Выбрать главу

— Што ж, смерць не выбірае і не мінае! — уздыхнуў, крануты за жывое весткай, Лаўрэн.

— Але, не перабірае, ісціная праўда. А паслухай, як было! Лёг звечара нармальным зусім чалавекам, а раніцой жонка дзівіцца — чаму яе Макар так доўго не паднімаецца, чаго спіць так много,— ён жа збіраўса ў горад ехаць і ніколі з ім такого не было. Ладно, думае Тэкля, хай шчэ крыху паваляецца, усё роўна цяпер работы мало, а ў Гродно другім рэйсам паедзе. Напякла аладак. Шчэ падаіла карову, прыпасіла мужыку свежанькага малачка і падыходзіць упэўнено будзіць гаспадара на сняданне. Добро прыглядаецца, а ён — гатовы ўжэ, ёо-о, маё-о! Але ты скажы, якую лёгкую смерць меў — бы па заказу!

— Лепш хай бы не паміраў...

— I мне яго шкада, думаеш — не? I от, скажы, Лаўрэне, пасля смерці чалавека больш за ўсё ўразаецца ў душу яго голас, інтанацыя, смех! Так і стаіць Макарава гутарка ў вушах, куды б я ні ішоў! Чаму гэто, як, па-твойму, га?

— Не ведаю...

Лаўрэна было Крапаку як бы замала. Цяпер ён звярнуўся і да пасажыраў.

— Думаеш, усё? Фігу! I Нюрка Семярышына — тая, у якой немцы на вачах пад самым акном у агародчыку сына забілі, што дарогу не так ім паказаў,— богу душу таксамо аддала! Адмэнчылася ўжэ і яна! Ведаеш, цяпер, халера на яго, высакосны рок, каб ён хутчэй рагануў, каб ён, бо так і глядзець трэ, так і ўважаць! Столькі паўмірало, а ўсе калісьці былі гэткімі маладымі, фартовымі і файнымі! А якія дзеўкі галасістыя былі і добрую ноту мелі, хлопцы якімі юрлівымі былі, як па танцах у каблук давалі.— ніхто цяпер і веры не дасць, ёо-о, маё-о!

Вядома, з гэтым летуном, як на вёсцы звалі Крапака, Лаўрэн не толькі не вадзіўся, але вечнага няўдачніка і недалэнгу яшчэ і не любіў. Зміцер і зараз быў яму непрыемны, бо гаварыў ва ўсё горла — як бы напаказ. Лаўрэн ад яго ахвотна схаваўся б, але ж куды ты дзенешся — аўтобус для ўсіх, і спадарожнікаў у ім не выбіраюць. А яшчэ ён адчуў, што цяпер не толькі Зміцеру, а і астатнім вяскоўцам ён — бы той дыпломнік, што з Мінска, Ленінграда, Кіева ці з Масквы едзе ў, родную вёску. Увагу, роспыты, зайздрасць і цікавасць кожнага земляка яму давядзецца цярпець на кожным кроку. Могуць казаць яшчэ і не тое — нічога на гэта не параіш.

— А помніш, ях у войску мы на вуліцу Гувера бегалі, як нам цёнгле не хапало няшчасных пяцьдзесят грошай?! А каравокую Зюту Бельскую не забыў, з-за якой Шпакоў Васіль, царство яму нябеснае, рукі на сябе наклаў? А такі-і чалавек быў і гэтак са свету звесці сябе, ёо-о, маё-о!.. Але ж, скажу табе па шчырасці, з яе і баба была апіцітная, а ёо-о, маё-о! З-за такой і можно было — хоць на край свету, хоць у самае пекло, хоць нават і жызню ўсю выкласці! Як гляне тымі сваімі карымі вачыскамі — чалавек млеў адразу! А дасціпная і за словам у кішэню не ле-езла, не-е! Памятаеш, калі ты, Касцевіч, я, Васіль і Зюта тупалі цераз парк каля тэатра. Ідзём, гутарым пра нешто. Спаткалі Зюціну зямлячку — несла новы градуснік з магазіна і пахваліласа: «Купіла во, каб ваду панскім дзецям мераць перад купаннем». А Зюта ёй: «Я выдатна без градусніка ўвесь час абыходжуса і панічоў маіх чорт не бярэ! Малое ў ванне запішчыць, тады ўжэ ведаю — вада загарачая, трэ халоднай даліць!»

Крапак уважліва прыглядзеўся да Лаўрэна:

— Ну ж і выгляд у цябе, браце, скажу табе шчыро, а ёо-о, маё-о! Бы ў таго пана Вішпінга — дай ты веры! Столькі гадоў маеш, усю сваю жызню таксамо тыраў, дай бог — на маіх вачах было, а — хоць бы дзічкі! Твар — бялявы! Сам — мажны! А такая файная куртачка на плячах шчэ з цыгейкавым падбіццем і, мабыць, цёплая, лёгкая ды не прамакае, праўда?

— Чаму я маю быць мізэрны і аблахмочаны?! А куртку — Уладзік падарыў.

— Ы-ы-ых, і залатыя зубы ў яго! Ёо-о, маё-о! А я ўсё мяркую, а я ўсё гадаю, а я ўсё ламаю сабе галаву ды ледзьве мазгі не звіхну, што ў Маркевіча нашаго так моцно змяніласа, чаму стаў якімсьці іншым, чаму яго зараз бы не пазнаць, чаго гэткі панскі зрабіўса? А гэто — золата поўны рот у яго гарыць агнём і ззяе на ўвесь аўтобус! А ў мяне засталіса, ведаеш, адныя крамы[49] дый тыя баляць — спасу-ратунку няма ад іх!

Лаўрэн адчуў сябе вінаватым.

— Уставіў у горадзе...

— Во-во! — нібы папракнуў Зміцер.

— Я не хацеў, дальбо... Але сыны прычапіліса, адзін і другі, як смала, прысталі — устаўляй ды ўстаўляй...

— Прымусілі?

— Куды дзенешса...

— Ёо-о, маё-о! У багатаго бык целіцца, а багаты шчэ й нездаволены — брыкаецца, бачыш!.. Я чуў, ты ў масле там купаешса, дзеці нават і дакрануцца не дадуць да чаго-небудзь — так ужэ аб табе клапоцяцца, так ужэ за табою ухаджваюць!

Крапак азірнуўся, каб пераканацца, ці дастаткова слухае пасажыраў.

вернуться

49

Карані (мясцовае)