразаў у дзвярах адтуліны і пакідаў на лядоўнях свае экафакты. Хлопец той быў з чорным кучаравым чубам, за якім поўнасцю хавалася яго правае вока і Дзяніс, спярша, падумаў, што ён эма-бой у брудных кедах, але, перакінуўшыся з ім некалькімі словамі, зразумеў, што хлапчук гэты звычайны гопнік, які нічога цікавага з сябе не ўяўляе і тым больш па заканчэнні сваёй практыкі працуе на канвееры апошнія дні. Крыху паразважаўшы, Дзяніс назваў яго Баранчыкам — першае, што можа прыйсці ў галаву, калі бачыш перад cабой кучаравага смаркача. Другую мянушку атрымаў Рыжы. Не гледзячы на тое, што ён ужо меў адну і ў працоўным асяроддзі яна даволі чэпка за ім замацавалася, Дзяніс прагнуў істотных змен і Рыжы адразу быў пераназваны ў Рупара. Ня праўда, што так лепш?

Цяпер Дзяніс мог спакойна і без лішніх слоў размаўляць з імі на сваёй унутранай мове, не баючыся аддаваць перавагу грубым формам зваротаў. Напрыклад: “Гэй, Чыпушыла, ты — мудак”, ці “Баранчык, пацалуй мяне ў дупу”, а вось гэта ён лічыў шэдэўрам — “Рупар, калі ты яшчэ раз адчыніш сваю паганую пашчу, я прымушу цябе адціскацца”. Пасля адпаведных размоў Дзяніс супакойваўся і праца ішла сама па сабе. Такую рэлаксацыю ён умоўна назваў разумовай тэрапіяй.

Але вось з гэтай абрыдлівай пенай такія нумары не праходзілі. Пена па-ранейшаму заставалася пенай, яе можна было называць па-рознаму, пачынаючы ад “сопляў лядоўні” і заканчваючы яе “семявывяржэннем”. Лягчэй ад гэтага не рабілася.

Дзяніс зразаў яе нажом з кутоў лядоўнага агрэгату, з-пад розных адтулін, пластмасавых трубак, у чарговы раз збіваючы згіны пальцаў, а лядоўні ўсё ішлі і ішлі, як зачараваныя.