— І я таксама, — уздыхнула дзяўчына.
Я ўсміхнуўся і паглядзеў на яе. Мне адразу спадабаліся яе вялікія блакітныя вочы і пасмяглыя вусны, якія яна час ад часу аблізвала. Дзяўчына заўважыла маю ўсмешку, і я адвёў свой позірк.
— На працу едзеце? — яна наўмысна хацела распачаць размову і мяне гэта насцярожыла.
— Так, — сказаў я. — А вы?
— Не ведаю, я наогул не ведаю, што мне рабіць і куды ехаць, у мяне зараз столькі праблем…
Дзяўчына была нападпітку і па ёй было прыкметна, што яна не спала цэлую ноч.
— У вас што-небудзь здарылася? — спытаў я, хаця, па вялікім рахунку, мяне гэта зусім не цікавіла.
— Здарылася? Вядома здарылася, гэта аднойчы павінна было здарыцца, — дрыготкім голасам, які пераходзіў у істэрыку, прамовіла яна.
Мне было нязручна вось так адразу распытваць, што канкрэтна з ёй здарылася, аднак яна расказала сама.
— Мой муж змяніў мне з маёй сяброўкай і ўчора, нібы-то каючыся, расказаў аб гэтым. Я збегла з дому, напілася ў танным бары, села на апошні аўтобус і апынулася тут. А, дарэчы, колькі зараз часу?
— Палова шостай.
Дзяўчына цяжка ўздыхнула.
— Нават і не ведаю, што вам рабіць у такой сітуацыі, — сказаў я, каб толькі не маўчаць.
— Затое я ведаю, — сказала дзяўчына.
Я замаўчаў, разумеючы, што яна сама раскажа.
— Што вы робіце ў суботу? — нечакана спытала яна.
Мяне перасмыкнула і я прабубніў:
— Іду на канцэрт.
— Можна скласці вам кампанію?
Не ведаю… не ведаю, што мне трэба было ёй тады адказаць. Я не хацеў адчуваць сябе гнюсам, улазячы ў любоўны трыкутнік, але я ўсё ж такі мужчына, як і астатнія, і ўсіх нас свярбіць адзін і той жа жывёльны інстынкт, тым больш, калі ўсё так проста падаецца.
— Відаць, можна, — адказаў я.
Калі пад’ехаў аўтобус, я запісаў у свой мабільнік яе нумар і спытаў імя.
— Аліса, — усміхнуўшыся, адказала дзяўчына.
Я сеў у аўтобус, а Аліса засталася сядзець на прыпынку.
У наступную суботу мы сустрэліся з ёй каля ўваходу ў мятро і пайшлі ў клуб “Step” на канцэрт гурта Ambassador 21.[23]
Аліса была вельмі прывабнай у сваім доўгім паліто, у ботах на тонкай шпільцы і з заплеценымі назад валасамі. Яна мне спадабалася яшчэ больш.
Мы зайшлі ў клуб. Я пазнаёміў яе са сваімі знаёмымі і вельмі хутка мы паглыбіліся ў псіхадэлічнае асяроддзе індастрыяла. Музыка і ўсё навокал было проста шыкоўным. Але, як не дзіўна, Алісе там зусім не спадабалася, яна вывела мяне ў курыльню і сказала, што хоча адтуль сысці. Я яе не разумеў, але выйшаў на вуліцу.
— Мне тут страшна і зусім няўтульна, — сказала яна. — Гэта музыка, гэтыя людзі, яны, здаецца, з’ехалі з глузду.
Я засмяяўся.
— Пайшлі да цябе…
— А як жа муж? — кінуў я зусім непатрэбнае пытанне.
— Аб’еўся груш… — сказала Аліса і ўзяла мяне пад руку.
Мы селі ў аўтобус, даехалі да мяне і зайшлі ў кватэру. Я запаліў святло і мы скінулі верхняе адзенне.
— Гарбату ці кавы? — прапанаваў я.
— А ў цябе цукеркі ёсць?
— Знойдзем.
— Тады гарбату.
І Аліса, не пытаючы ў мяне дазволу, адразу пайшла ў залу. Тым часам на кухні я пачаў рыхтаваць для нас гарбату. На халадзільніку, яшчэ з папярэдняй суботы, ляжала каробка не даедзеных цукерак, Санёк і Дэн, звычайна, гэтакім чынам кармілі сваіх начных сябровак. Я зрабіў гарбату, усыпаў сабе, як заўжды, тры лыжкі цукру і праз сценку спытаў:
— Колькі табе лыжак?!
— Паўтары, — пачулася з залы.
— Гарбата гатова, калі ласка, да стала!
Аліса зайшла на кухню з кнігай у руцэ.
— Прабач, мая слабасць лазіць у гасцях па кніжных паліцах.
— О, мне таксама гэта падабаецца, нічога, адчувай сябе, як дома.
— Але дазволь, у цябе ёсць маркіз дэ Сад, — яна затрэсла кнігай у барвовай вокладцы. — Такая брыдота, табе, што, падабаецца?
— Не вельмі, але для калекцыі спатрэбіцца.
Аліса паклала кнігу на стол і села насупраць мяне. Я ўважліва паглядзеў на абрысы яе твару. Яна, у сваю чаргу, паглядзела на мяне.
— А ты прывабны, — сказала яна.
— А ты падобна на Ніколь Кідман…
Аліса зрабіла колькі нервовых глыткоў з кубачка і са злосцю паставіла яго на стол, расплюхаўшы гарбату па абрусе.
