Выбрать главу

“Як добра, яшчэ б хто-небудзь зрабіў масаж і тады б можна было адсыпацца цэлую вечнасць”, — упершыню за гэты тыдзень на яе твары з’явілася ўсмешка.

Яна заплюшчыла вочы і, не скідаючы з сябе кеды, адразу заснула пад сухое храбусценне шашка, што тачыў адну з чатырох сцен.

* * *

Рыту згвалтавалі. Тыя вылюдкі-сябры Славіка. Ён незаўважна падсыпаў ёй у шампанскае моцнадзейнага снатворнага і калі яна заснула, адчыніў гэтым падонкам дзверы, (аказалася, што яны ўвесь час чакалі каля пад’езда), якія ўсю ноч пацяшаліся над ёй, а Славік усё здымаў на камеру. Калі Рыта прачнулася, яна адчула ныючы боль паміж ног і заўважыла на сцёгнах гематомы. Яна спытала ў Славіка аб гэтым, таму што нічога не памятала. Ён спярша маўчаў, пачаставаў яе сняданкам, а потым з маніякальнай абыякавасцю паказаў на кампутары ўсю распусту, якую над ёй ўчынілі. Рыта не магла паверыць сваім вачам, сэрца сціснула такім болем, што ў яе імгненна падкасіліся ногі і яна асела на падлогу, выліўшыся ў сутаргавым рыданні. Яе любы, яе мілы хлопчык аказаўся такім бязлітасным вылюдкам. Але яна не накінулася на яго з кулакамі, яна нават не аблаяла яго, — у яе быў звычайны шок. Славік жа зусім іншым голасам, якога Рыта раней ніколі не чула, папярэдзіў, каб яна трымала язык за зубамі, таму што ў горшым выпадку ён запампуе гэтае відэа ў Інтэрнэт. Яе ўразілі яго ўпэўненыя словы: “Ты не дакажаш, што цябе згвалцілі, ты сама нам аддалася, не памятаеш, а, канечне, ты ж была пад градусам, і не саромеючыся, рассунула ногі”. Яшчэ Славік прызнаўся, што яна не першая ахвяра і што ўсе папярэднія маўчалі. Для Рыты ўсё адбывалася, як у жахлівым сне, калі хацелася хутчэй прачнуцца. Яна яшчэ доўга не магла стрымаць горкія слёзы. Яе ахапіла роспач. А Славік спрабаваў суцешыць Рыту, прапаноўваючы ёй, калі яна сама таго пажадае, яшчэ адну відэа-сесію нябачнай распусты, хто ведае, можа ёй спадабаецца і яна ўвойдзе ў рызыку, а потым на гэтым можна будзе зарабіць добрыя грошы. Але замест адказу, Рыта знайшла ў сабе сілы ўзняцца на ногі і, ледзь трымаючыся, прайсці да дзвярэй, хуценька апрануцца і знікнуць назаўжды з яго паганых вачэй. А потым яна вырашыла скончыць жыццё самагубствам. Да чорта ўсё і ўсіх. Калі гэты свет так жорстка з ёй абышоўся, ну навошта тады наогул жыць? Аднак Рыту выратавалі і яна замкнулася сама ў сабе, пакляўшыся болей ніколі і ні з кім не размаўляць.

“Я — смецце, я — непатрэбная нікому істота, я нават не патрэбна смерці, а гэта самае горшае выпрабаванне і пакута, калі так хочаш памерці”, — думала яна.

У канцы тыдня Рыта збегла з дому, збегла з свайго гораду, магчыма, каб пачаць новае жыццё, пачаць усё з белага аркуша. На гэтым яе след абарваўся.

* * *

Яна прачнулася сама па сабе, проста расплюшчыла вочы і села на край ложка. У пакоі заўважна пахаладзела і дзяўчына, абхапіўшы свае плечы аберуч, пачала расціраць іх спруцянелымі пальцамі. Спярша дзяўчыне здалося, што гэты гатэль ёй прысніўся, але ўбачыўшы чатыры абадраныя сцяны, яна вярнула сябе ў рэальнасць. Здавалася, увесь свет створаны з такіх несамавітых гатэляў.

