Выбрать главу

— Эх, калі б пра мяне так мае дбалі, ёо-о, маё-о!

— Не дбаюць?

— Што ты — хто мае дочкі, той ходзіць без сарочкі, хібо ты не чуў? Маловеле што, так, заразы, і ведаюць — «дай!». Яны адно і ўмеюць — «Дай, дай, дай і дай, бо ты мусіш ім даць, бо даць ты павінен, даць абавязаны і даць ты можаш, а сам — стары, і табе ўжэ ніц не трэ — памрэш заўтра!».

— То не патурай! Чаму дапускаешса так?

— А што ты зробіш, калі ў мяне адных зяцькоў — аж чатыры! А ўнукаў, ці дасі ты веры, сколькі? Нігды не згадаеш — сем ці восем, бо дакладно, дальбух ты мой, і сам не разбяруса — пакінуў гэто бабе сваёй! Падумай, як такому калхозу ты не будзеш патураць — станеш супроць такого кагалу перці? А мая карга — дарам што касавокая — бачыць, зараза, тое, што ёй трэбо, аж занадто відзіць! I здаровая — як мур, шчэ табе, хапіўшы за рогі, нават быка зверне! А голас мае такі, што сусед смяяўса — комін у яго трэснуў, калі аднойчы каля кало-дзежа гагаўку адкрыла! I от, паспрабуй скажы што-небудзь супроць маёй Хвядоры, паспрабуй не дапусціса — бяды потым не абярэшса! I выходзіць — абложаны з усіх бакоў. Не дай бог, якое ў мяне палажэнне! Вядомо, без хлеба не сяджу — чаго не, таго не. Маю і да хлеба. Алеж паважання ды спакою на старасць — а ніц не маю, нават і столечкі! Ганяюць мяне ды ганяюць, бы таго Марку па пекле!

Ён паказаў замусоленыя сумкі ля ног.

— З такім унь ладункам, ці дасі ты веры,— па два, па тры і нават па чатыры пуды нараз — пруць мяне кажнюткі дзень ды пруць: то жонка, то дочкі ад адной да другой! Развожу ім пасылкі, як той фельдпаштавік на манеўрах пакеты генералам, і развожу! Месячныя білеты заўсёды бяру, шафёры мяне ведаюць і не правяраюць нават, бо я — дадатак да іхніх аўтобусаў!.. А думаеш, скарбы якія важу? Дзе ты бачыў! З вёскі пру сало, кумпякі, цыбулю, капусту ды нават — бульбу, а назад — людскія недаедкі свінням альбо — розныя абноскі! Не верыш? Каб я нават не ўстаў з гэтаго месца, калі хоць крыху бра-шу! Эх, прайшло нашае, праехало, шалёным калясом пракаціласа, і яно, зямляк, ужэ аніяк-ніяк не вернецца, хоць плач, хоць скач, а ё-о, маё-о!

Крапак зноў павярнуўся да пасажыраў. Задаволены, што слухачоў стала ў яго больш, загаварыў смялей:

— I от, халера, скажы ты, Лаўрэне, уродзе бы і паправіласа ўсё нашае на лепшае, а дабра — так і не відаць! Ну, успомнім давай з табой, як калісь жылі людзі — у маіх Мяньках на жоўтым пясочку ці хоць бы ў тваёй багацейшай Даліне Зялёнай з гліняным грунтам. Хварэлі як — адных сухотнікаў у вёсцы сколькі было, а ёо-о, маё-о! Бо слабымі людзі надто былі, а вядомо, на слабого каня то і мух болей сядае, шчэ тых розных мікробаў больш чапляецца! Мы з табой аб чым тады марылі? Каб ад пуза наесціса заціркі з белай мукі, на малацэ варанай, каб напхацца белых локшын ці напіцца ўдосталь тае ліманады з булкай! Бо ежа тады была для ўсіх адна, бы казаў наш Каб цябе люндра свіснула — Міша Касцевіч:

Бульба парана, пячона, Бульба сёння, бульба ўчора. Мой трыбух стаў — бы калода, Дый без бульбы — няма ходу!

Бераставіцкія крамы забічкаваныя былі рознымі таварамі, і якіх толькі душа пажадала б — адно купляй! Калі ласка, бяры ўсяго хоць цэлымі вазамі! Але людзі не мелі купіла! А дзе тое купіло ты возьмеш? I запалкі на дзве палавінкі дзялілі! Напэўно, і зараз добро памятаеш — у кожнай скрыначцы было іх па сорак дзевяць — не меней, не болей! Якісьці мазур пад Варшавай прыдумаў спосаб дзяліць запалкі на чатыры часткі: аб гэтым у газетах напісалі, а нашых мужыкоў надта мучыла цікавасць — як гэто ён робіць?!

— Ого-о, якія мелі вы тады запалкі — ад палавінак, ад чацвярцінкі можна было нават прыкурыць! — пачуўся вясёлы голас маладога мужчыны з глыбіні аўтобуса.— То не так кепска вам жылося! Цяпер часамі — чацвёртая толькі загараецца!

У аўтобусе дружна зарагаталі.

Крапака не так лёгка было збіць з панталыку. Так і абрынуўся на маладога:

— Ага, паплач, паплач, што табе вельмі кепско жывецца! Нябось ты, бы мае зяці, зара бярэш іх адразу штук пяць ды чыркаеш па масцы! Бо скрыначка каштуе — адну капейку! А што цяпер — капейка? Ты ж і не нагнешса нават па яе, каб з зямлі падняць, бо маеш грошы! Цяпер вы ўсе ў масле купаецеса, бяды не ведаючы! А тады? Кнот у лямпе выкручвалі адно во столечкі, каб меней той газы выгарала! I не так мы, мужыкі, як нашыя бабы сляпілі вочы пад кудзелямі. Знясе, бывало, курыца яйко, хібо ж ты яго з'еў? А як жа — на свентыя мігды, што бываюць нігды! Хібо як хворы ляжаў, бо адно тады яго зварылі б табе! I то — зварылі б маладому, бо дзяцей, старых не было нават моды лячыць! Звычайна баба яшчэ цёпленькае яйка, просто з-пад курыцы, перла ў Бераставіцу прадаваць на соль, на кавалак мыдла, кухан ці пару дэкаў[50] тае мончкі, як тады цукар называлі, хоць у Англіі гэтым самым цукрам свіней кармілі[51]. А ці много стагналі мы тады, прызнайса, Лаўрэн? Ці плакаў хто з-за гэтаго? Дзе ты бачыў! Зашчаміўшы зубы, цярпелі ды жылі! Шчэ нават радуваліса! А як весяліліса — так дзісь мо і не ўмеюць! П'ескі маладыя ставілі, канцэрты наладжвалі, хоры і маёўкі! А любілі як адзін аднаго, ёо-о, маё-о!

вернуться

50

Дэка — дзесяць грамаў (мясцовае).

вернуться

51

Каб раздабыць валюту, урад буржуазнай Польшчы забесцэн вывозіў за мяжу цукар. Левыя газеты змяшчалі фатаграфіі, як англічане з мяшкоў польскі цукар высыпаюць у свіныя карыты і як жаруць яго тлустыя заморскія свінні, якія яны ад гэтага гладкія. Факт гэты — адна з прычын сялянскіх бунтаў.