Выбрать главу

- Ты павiнен стаць тэатральным крытыкам, у цябе так усё складна выходзiць, - параiў яму Фабер.

- О, напэўна! - адказаў Шалон. - Але ў кожнага свая прафесiя.

У той год, калi кожнаму з "пяцi" стукнула па трыццаць чатыры, мне прысудзiлi Ганкураўскую прэмiю за "Блакiтнага мядзведзя", а Ламбер-Леклерка выбралi дэпутатам. Фабер i Бельтара яшчэ раней набылi шырокую вядомасць. "Саюз пяцi" быў моцным, i без асаблiвай натугi мы маглi рэалiзоўваць рамантычны сцэнарый, прыдуманы намi ў лiцэi. Наш маленькi гурток павольна працягваў у розныя колы грамадства свае ўчэпiстыя шчупальцы. У Парыжы мы былi сапраўднай сiлай, тым больш эфектыўнай, што дзейнiчала яна неафiцыйна.

Безумоўна, ёсць пэўная перавага, калi мастацкi гурток юрыдычна прызнаны. Рэпутацыя, набытая адным з яго членаў, аўтаматычна пераносiцца публiкай на астатнiх, i назва гуртка, калi яна ўдала выбрана, абуджае агульную цiкавасць. Можна прабачыць культурнаму чалавеку 1835 года, што ён не ведаў Сэнт-Бёва, але ён не меў права абмiнуць "рамантыкаў". Аднак ёсць i значныя невыгоды. Заняпад распаўсюджваецца на ўсiх гэтак жа, як i ўздым. Манiфесты i дактрыны - зручныя мiшэнi для масавай стральбы. Адзiночныя стрэлы не прыносяць такой шкоды.

Прафесii ў нас былi розныя, i зайздрасць нас не раз'ядала. Мы склалi цудоўны калектыў узаемнай падтрымкi. Як толькi хто-небудзь з нас прабiваўся ў новы цiкавы салон, ён так энергiчна расхвальваў чатырох сваiх сяброў, што яго прасiлi прывесцi iх туды. Паколькi людзi ў большасцi лянуюцца самастойна думаць, яны ахвотна карыстаюцца гатовым i чужыя ацэнкi робяць сваiмi. Фабер вялiкi драматург, бо так гаварыў я, а я - "найглыбейшы з раманiстаў", таму што гэта сцвярджаў Фабер. Калi мы ў майстэрнi Бельтара наладзiлi вечарынку ў стылi венецыянскiх свят васемнаццатага стагоддзя, нам было лёгка сабраць тут усiх, хто заслугоўваў увагi ў Парыжы. Вiдовiшча было незвычайнае. Тры красунi выступалi ў невялiчкай камедыi Фабера, дэкарацыi да якой аформiў Бельтара. Але ў вачах гасцей гаспадаром i душой дому быў Шалон. Ён меў шмат вольнага часу, быў повен абаяння i, зусiм натуральна, стаў шэфам усiх нашых дамашнiх мерапрыемстваў. Калi нам гаварылi: "Ваш цудоўны друг...", мы ведалi, што размова пойдзе аб iм.

Як i раней, ён нiчога не рабiў. Я нi разу не чуў, каб ён браўся за свой раман, п'есу, фiласофскi трактат, каб ён iх зрушыў з месца хаця б на адзiн радок. Ён не рабiў нiчога ў лiтаральным сэнсе. Ён не апублiкаваў нiводнай кнiгi, не напiсаў нiводнага артыкула ў часопiс, нiводнай заметкi ў газету, нiколi не выступаў з прамовай. I зусiм не таму, што яму цяжка было дабiцца, каб яго друкавалi. Ён быў знаёмы i нават сябраваў з лепшымi выдаўцамi, з адказнымi рэдактарамi часопiсаў. I не таму, што ён даражыў сваёй незалежнасцю i свядома хацеў заставацца толькi гледачом. Наадварот, у iм развiвалася прыродная прага да славы. Тут было спалучэнне прычын розных, але скiраваных у адно: нядбайства i бесклапотнасць, няўстойлiвасць iнтарэсаў, слабасць волi. Служыцель муз заўсёды чаго-небудзь пазбаўлены, i гэта "беднасць" прымушае яго адрывацца ад быту, узлятаць над зямлёй i шырока расплюшчанымi вачамi глядзець на жыццё. Шалон вельмi ўтульна ўладкаваўся ў жыццi i быў iм цалкам задаволены. Яго выключная лянота была адлюстраваннем яго шчасця.

