Выбрать главу

— Чорт іх ведае, што іх псуе...

Сваячніца гаварыць яму не дала:

— Не дазволь чалавеку папрацаваць у асалоду, да сёмаго поту, да знемажэння — ураз і акалее! А маладыя цяпер — так! Некаторыя стараюцца надто смачно паесці. Вельмі много п'юць, ды ўсё — каньякі, шампанскія, бальзамы, вэрмуты! Да гэтага надто падкія — калі не вып'е каторы, у яго аж чэрці пад каўняром калдычуць! Усе амаль кураць — нават бабы! Іншыя любяць гаварыць няпраўду, а да работы лякуюцца! Пэтлахі такі запусціць і — тыднямі выдрындоўвае, затое рабіць яму німа калі! Шчэ крадуць цяпер як! А з-за гэтаго — што? Сам ведаеш, не трэбо табе і тлумачыць! Цело нават ў здаровым чалавеку робіцца рыхлым, бы той кісель ці — жабін жур, у ім цэлымі клубамі чэрві заводзяцца! А што, думаеш, робіцца ў гэты час з душой? А душа зморшчыцца на высушаную грушу ды, вядомо, пачынае псавацца! Гніе-е, гніе-е, гніе-е, і малады ўжэ — брык і гатовы! Ляжу я сабе тут і не раз думаю — добро, калі няма таго свету! А калі ён е? Як усе яны перад богам на небе стануць, што яму скажуць?

Лаўрэн паблажліва ўсміхнуўся.

— О, шчэ ён і крывіцца! Мо — няпраўда? А-ай, і сам пра маладых усё добро ведаеш, што я ўзяласа разводзіць табе па-бабску!.. Нашае пакаленне жыло, Лаўрэне, зусім не так — мы з табой загартаваныя! А во, сыпацца як пачалі... Аднак, здаецца, дзякуй богаві, праносіць ужэ... Пасля Кавальцоваго Макара не чуваць, каб хто зноў меўса ТУДЫ зысці... Дый, я кажу, мой век ашчэ не ўсенькі выйшаў! Да рускаго Новаго року засталоса тры тыдні — зусім-зусім не веле, дацягну мо дасць бог як-небудзь. Мне б, Лаўрэне, толькі да мясаеда! Вучыцелька абяцала ашчэ якіясьці травы надто памоцныя. У медпункт, казалі дзяўчаты, загранічныя зашчыкі[58] надто важныя прыбудуць. А ў Сямірэнках, кажуць, файны знахар аб'явіўса — выслухаць чалавека ўмее, а руку мае да таго лёгкую, што ўсім-усім людзям дапамагае, шчэ як дапамагае! Не ўпрашу свайго абібока пад'ехаць на яго грузавічцы — вучыцельчын мужык, што чырвоны трактар водзіць, на сваіх «Жыгулях» мяне падкіне ў Сямірэнкі!.. Дый, што ты не кажы, хутко ўжэ настануць і велькія халады. А ў мясаед зіма — на мароз, сонцо — на вясну! Зямля тады ўсміхацца пачне да сонца, сілу набіраючы, а там, як ты сабе хочаш, гарачае лето зноў прыйдзе.

Заўважыў Лаўрэн, што ад хвалявання ў сваячніцы на твары выступіў нездаровы румянец колеру сырога мяса і затрэсліся два абвіслыя мяшкі паабапал падбародка. З сумам сабе адзначыў — перад ім ляжыць ужо не жылец на гэтым свеце. Не мясцілася ў Лаўрэнавай галаве, што гэтая чалавечая знямоглая істота ў студзяністым хісткім целе мае яшчэ нейкую там кроў, звычайныя людскія жаданні і нават — смех і гора! — збіраецца ўзняцца неўзабаве на ногі ды караць шалапутнага сына.

Як яна нагадала нечым Нінку!

3

— Ну, во, усё нутро, дальбух, перад табой вывернула. дзевер!

Марыся з-пад падушкі дастала белую хусцінку з мярэж-камі. Стала выціраць слёзы.

— О-ой, як зрабіласа мне до-обро ад таго, што файно з табой пагаварыла! А-ах, як стало лёгко — бы пракашляласа пасля цяжкой хваробы, а мо шчэ лепш!..

Зірнуўшы ў вокны, з удзячнасцю дадала:

— Такая снежная плюха, а ты не пабаяўса ехаць і зайшоў! Ах, як харашэ зрабіў!

Яна раптам спахапілася:

— О-ой, дзевер, чаму ж я такая паганая — заладзіла, бы тая траскотка, пра сябе ўсё валкую ды валкую! Столькі ж мы з табой не бачыліса? Чакай, чакай... Апошні раз быў ты ў мяне... Амаль паўгода, калі прыходзіў развітувацца ды ношу мне прывалок! Ой, даўно гэто было! Гавары лепш, як ты жывеш!

— Чаго адразу панурыўса ды маўчыш?

— Што тут казаць...

— Да ЯЕ прыехаў?

— Ну.

— А мы тут гадалі — чаму ж так доўго стары Маркевіч да свае Нінкі не едзе і нават не паказуваецца? Пакрыўдзіўса за што-небудзь ці якое ліхо, што і ў вёску — ні нагой? Да таго Гродна — рукой падаць, аўтобусаў — пяць на дзень!.. Мяне цёнгле пытаюцца, цёнгле прыстаюць і пра помнік таксама дапытуваюцца, а я ніц, а ніц не магу адказаць нікому!

— А чаго яны чужую стрэху крыюць? Хай прыгледзяцца добро, ці свая не цячэ!

— Вядомо, розныя плёткі — мякіна, яе развее, быле вецер. I шчэ кожнаму вядомо — мы з табой на чужыя раты гузікаў не наўшываем. Гузікаў тых не хопіць! Але ж, Лаўрэн, сам ведаеш — вёска!

З палёгкай уздыхнула, бытта зняўшы з грудзей цяжкі камень.

— Ну і годзе — навясціў-такі ЯЕ! Як там было, а сплыло! То і дзякуй богаві, што прамінуло, і валкаваць пра гэто больш мы не станем!

— Марыся, раней мне не было як прыехаць!

— Усім так і тлумачыла, але — пайдзі, угавары іх! А помнік, Лаўрэне, нарэшце пастаўце, бо хто-хто ў Зялёнай Даліне, а нашая Нінка яго вартая!

вернуться

58

Уколы (мясцовае).