“І што загадаеце рабіць?” — прамільгнула у яе галаве думка.

Нечакана ў дзверы пагрукалі і дзяўчына, каб ніхто звонку не пачуў яе прысутнасці ў пакоі, асцярожна на дыбачках падышла да дзвярэй і паглядзела ў вочка. У калідоры стаяў падлетак. Яго бяскрыўднасць вымусіла адчыніць яму, хаця дзяўчына адчувала, што рабіць гэтага зусім не хацела. Рука сама лягла на ручку. Хлопчык гадоў чатырнаццаці ў белай кашулі з чорным гальштукам і ў яскрава-ружовых шортах аказаўся парцье. Ён увішна праслізнуў у пакой і пачаў невыразна балбатаць аб тым, што невядомы спадар з шэсцьдзесят першага пакоя не адчыніць дзверы, пакуль не пачуе яе голасу. Хлопчык сказаў, што спадар за дзвярамі вельмі добра яе ведае. Раней бы яна вытурыла наіўнага смаркача прэч, якая ёй розніца, што ён там патрабуе, хай хоць да скону дзён там сядзіць, але ў той момант яна вырашыла па-іншаму. Хіба з-за таго, што яе ахапіла незвычайная цікаўнасць, а гэтыя сцены паспелі надакучыць. Яна згадзілася.

Парцье ўзяў яе за руку і яны пайшлі па мігатлівым калідоры. Да яе ног аднекуль спераду падкаціўся гумавы мячык і яна схапіла яго рукой. Хутка да іх падбегла дзяўчынка гадоў сямі ў салатавым сарафане і з непрыязнасцю выхапіла мячык з яе рук. Дзіўна, але гэта дзяўчынка кагосьці ёй нагадала. Хлопчык-парцье пацягнуў дзяўчыну за руку і яны пайшлі далей. Ён падобна дзядку з фае шорхаў па падлозе рэперскімі красоўкамі і ўвесь час насвістваў сабе пад нос. Урэшце яны падышлі да дзвярэй.

— Скажы што-небудзь, — прашаптаў ёй парцье.

— Што-небудзь…

Дзверы прыадчыніліся і з пакоя на калідор прасачылася цытрынавая палоска святла.

— Цяпер зайдзі ўнутр, — загадаў хлопчык.

І яна падпарадкоўваючыся, забыўшыся на ўсе ранейшыя перасцярогі, зайшла ў пакой. Парцье адразу зачыніў за ёй дзверы.

У пакоі на табурэце спінай да яе сядзеў пажылы мужчына, каля яго на падлозе стаяла радыё, з якога даносілася ціхае шыпенне. Яна падсунула левую нагу пад сябе і, абапёршыся ёй аб сцяну, зацікаўлена паглядзела на незнаёмца. Імгненне нічога не адбывалася, аднак мужчына павярнуўся. Яму было гадоў шэсцьдзесят, сівыя валасы неахайна рассыпаліся па яго галаве, а на шчоках выступала двухтыднёвае шчацінне. Мужчына пачаў уважліва прыглядацца да дзяўчыны, нібы ўзгадваў, дзе ж ён мог бачыць яе і па-ранейшаму маўчаў, падціснуўшы тонкія вусны. Такое адчуванне, быццам яму гэта прыносіла задавальненне.

“Што, чарговы маньяк?” — прачнулася яе турбота.

І ўсё ж яна чакала тлумачэнняў, чаму ён так хацеў пачуць менавіта яе голас. Але мужчына маўчаў. Доўга так працягвацца не магло.

— Чаго ўтаропіўся? — не вытрымала яна.

