Зміцер яшчэ раз павярнуўся да людзей і ўжо для іх нават пастукаў сябе ў грудзі кулаком:
— Каб я не ўстаў з гэтаго самаго месца, калі брашу! А зараз — а ё-о, маё-о! Тую самую булку з булкай хоць цалюткі дзень сабе лопай ды з раніцы да вечара ліманад у свой трыбух бухтуй, а локшынамі закусуй! I тыя запалкі адразу хоць па пяць штук чыркай ды глядзі сабе цілівізар, шчэ й каляровы, бо чорны табе ўжэ, бачыш, не падабаецца — фэкі стаў нам чорна-белы! I сам сабе часамі не даю веры — у мае Мянькі, глухую задрыпаную калісь вёсачку, зараз не чым-небудзь, а «Ікарусам», бы які касманаўт, егдзіш! А ты толькі падумай — чалавеку чагосьці шчэ ўсё не хапае! Хібо па радзіву пачуеш, што во цяпер жывеш шчасліво і радасно, бо сам сказаць, што аж гэтак табе добро жывецца, не адважышса. Ты не думаў, чаму гэто так, Лаўрэне, га?
«Бо, мусі, чым лепей чалавеку вядзецца, чым больш мае часу і выгод, тым ахвотней стогне ды бурчыць на жызню, бы нашыя дзе-ці,— з-за кожнай драбязы ўжэ так і скачуць сабе гарачым прыскам да вачэй!» — карцела Лаўрэ'ну сказаць земляку, але ж пабаяўся, што дасць зачэпку Зміцеру на даўжэйшую размову.
Лаўрэн буркнуў:
— Такая ўжэ, Змітрук, людская натура, відаць, вечно быць незадаволеным.
Але Крапак, бы той певень,— кукарэкнуць кукарэкнуў і пра гэта болей не хацеў ужо думаць. З пашанай правёў далонню па Лаўрэнавай куртачцы, пазайздросціў:
— Не абносак які, бач, а — ледзь не новенькая, хале-ера, ты ба-ачыш?! Імпартная, бы на футбалісту якім! — Ён прыпадняў у Лаўрэна палу.— I падбіцце цыгейкавае!.. Ёо-о, маё-о, і паго-о-лены так чысто! А які шалік цёплы і мяккі, відаць... Дай, памацаю. Ага! Ёо-о, маё-о! Кажуць, твае сыны з нявесткамі не толькі пенсіі не адбіраюць у цябе і не бяруць грошай на пражыванне, а шчэ і свае нават выкладуваюць — бяры, бацьку, не хачу, як пры камунізме. Праўда гэто?
Лаўрэну надта ж захацелася на Крапака гыркнуць: і адкуль ты, пустая балаболка, ведаць можаш, як мне там у горадзе жывецца? Якая табе справа да маіх зубоў, да маёй курткі, пенсіі і грошай? Чаго ты ў маю душу ўсё лезеш няпрошаны? Пра ўсенько табе адразу і гавары?
Ведаю такіх — пусці цябе, шэльму, пагрэцца, як ты ўжэ і дзяцей хрысціць захочаш.
Але злавацца на земляка Лаўрэн доўга не змог, бо зараз жа падумаў — вёска таму і завецца вёскай, дзе пра ўсё дакладна вядома, усё заўважаць, усё памятаюць і да ўсяго ім інтэрас — ад гэтага не выкруцішся аніяк.
Зрэшты, у горадзе сусед пра суседа нічога не ведае і ведаць не хоча, а хіба там лепш?
Каб збіць увагу прычэплівага аднавяскоўца, Лаўрэн спытаўся:
— Трымаеш якую рагулю?
— Ты што?! Карова цяпер — катарга!
Абодва ўзняліся.
— Прыгажунька, сядай, во, ідзі, на сваё месцо зноў, бо мы пад'язджаем! Дзякуй табе, што ўважыла нас!
— Нічога, нічога, я пастаю! — збянтэжылася дзяўчо і на гэты раз.
— Сядай, сядай, калі е магчымасць! Ашчэ настаішса ў аўтобусах, як старой будзеш!
Зноў у салоне зарагаталі.
2
Ля сельсавета абодва з аўтобуса вылезлі.
Крапак вывалак свае сумкі на божы свет, расставіў каля ног, і толькі цяпер стала відочным, якія яны пузатыя ды зашмальцаваныя і колькі гадоў імі карысталіся. Пасля аўтобусных разважанняў пры народзе і пасля дужання з сумкамі Крапак глыбока цяпер уздыхнуў, бы той салдат, што пасля цяжкіх палявых практыкаванняў атрымаў ад «плютановага» каманду «спочні»[52].
— А ёо-о, маё-о, як падыміць захацеласа — аж страх! Усім, Лаўрэне, гэтыя «Ікарусы» файныя, але шчэ каб у іх курыць дазвалялі, праўда, клёво[53] было б? Кажуць, у Грузіі, Полынчы — рабіць гэто можно, а ў нас паспрабуй толькі, шафёр так і гыркне!
— Маленькі, пацярпець не можаш?
— А от — не магу! Як захочацца — каравул сам сабе крычу і месца не знаходжу!
Мужчыны вынялі з кішэняў цыгарэты.
— А памятаеш, як калісьці мы курылі з гродзенскай махоркі самакруткі і якія ў нас ладныя муштучкі былі? У мяне касцяны, а ў цябе, сына млынара, яшчэ і з бурштынавымі кольцамі... Дакурыў, хлопнеш далонню пры дзеўках і выстраліш бычок! А тады толькі дроцікам прачысціш каналік, шчэ яго добро прадуеш... Помніш, як мы ў старым парку Юзэфа Пілсудскаго ахранялі, калі ў Друскенікі на адпачынак ехаў і ў Гродне спыняўся, покуль рыхтавалі яму поезд? Загадаў, каб ніякай аховы для яго не выстаўляць, таму нас у самыя кусты заперлі. Пазашываліса мы, стаім і не дыхаем. З парку вытурылі ўсіх, толькі завялі якіхсьці падшыванцаў — бытто яны самі там апынуліса. Помніш?