Пiсьменнiкi называлi нашага друга "дарагi калега" i дарылi яму кнiгi з аўтографам. Па меры таго як мы падымалiся па ступенях iерархiчнай лесвiцы парыжскага свету, дзе ўсё да дробязi разлiчана пры ўсiм паказным лiбералiзме, Шалон прасоўваўся гэтак жа i без вагання далучаўся да гонару, якi прыпадаў на долю каго-небудзь з нас. Мы заўсёды старалiся ахоўваць яго самалюбства, падобна таму, як свежаспечаны генерал, крыху саромеючыся свайго чыну, i не ўпэўнены, што яго далi па заслугах, цягне ўгору свайго таварыша па школе Сэн-Сiр.

Каля нас пачалi круцiцца маладыя людзi ў пошуках падтрымкi. Шалона, якi жыў памiж нас як роўны, яны называлi "дарагi мэтр". Разумныя былi хлопцы, асцярожныя. Употай, магчыма, i распытвалi: "А што ён такое напiсаў? Цi чытаў яго хто?" Часам якi-небудзь няспрытны падлiза расхвальваў перад iм "Блакiтнага мядзведзя" альбо "Караля Калiбана". "Прабачце, - са стрыманым абурэннем гаварыў Шалон, ускiнуўшы галаву, - гэта сапраўды добрая рэч, але не мая". Аднак з усяго нашага "Саюза пяцi" ён адзiн ахвотна браў чытаць рукапiсы i даваў парады, ад якiх, вядома, не было нiякай карысцi, але заўсёды разумныя i блiскучыя.

Гэта дармавая слава расла так паступова, так натуральна, што мы анi не дзiвiлiся. Мы крыўдзiлiся i лiчылi абразай, калi нашага друга забывалi запрасiць на якi-небудзь афiцыйны прыём "прадстаўнiкоў лiтаратуры i мастацтва". Дарэчы, такога здарэння не было нiколi. Часам, калi выпадкова мы даведвалiся, што вялiкi мастак жыве ў галечы, забыты дзяржавай i народам, у нас на момант узнiкала пытанне: як растлумачыць парадаксальны поспех Шалона? "Можа, гэта i несправядлiва, - думалi мы, - але нiчога не зробiш. Так было заўсёды. А потым у таго бедняка ёсць талент, а гэта таксама багацце".

Аднаго разу ранiцай, прыйшоўшы да яго снедаць, я заўважыў у кутку пачцiвага юнака, якi раскладваў старыя часопiсы. Шалон адрэкамендаваў яго: "Мой сакратар". Гэта быў тоненькi зграбны хлопец, выпускнiк бiблiятэчнага iнстытута.

Праз некалькi дзён Шалон прызнаўся нам, што плацiць яму трыста франкаў у месяц, i гэта немалы выдатак. "Але, - дадаў ён з пакорнасцю, - цяжка такiм людзям, як мы, абыходзiцца без сакратара".

* * *

Вайна 1914 года гвалтам перайначыла жыццё кожнага. Бельтара стаў драгунам, Фабер - лётчыкам у Салонiках. Ламбер-Леклерк, паранены на фронце, вярнуўся з гонарам у Палату i заняў пост памочнiка мiнiстра. Шалон, пабыўшы салдатам пры iнтэнданцтве, быў адклiканы аддзелам прапаганды i закончыў вайну ў Парыжы на вулiцы Францыска Першага. Пасля дэмабiлiзацыi ён зрабiў мне i Фаберу шэраг важных паслуг, бо праз доўгую адсутнасць мы страцiлi кантакты з цэнтрам, ён жа, наадварот, заваяваў ласку новых i магутных сяброў.