На што мужчына толькі ўзняў густыя бровы, зморшчыўшы лоб і цяжка ўздыхнуў.

“Можа ён нямы? Ці проста вар’ят? Здаецца, у гэтым гатэлі ўсе звар’яцелыя”.

Яна развярнулася і кранула ручку дзвярэй.

— Хвіліну, вы забылі адну рэч, — прагучаў мяккі голас дзіўнага незнаёмца і яна азірнулася.

У яго руцэ, звісаючы з кручкаватых пальцаў, боўтаўся срэбны ланцужок з крыжыкам. Яна інстыктыўна кранула сябе за шыю і зразумела, што яе ланцужок, які маці падарыла ёй на васемнаццацігоддзе — знік. Яна наблізілася да мужчыны і рэзка выхапіла ланцужок з яго рукі. Мужчына сядзеў, не міргнуўшы вокам.

“Трэба адсюль вымятацца”, — успыхнула ў яе розуме.

— Глядзі, не згубі яго, ён табе яшчэ спатрэбіцца, — сказаў мужчына, ад чаго ў дзяўчыны па целе прабегла калючая дрыготка. Яна зачыніла дзверы і адразу зачапіла ланцужок на сваёй шыі.

Парцье выпарыўся, а па калідоры ўсё гучней раздавалася рэха ад стрэлаў. Яна звярнула ўвагу на прыадчыненыя дзверы насупраць і падышла бліжэй. Стрэлы чуліся менавіта адтуль. Унутрана адчуваючы прыхаваную неабходнасць, дзяўчына асцярожна прасунулася ў шчыліну праёму і зайшла ў пакой. Там яна ўбачыла двух лысагаловых хлопцаў, што паселі на канапе спінай да яе і ўважліва глядзелі па тэлевізары знакаміты вестэрн “Цудоўная сямёрка”. Яны пілі піва і гучна мацюкаліся. У аднаго з іх шчацінне на галаве было светлым, а ў другога цёмным. Хлопцы былі даволі каржакаватымі. Яна паспрабавала ўявіць твары гэтых бамбізаў.

“Пэўна, яны грубыя і з паламанымі насамі”.

Аднак гэта не стрымала дзяўчыну і яна вырашыла падысці да іх. Хлопцы азірнуліся. З выгляду яны аказаліся даволі мілымі, нават нечым нагадалі ёй школьнікаў. Лысагаловыя зусім не здзівіліся нечаканаму з’яўленню дзяўчыны. Наадварот, той, што быў са светлым шчаціннем, адразу працягнуў ёй бляшанку піва і яна ні секунды не вагаючыся, узяла яе. Потым лысагаловыя пасунуліся ў бок і запрасілі яе прысесці. Дзяўчына села між імі і хлопец з цёмным шчаціннем, крануўшы яе за плячо, закрычаў:

— Глядзі, той што лысы зараз падстрэліць гэнага вусатага мекса!

І стрэлы з тэлевізара напоўнілі пакой, а лысагаловыя пачалі падскокваць на месцы ад захаплення, як футбольныя аматары, нібы глядзелі якісьці фінальны матч і дрыгаліся на кожным галявым моманце. У гэтае імгненне чорна-белая карцінка знікла з экрана тэлевізара. Хлопцы раздражнёна кінуліся да “скрыні” і пачалі біць па ёй кулакамі — дарэмна. У хлопца са светлым шчаціннем дзяўчына заўважыла на плячы татуіроўку з надпісам: “Skinheads against racial prejudice”.[25] Гэта былі скінхэды. Але яны не падаліся ёй такімі агіднымі, якімі іх звычайна выкрывалі ў СМІ. Скінхэды селі на падлогу і запалілі па цыгарэце. Нервова зацягнуўшыся, яны пачалі размаўляць між сабой, не звяртаючы ўвагі на дзяўчыну, нібы яна перастала для іх існаваць.

вернуться

25

“Сапраўдныя скінхэды не расісты”. (анг.).