Абмінуўшы жытнюю рунь, Лаўрэн памаленьку выбраўся на да-рожку і адразу апынуўся ў другім канцы вёскі. Там жыла жончына сястра, Марыся.
Неўзабаве пасля смерці Ніны яго швагерка паслізнулася на лёдзе каля свайго калодзежа і так нязграбна ўпала, што пашкодзіла пазваночнік. З той пары кабета і ляжала без руху. Мужыка Марыя — вядомага на ўсю акругу гуляку і выпівалу, Шмігельскага Вацлава,— пахавала даўно. Жыла адно з сынам.
2
Як і спадзяваўся, сваячніцу Лаўрэн застаў у па-святочнаму прыбранай вялікай хаце на ложку. Падпёртая пад спіну вялізнымі, пастаўленымі тырчма, падушкамі са снежна-белымі навалочкамі, абкладзеная грэлкамі, кабета ляжала з выцягнутымі перад сабой двума валікамі амярцвелых ног у тоўстых ваўняных панчохах. Каля ложка і пад ім бялела мо з дзесяць пасудзін — эмаліраваных каструль і каструлек, місак і місачак, талерак і кубкаў. Ляжалі лыжкі, лыжачкі і відэльцы. Усё — чысценькае, прыкрытае папяровымі сурвэткамі. Посуд так быў расстаўлены, каб хворая магла сама дацягнуцца да яго рукой.
Пачуўшы ў памяшканні чужога, Марыя павярнула да яго галаву, заахвоціла:
— Заходзьце, заходзьце, хто там?
— Свой, Маня, свой...
У раптоўнай цішыні адчувалася, што хворая ад радасці аж не верыць сваім вушам. Лаўрэн запэўніў:
— Ну, я-а гэто, я-а...
— А-а, завітаў да мяне, нарэшце?!
— Ага...
— Завіта-аў-такі-і! А цяпер ты мне прызнайса, як на споведзі, ці не ўстыд табе было не паказувацца столькі часу?
— Ой, не кажы, швагерко, бо маеш рэхт![57] Устыд, шчэ і як устыд!
— То добро, што хоць устыдзішса!
Даўшы «добры дзень», Лаўрэн для блізіру абмахнуў рукавом табурэтку, апусціўся на яе побач з хворай сваячніцай ды як мага больш бадзёра і чула загаварыў:
— Неўзабаве — Новы рок, а ты, бедная дзеўчына, усё з гумовымі торбачкамі валяешса. Так табе гэто падабаецца?
Сваячніца ахвотна падхапіла гульню.
— Каб яны пайшлі дымам, як гэтыя торбачкі мне збрыдлі ўжэ! Ніц не зробіш, Лаўрэнку! Аніяк мая бяда не праходзіць. Хачу не хачу, а — мушу валяцца!
— Не прыкідуваешса?
— Дай ты веры! Прымаю ў сябе лякарство — нашае і загранічнае! Раблю і раблю націранне! З медпункта дзяўчаты мне кажнюткі дзень даюць уколы! I пігулкі іхнія п'ю! Нашы бабы нават знахарку з Раму-цеўцаў прывозілі на спаса! Яна мне вугалькі бярозавыя ды альховыя на ваду кідала. Крышыла зелле на попел і ногі мне ім абсыпала. Параілі ногі мачою сваёю памыць, я і гэто зрабіла. Свянцонай вадой крапіла — усё-ўсё рабілі, а — ніц не памагло, хоць ты каравул крычы! Ляжу я тут ужэ другі рок ды ляжу, бы тое тоўстае палено. Ох, і праўда людзі гавораць — калі здароўя ў чалавеку няма, то і за грошы яго не нойдзеш! Мушу з гэтым мірыцца!
Толькі цяпер, калі вочы прызвычаіліся да паўзмроку, Лаўрэн разглядзеў добра швагерку і спалохаўся.
Бледная, рыхлая і сырая скура перад ім трымала яшчэ ў добра яму знаёмых абрысах чалавечую плоць. Але пры кожным руху калекі гэтая плоць пералівалася, бытта вадкасць. Марыя ж была такой здаровай і віднай кабетай. Яна ж не толькі гродзенскаму пану калісьці морду разадрала — З ёю лепш было не задзірацца, калі не хацеў трапіць ёй на язык.
Калісьці ў такую самую пару года на ферму да іх завітаў мажны начальнік з жоўтым партфелем. Страху ён да гэтага нагнаў свінар-кам, і ў кароўніку загадчык фермы чакаў яго з непакоем. Завітаў начальнік да іх і давай прыглядацца да бітонаў, ручнікоў, цадзілак і нават — да рук даярчыных. Правяраў шкалу на малакамеры. Перабраў і пераважыў усе гіры. Праверыў вагу і нават — ізаляцыю на правадах. Яшчэ і папстрыкаў уключальнікамі. Прыдрацца не было да чаго, і тут ён успомніў нарэшце — трэба ж за нешта і пахваліць людзей. А за што? Набычана пахадзіў, пахадзіў яшчэ крыху па кароўніку, папрыглядаўся дый кажа:
«Гм, на двары — такая макрэнь, а ў вас тут гэтак суха!»
Марыя, не задумваючыся:
«Сухо, а няўжэ! Але паглядзі, пан-таварыш, якія ў нас усіх мокрыя лбы — не тое што ў цябе! Бо мы бэйсаць так па вёсцы часу не маем!»
Бабы захіхікалі. А рэвізор адразу бытта ростам паменшаў ды — задам, задам, задам падаўся да дзвярэй і непрыкметна знік.
Доўга на ферме ўспаміналі выпадак ды ганарыліся сваёй даяркай. Калі ж прыязджала якая-небудзь камісія, загадчык з той пары спатыкаць гасцей пасылаў толькі Марыю і ніколі не каяўся — гэтая няпрошаных спадарожнікаў справаджвала хутка.
Няўжо перад ім тая самая жанчына?
Тым часам сваячніца скорагаворкай сыпала:
— Добро, дзеверку, ой, як файно, што ўздумаў пра мяне ды завітаў у мой дом! Бо Франак, гіцаль, каторы дзень не з'яўляецца — знік некуды, і годзе! А прыйдзе — мало толку! Як з апалу, уварвецца ў хату, кіне што-небудзь на зубы, памяняе майку, трусы ды зноў кудысь прэцца!