Выбрать главу

Добра пад’еўшы, ён выйшаў на вуліцу. Цеплыня. Зараз бы на прыроду разам з Ірай і адпачываць. Але замест прывідных мар яго воку адчыняўся шэры асфальт з грузнымі сценамі заводу, жоўтыя пагрузчыкі, працоўныя ў сініх робах і гуд канвеераў. Ён прысеў на край лаўкі каля мужыкоў з “лініі Краўса”, сярод якіх ведаў аднаго Рупара.

— Студэнт? — адразу спытаў у Дзяніса мужык з лысінай.

Ён кіўнуў.

— Студэнты ўсе лайдакі, — сказаў Рупар (як жа Дзянісу хацелася даць яму выспятка), — алкашы і хмыры тыповыя. У мяне, вунь, сын у ПТВ на другім курсе, дык і тое менш п’е, а хіба вы там вучыце што, толькі і ведаеце, як дзевак за цыцкі мацаць і прафесараў старых выводзіць.

Дзяніс трохі збянтэжыўся.

— Што ты хочаш, такая зараз у краіне адукацыя, бяруць каго заўгодна, — разважліва прамовіў мужык у акулярах, які нагадваў былога інтэлігента. — У Еўропе ўсё зусім па-іншаму.

— Зноў ты са сваёй Еўропай пачынаеш, халуй апазіцыйны, — гыркнуў на яго мужык з іншага канца лавы.

— Пайшоў ты…

— Сам ідзі…

У гэты час да працоўнага хаўруса далучыўся прышчаваты хлопец гадоў дваццаці пяці, брыдкай знешнасці і прысеў на кукішкі. Пакручваючы ў пальцах цыгарэту, ён гамзата спытаў:

— Слухай, Сямёныч, а як там учора “Зеніт” згуляў?

Дзяніса аж перасмыкнула.

— Два-нуль, — адказаў “апазіцыйны халуй”.

— А хто забіў?

— На дваццатай хвіліне — Аршавін, а на шасцідзесятай — Паграбняк, — абвясціў за “халуя” Рупар.

Хлопец суха зарагатаў, а потым звярнуўся да мужыка з другога канца лавы.

— А ты, Пятро, відаць, на “Спартак” ставіў?

— “Спартак” — гэта гаўняк, ногі ў іх не з таго месца растуць, — азваўся той.

— А ўвогуле трэба за “Дынама-Мінск” балець, — сказаў прышчаваты хлопец. — Адсмакчы ў бела-сініх, гэй-гэй-гэй!

Усе зарагаталі.

Дзяніс адвярнуўся ў другі бок і згадзіўся б, напэўна, застрэліцца, з’явіся ў яго руках пісталет. Хаця, перш за ўсё, ён бы перастраляў гэтых футбольных аматараў.

Рупар затушыў недапалак аб абцас сваіх чаравік і, моцна ляпнуўшы сябе далонямі па абодвух нагах, зухавата вымавіў:

— Час, хадзем у цэх!

Засталося яшчэ нейкіх чатыры гадзіны, але вось менавіта яны і з’яўляліся самымі цяжкімі і пакутліва доўгімі. Канечне, добра падсілкаваўшыся ў сталовай, Дзяніс адчуў на пэўны час зарад бадзёрасці і энергіі, аднак яны вельмі хутка пачалі саступаць месца млявасці і неверагоднай ляноце. Хвала Усявышняму, ён пакуль не прызвычаіўся працаваць на правах робату і аднастайнасць аперацыі ўсё яшчэ збівала яго з панталыку. У сваю чаргу Чыпушыла, гэтая гідкая жаба, працягваў кпіць над нязграбнасцю яго рухаў: Дзяніс то не да канца абразаў пену, то забываў працерці вільготнай анучай вуглы ахаладжальніка.

“Можа, сказаць майстру, што моцна збіў пальцы і мне нязручна выконваць гэтую трыклятую аперацыя?” — падумаў ён.

Майстар Прошын прайшоў як раз за яго спінай, трымаючы ў руках штангенцыркуль. Ён спыніў на спецыяльным пульце канвеер і падышоў да Чыпушылы. Чыпушыла здзіўлена саступіў месца майстру, пільна назіраючы за тым, як Прошын прыняўся вымяраць памеры лядоўні па яго шырыні і вышыні.

— Не адпавядае норме, — вымавіў майстар і адразу пачырванеў, пачырванела нават яго лысіна.

Чыпушыла вышчарыў зубы.

— Скажы хмырам на “лініі Краўса”, што яны там лынды б’юць.

Твар Прошына сказіла незадаволеная грымаса.

— І што гэта за лухта, пасылаюць да нас усялякіх недарэк, — Дзяніс здагадаўся пра каго так абурана заспяваў Чыпушыла. — Нам такія працаўнікі не патрэбныя, наш цэх перадавы, а ўсялякія смаркачы сваёй дзейнасцю цягнуць яго назад, — апошнія словы ён вымавіў асабліва гучна, інтанацыйна падкрэсліваючы слова “смаркачы”.

За спінай Чыпушылы неспадзявана з’явіўся Рупар і, сціснуўшы кулак, пачаў махаць ім над яго круглай галавой, выклікаючы візуальны эфект сапраўднага ўдара па яго макаўцы.

— Я тут пры чым! — урэшце не вытрымаў Прошын. — Ідзі да Коўшына і яму скардзься, я гэтымі пытаннямі не займаюся!

