Выбрать главу

— Дзе-еду, дзе-еду, маро-озанаго купі-і! — дамагаўся свайго, каторы раз тузаючы за рукаў Лаўрэна, унук і, нарэшце, вырваў яго з задумы.

— А-а, аршын з шапкай, смакалыкі любіш? Ты ж, жэўжык, пасля прастуды! Есці табе марожанае цяпер — барані бог! — успомніў ён нявестчын суровы наказ.— Хочаш, каб твае бацькі за гэта шчэ мне пытлю задалі ды з хаты на брук паперлі?

— Не вы-ыкінуць!

— Так ты думаеш?

— Мамка не выкіне!

— А папка?

— I та-ато! Ты ж яго — сынок! I я не есці — лізаць буду! А мамцы не сказам! Купі-і, дзед!

— Каб зноў захварэў?

— Не захварэ-эю ўзэ!

— Ты шчэ, кузака малая, слабы надто!

— Не слабы ўзэ-э!

— Слабы, слабы! Лепш мне скажы, якія там літары,— адцягваў Лаўрэн увагу малога, паказаўшы на вітрыну.— Прачытай, цябе мамка па кніжцы вучыла!

Унук нейкі час раздумваў, варушыў вуснамі.

— Ты, дзеду, працытай лепш сам!

— Я сто разоў чытаў.

Ігар шчыра здзівіўся:

— Ы-ы-ых, а больш не мозас?

— Маро-озанага купі!

— Не скрэндай! Абыдзецца марожніца без нас.

— А-ай, хацу-у!..

— Што ты дзвэнгаеш пра адно і тое самае ды дзвзнгаеш — калейка унь якая перад латком, бачыш?

— А ты мяне на рукі вазьмі, табе без чаргі дадуць!

Лаўрэн аж здзівіўся:

— Ты бачыш, які хітры!

— Даду-уць, дзеду, я ве-едаю!

— Хто ж цябе так навучыў?

— З татам куплялі!

Лаўрэн зноў паківаў галавой.

— Купля-алі, дзеду, пра-аўда!

Дамоў ісці было яшчэ вельмі рана. Куды падзецца? I ён угаварыў малога наведаць заапарк. Унук паспрабаваў паставіць варунак:

— I тады купіс марозанага, дзед, праўда?

— Будзе відаць...

СОНЬКА КАСІЛА З ЯЕ ЗВЯРЫНЦАМ

1

I гэтае месца Лаўрэну было добра знаёмае.

Да польскага войска прызвалі яго неўзабаве пасля першай сусвет-най вайны. А дакладней, калі Пілсудскі, зрабіўшы майскі пераварот[19], папаўняў армію новымі людзьмі. Тады якраз за горадам з былога велатрэка, пабудаванага яшчэ пры цару, і рыхзаталі пляцоўку для гэтага самага звярынца.

Грошай польская казна не мела, і магістрат абавязаў галоўнага генерала з гродзенскага гарнізона — таго самага Клеберга — пасылаць на будоўлю салдат за гаўптвахты. Дужацца з бетоннымі плітамі і валунамі, карчаваць пні, капаць паабапал Гараднічанкі катлаваны ды заліваць бетонам арматуру ганялі таксама і Лаўрэна.

Толькі ж усё тое было надта ж даўно.

Лаўрэн не разумеў людзей, якія скардзіліся, што ў іх вельмі хутка прамільгнула жыццё. У яго выходзіла — наадварот. Лаўрэн нават не раз дзівіўся — як даўно было тое дзяцінства, як даўно хадзіў юнаком на танцы, як з сынам Кавальца даваў на вячорках канцэрты, служыў у польскім войску, як даўно былі тыя войны і акупацыя, адбудова калгаса! Бачылася мінулае цяпер, бытта за імглою ці ў даўнім і невыразным сне.

Зараз над тэрыторыяй звярынца навісалі высотныя дамы, бо звярынец апынуўся ўжо ледзь не ў цэнтры горада — на вуліцы Ціміразева. Да гэтай назвы чалавек адносіўся з вялікай павагай.

Яшчэ за «польскім часам» людзі ў Зялёнай Даліне перадавалі адны адным навіну — у Расіі жывуць вучоныя, як два браты,— Мічурын і Ціміразеў. У аднаго і другога ў агародчыку расло на грушах аж па шаснаццаць гатункаў садавіны. Усім ахвотна паказваюць, як такое дзіва вырасціць, бо шчырыя абодва да народа і надта ж яму спрыяюць ды стараюцца. Капіталісты прапанавалі ім па мільёну руб-лёў царскім золатам, аднак выязджаць за граніцу з белымі генераламі ды памешчыкамі і фабрыкантамі адзін і другі адмовіліся наадрэз.

«Бо хочам, каб усё гэто дасталоса сваім людзям і простаму народу!» — адпісалі буржуям.

У заапарку, як зараз усе называлі гэтае месца, Лаўрэн паспеў пабываць ужо разоў з пяць, і ні разу яму там не доўжылася. Не сваіх слядоў у ім шукаў, не.

Прыцягвалі яго, бы магнітам, звяры.

Лаўрэн да розных антылоп-гну, вярблюдаў, зебраў, кенгуру ды жырафаў, каб не псаваць сабе настрою, падыходзіць высцерагаўся. Гэтыя каракаціцы і страшыдлы, бытта з паламанымі хрыбтамі, павыкручванымі рагамі, з расцягнутымі, нібы зляпілі іх з гумкі, шыя-мі, з надутымі жыватамі напаміналі яму нечым куксы прыдарожных вербаў, крывуліны славутага Дуба Партызана з-пад хутара Данілы Кісляка, ці — тое жарабя з шасцю нагамі, якім калісьці ажарабілася ў Кавальца сівая кабыла. Каб агідная пачвара дарэмна не мэнчылася, каб не ляцелі і з навакольных вёсак цікаўныя ды не дурылі яму галаву, стары Кавалец мала каму яе і паказаў. Загадаў свайму Макару ўзяць агіднае дзівацтва за ногі, завалачы на бераг ды плюхыуць у Нёман, дзе вада круціцца млынком.

вернуться

19

У маі 1926 года маршал Пілсудскі скінуў канстытуцыйны ўрад і ўстанавіў дыктатуру палкоўнікаў. Яна і праіснавала да верасня 19З9 года.