Зміцер зноў з нехаванай зайздрасцю азірнуў Лаўрэна з ног да галавы.
— А ёо-о, маё-о, пан Вішпінг, дый годзе! I — выліты пан Вішпінг.
— Ат, калі табе так надто хочацца бачыць ва мне пана, хай буду Вішпінгам!
— Дай ты ве-еры, Лаўрэ-эн, ты ім і е-е! Ашчэ і сумняваешса? Ха! Па гары ходзіш ды сонца не бачыш, дальбо! Табе ж толькі птушынаго малака не хапае!
— То чаму жонцы помніка не паставіш, калі ўжэ так файно жывецца?
— Найвялікшы час, каб ты ўжэ са сваімі сынамі... Трэ, каб залатвіў і гэто... Ці мо крыўду носіш на сваю бабу за што?
— А-а, мабыць, з-за помніка і прыехаў — тады ўсё штымуе[55]. Пара, браце, і даўно пара! Нінка ў вас помніка вартая ды шчэ і файнаго,— напэўно, вартая! Дый каго хочаш запытай — табе скажа тое самае!
Лаўрэн насупіўся.
3
Убачыўшы, што земляку не спадабалася размова пра жончын помкік, Зміцер тэму перамяніў:
— А як будзем адзначаць твой прыезд? Бо мы ж з табой — даўнія сябры! Другого такого кумпеля[56], напэўно, няма ў цябе цяпер і ва ўсім свеце — паўміралі ўжэ!
На хвіліну паглыбіўся ва ўспаміны.
— А памятаеш, як у польскім войску служылі, як паручнік Фіялкоўскі мяне «афэрмай» называў ды ў горад праганяў з калоны і я ў баптыстаў каратаў час? Помніш, як я потым у Фіялкоўскага перад строем на каленях прасіўса, а вы, падлы, рагаталі, бы жарабцы?.. Ох, іржэ-элі!.. Бо і смешно было — сам бы не вытрываў, каб хто іншы на маё месцо трапіў гэтак!
Крапак зноў падумаў, пакруціў галавой.
— А-ай, час бы-ыў, і такого ўжэ нігды не бу-удзе, ёо-о, маё-о!.. Здаецца, тады і сонцо цёнгле свяціло, і дзень пачынаўса толькі для шчасця, і бэз цвіў зіму і лето, і людзі нам адно ўсміхаліса ды спрыялі... Пан паручнік — і той які людскі трапіў.— Зрабіў вялікія вочы: — Ты-ы паслу-ухай, а як потым на вайне намі каманду-уваў! Лаўрэн, гэто ж табе будзе надто цікаво — напэўно, ты гэтым зацікавішса!
На твары Зміцера адмалявалася разгубленасць — ці знойдзе ён фарбаў, каб выказаць усю праўду аб сваім камандзіру.
Але разгубленасць была кароткай.
— Цябе тады кінулі пад Варшаву з другім «плютонам», а нас — на Прусію, і я шчэ не меў аказіі расказаць усяго, бо ты ўвесь час мяне дзічыўса — чорт цябе ведае чаго! Паслухай цяпер! Бывало, сядзім пад бамбёжкай у яме ды калоцімса ад страху, бо кожную кулячку, кожны асколак спіной чуеш: так і глядзі, салдаты драпануць у паніцы па адкрытым полі! I што робіць, думаеш, Фіялкоўскі? А ён, хітрун, адкрывае сваю скураную сумку і давай нам пісьмы раздаваць. Бытта не было для гэтаго іншаго часу, чуеш?
Зміцер з захапленнем вытрымаў паўзу, назіраючы, якое ўражанне зрабіла вестка на сябра.
— Аднойчы, калі нямецкая артылерыя загнала наш «плютон» у нейкі склеп, ці дасі ты веры, паклікаў узводнага палікмахера ды загадаў: «Болек, стрыжы мяне! Толькі — люксово, як гэто рабіў пан Раўбэ ў нашым Гродне на Дамініканскай вуліцы!» Ашчэ з ручнічком на шыі сеў на кадушку, каб добро было ўсім відаць. I што ты, Лаўрэне, думаеш? Салдаты ўбачылі — камандзір галавы не страціў, камандзір спакойны, адразу супакоіліся і яны, а Фіялкоўскаму — таго адно і трэбо! I, ведаеш, на вайне і жывоцік яго адразу некуды падзяваўса, і сам патанчэў... А-ай, шкада яго як!.. Каля Нарвы нямецкі кулямёт зрэзаў, беднаго, як на пагурку мы атакавалі бункер. То, бедны, на аўсяніско і зваліўса, бы падрэзаны...
— Многіх забрала вайна...
— А вучы-ыцель які з яго быў, а ёо-о, маё-о! Помніш, як на румблёўскім палігоне апрахвосціўса сапацкінскі Гедроіц, калі мы расказувалі, хто што запомніў са спаткання з дзяўчынай? Прышчаты вахлак пахваліўса: «Падыходжу да ўмоўленаго месца, а яна з-за кустоў мяне не бачыць. Спыніўса і гляджу, бо цікаво, што без мяне робіць. А яна расшпіліла кофтачку і разгладжувае сабе грудзі — бытто яны памятымі былі, гы-гы-гы-гы!..» Фіялкоўскі як гыркне на яго: «Сапацкінская афэрма! Яна песціла іх, як дзяцей, а для чаго? Для спаткання з воінам, мужам, бацькам! Праз такія іхнія штучкі-дручкі мы і людзьмі становімса! А ты, дубіна сапацкінская, нават не датумкаеш! Цямнота дрымучая! Каб мне ў бліжэйшую нядзелю з паперкай на звальненне яе знайшоў, пацалаваў ручку ёй і прабачэння папрасіў, і потым мне замэльдуеш, ясно?» — «Так ест, пане паруч-ніку!» — «То паўтары!» — «Пацалаваць ручку, папрасіць прабачэння і замэльдаваць!»