Чыпушыла вінавата ўсміхнуўся і яго тхарыныя вочы забегалі пад акулярамі, як сонечныя зайчыкі па сценцы. Майстар яшчэ раз вымераў лядоўню, штосьці запісаў сабе ў нататнік і зноў прайшоў паўз Дзяніса. Ён было памкнуўся звярнуцца да майстра, але своечасова стрымаўся, вырашыўшы не турбаваць Прошына. Відаць, Чыпушыла раздражняў тут не толькі яго аднаго. Ад гэтага Дзянісу стала лягчэй.

Засталося дзве гадзіны. Дзяніс прапусціў гэтую інфармацыю праз свой розум і адчуў, як у яго адкрылася другое дыханне, заахвочанае хваляй унутранай радасці і выразным усведамленнем таго, што ён зусім хутка выйдзе з гэтага цэху і гадзін пятнаццаць яшчэ не будзе бачыць абрыдлых працоўных храп. Разам з тым, другое дыханне значна ўдасканаліла яго працу. Цяпер пена вылятала з-пад яго нажа, як габлюшка з-пад гэбліка добрага майстра. Дзяніс набіў сабе рукі. Адразаць пену ён быў гатовы хоць з заплюшчанымі вачыма. Чыпушыла збольшага маўчаў, але калі Дзяніс кідаў на яго мімавольны позірк, ён у чарговы раз сутыкаўся з яго ідыёцкай усмешкай.

“Сапраўды на маньяка падобны”.

За паўгадзіны да канца змены, Дзяніс пачаў падмятаць за сабой працоўнае месца ад смецця і пены, якая вылятаючы, забівалася ў самыя цяжкадасягальныя куты канвеера. І тут не абышлося без заўваг Чыпушылы.

— Вось там яшчэ падмяці, — здзекліва казаў ён. — Ага, малайчына, і вунь там…

“Сука, толькі сустрэнься мне на вуліцы”, — ледзь стрымліваў сябе Дзяніс.

Урэшце ў самым канцы змены на “лініі Краўса” з’явіўся ўжо пераапрануты майстар Прошын, што, па сутнасці, сімвалізавала заканчэнне працоўнага дня.

І вось Дзяніс ішоў зваротна ў гардэроб. Не ішоў, а бег. Па шляху яму сустракаліся рабочыя, якія спяшаліся на трэцюю змену.

“Няўдачнікі”, — радасна падумаў ён.

У гардэробе Дзяніс з палёгкай скінуў з сябе абрыдлую робу і, узяўшы мыла з ручніком, пайшоў у душ. Змыўшы з сябе пласт зменнага поту, ён вярнуўся да шафіка, хутка выцерся і пераапрануўся. Са здзіўленнем для сябе прыйшлося адзначыць, што за гэтыя дзесяць-пятнаццаць хвілін прысутнасці ў гардэробе, ён зусім не звярнуў увагі на з’едлівы смурод, які панаваў у яго засценках. І толькі мужык, які пераапранаўся побач, зняўшы свае чаравікі і сцягнуўшы мокрыя шкарпэткі, прымусіў Дзяніса ўзгадаць аб заганнасці гэтага месца. Дзяніс паглядзеў на яго ногі — пазногці на іх былі ўстойлівага жоўтага колеру, а скура пальцаў хваравіта пажухлай.

Аднак Дзяніс здолеў сабой авалодаць і куляй выляцеў з гардэроба. Спусціўся ўніз па лесвіцы. Дастаў пропуск і падышоў да кабіны вахцёра. Мужык з крывым носам, які, нагадваў рэцыдывіста, праверыў яго асабісты нумар у базе дадзеных і прапусціў за прахадную.

Як толькі Дзяніс выйшаў на вуліцу і яго твар абвеяла подыхам начной прахалоды, а над галавой заблішчалі яскравыя зоркі, ён, урэшце, адчуў сябе чалавекам.

3

Раніцай яго пабудзіў тэлефонны званок, але ўнутраны голас падказваў заставацца ў канапе і бесклапотна дрыхнуць далей. Такой методыцы Дзяніс прытрымліваўся заўсёды, аднак на гэты раз яго, незнарок, збянтэжыў адзін, здавалася б, зусім малазначны факт: канапа, зразумела, акрамя сваёй непамернай утульнасці, прадвесціла яму абмежаванасць дня строгімі рэгламентавальнымі рамкамі. Увачавідкі Дзяніс уявіў агульны для ўсіх працоўных графік працы на сённяшні дзень, які быццам павесілі на прахадной і, адразу адшукаўшы на ім, пад уласным прозвішчам, план на змену, жахнуўся. План канстатаваў: пад’ём, васьмігадзінны працоўны дзень, адбой. Безумоўна, такі расклад ні ў якім разе не мог уладкоўваць Дзяніса. І сапраўды, даволі аднатыпная панарама летняга жыцця магла разгортвацца перад ім, калі ісці на повадзе ранейшых стэрэатыпаў. Патрэбна была відавочная альтэрнатыва. Таму ўсе свае надзеі Дзяніс маментальна ўсклаў на гэты неспадзяваны званок. Спрытна выскачыўшы з-пад коўдры і, чапляючы нагамі на лёце хатнія тапачкі і іншыя прычындалы, бязладна раскіданыя па пакоі, ён выбег у калідор, і па-драпежнаму схапіў тэлефонную трубку. На зваротным канцы лініі пачуўся разгублены голас яго сябра Міхі. З сказаных ім слоў, Дзяніс узгадаў аб рэпетыцыі, якую яны дамовіліся правесці менавіта ў той дзень. Ён роспачна паглядзеў на гадзіннік і зразумеў, што спазняецца. Падзякаваўшы Міху за своечасовы напамін, Дзяніс пачаў збірацца.