— Я, штосьці, не тое сказаў?
— Не, проста мой муж таксама казаў мне аб гэтым.
Мы абодва збянтэжыліся.
— Гэта, канечне, не мая справа, — першым прамовіў я, — але, тым не менш, як там у вас усё скончылася?
— Ніяк, я падаю на развод.
Аліса дапіла гарбату, і з’ела цукерку.
— Пайшлі ў залу, пакажаш мне сваю музыку, я бачыла ў цябе музычны цэнтр.
Я падняўся, узяў яе за руку і мы зайшлі ў залу. Калі я пачаў капацца ў стосе сваіх дыскаў, Аліса падышла да канапы, каб разаслаць яе. Я трохі здзівіўся, але выгляду не падаў. Разаслаўшы канапу, Аліса села на яе і пачала ўзбіваць маю падушку.
— Пастаў што-небудзь класічнае? — разумеючы, што я ніяк не магу выбраць музыку, сказала яна.
Я паставіў Фрэнка Сінатра.
— Добра, — сказала Аліса, пачуўшы яго казачны голас, — зрабі трошкі цішэй і давай патанчым.
І вось мы, прытуліўшыся адзін да аднаго, танчылі пасярэдзіне маёй залы. Аліса паклала на маё плячо галаву і, прыемна праводзячы па маёй спіне рукамі, маўчала, салодка дыхаючы мне ў шыю. Я здагадваўся, чым мы вельмі хутка будзем займацца, але Аліса, яна нават і не падазравала, што ў маім дваццацічатырохгадовым узросце я яшчэ ніколі і ні з кім не ўступаў у палавыя зносіны, і казаць ёй аб гэтым зусім не збіраўся.
…Праз некаторы час мы ўжо танчылі голымі. Здавалася, я толькі міргнуў і мы ўжо распрануліся. Цяпер я дакладна не памятаю, якім чынам так атрымалася, але ўся тая прэлюдыя была не самым галоўным.
Далей у маім разуменні ўсё адбывалася даволі невыразна. Памятаю, Аліса лягла на канапу і рассунула ножкі.
— Пайшло ўсё к чорту, — смела заявіла яна.
І я ўвайшоў у яе зверху.
Усплескі рознакаляровых фарбаў, галасы ў маёй галаве, пацалункі па ўсяму целу, разамлелы твар Алісы — усё злівалася ў адно дзеянне. Гэта быў мой першы раз, але як у сне, я амаль нічога не адчуваў. Яна зусім нягучна стагнала і мы круціліся па канапе, пераплятаючыся, як ліяны. А калі маё цела пачало пранізваць адчуванне чагосьці прыемна-незямнога, мае рукі сціснулі яе шыю.
Што ты робіш? — прахрыпела яна.
І тут я прачнуўся.
Пот выступіў на маім ілбу буйнымі кроплямі і я сцёр яго гарачай рукой.
“Прыснілася”, — падумаў я і пацягнуўся.
Але раскінуўшы рукі, я датыкнуўся да халоднага цела Алісы. Яна ляжала, задраўшы галаву к верху і, адкінуўшы левую руку на падушку. Вочы яе былі заплюшчаны. Я асцярожна вылез з-пад коўдры, апрануў свае трусы і пайшоў на кухню, выпіць вады, адчуваючы ў роце прагную смагу. Дзіўна, я амаль нічога не памятаў з таго, што адбывалася ноччу, хаця зусім не піў спіртнога. Але ўсё ж калі Аліса ляжала ў маёй канапе, значыць сэкс паміж намі адбыўся. Потым я зваротна лёг у канапу. Так прыемна было проста ляжаць каля дзяўчыны, бачыць яе прыпухлы твар, калі памада сцерлася, а закручаныя валасы ператварыліся ў падабенства прычоскі медузы Гаргоны. І яна мне падабалася яшчэ болей. Я правёў пальцамі рукі па яе халоднай шчацэ і пацалаваў у лоб.
2
І Аліса знікла з майго жыцця, і больш я ўжо ніколі яе не бачыў. Тым нядзельным вечарам, пасля ночы з ёй, я сядзеў у залі ля акна, назіраючы за людзьмі і разважаў: чаму Аліса сышла ад мяне, нічога не сказаўшы? Божа літасцівы, кім я стаў, што я ёй такога зрабіў? Гэта было невыносна. Але я вытрымаў. Штосьці пстрыкнула ў маім розуме і я супакоіўся.
Ноччу мне зноў прысніўся сон, у якім я душыў тоўстую прадаўшчыцу на рынку, але ў асноўным толькі той момант, калі я сціскаў яе горла. Я прачнуўся ў халодным поце і не змог заснуць да самай раніцы. Я варочаўся, кідаўся па канапе, а маю галаву ўсё перапаўнялі жахлівыя думкі. У пяць гадзін празвінеў будзільнік, і я з палёгкай падняўся. Абліўшы твар сцюдзёнай вадой, я ўважліва паглядзеў на сябе праз люстэрка і заўважыў мяхі пад вачыма. Я выпіў моцнай гарбаты, зрабіў сабе зсабойку, апрануўся і выйшаў на вуліцу.
На двары нікога не было. Засунуўшы рукі ў кішэні джынсаў, я пайшоў на прыпынак. Я ішоў і думаў аб тым сне. Дзіўна, ён з’явіўся падсвядома, ці прысніўся зноўку? Я думаў і пра Алісу.