Чырванатвары сігануў на выхад.
Ігар спытаўся ў Лаўрэна:
— Дзеду, а гэты дзядзя — фуліган?
Але таму было не да малога. У бабуліных ухватках і голасе ён рап-там улавіў штосьці знаёмае. Толькі не мог разабрацца што, таму не адводзіў ад старой вачэй.
— Дзе-еду, ну, дзе-ед, што, дзядзя...
Усё яшчэ абураная кабеціна аж кіпела. Яна хапіла імкліва вядро з кормам ды сваім магутным корпусам крутнулася, каб некуды ляцець. З налёту тыцнула Лаўрэну ў грудзі і сама сябе аблаяла:
— Аё-я, старая ты карга, куды прэшса! Зважай, бабо, куды лезеш! Дзіво што машыны на вуліцы б'юцца!
Тут яна ўзняла на Лаўрэна вінаватыя вочы, раптоўна застыла і нейкі момант з адкрытым ротам лавіла паветра, нібы выкінутая на бераг рыбіна. Потым жахліва віскнула:
— О-о-о-ой, людко-о-о-ове, а к-каго-о... і к-каго-о ж я тутака спатка-ала, а Е-езу?
Затым панічна выпусціла вядро, шмыгнула ў памяшканне побач з клеткай тыграў.
Праз хвіліну як на пажар несліся ўжо туды птушніцы, звераводкі, прыбіральшчыцы, і ўсе яны чагосьці спрачаліся. Добрую мінуту панаваў там вэрхал і кіпела ліхаманкавая нарада. Затым сяброўкі імгненна дапамаглі тоўстай кабеціне сцягнуць з сябе чорны халат ды гумовыя боты. Не выпускаючы з віду Лаўрэна, паплявалі на туфлі, выцерлі іх старанна, падалі жанчыне і нават дапамаглі абуцца. На-ставілі яшчэ і люстэрка.
Тоўстая павярнулася — дала сябе агледзець сяброўкам з усіх бакоў, абцягнуць кофту. Кінуўшы ў шкло вокам ды паправіўшы за вухам шэрыя пасмы, яна выкацілася на падворак і апынулася зноў каля Маркевіча:
— О-о-ой, людко-ове, няўжэ ж гэто ты-ы, Лаўрэ-эн?! Няўжэ ж цябе тут ба-ачу?!
— Гляджу, прыглядаюса ды сваім вачам спачатку не магу даць веры! О-ой, людко-ове, як мы спатка-аліса, хто б мог і паду-умаць нават, што можа такое здарыцца! О-о-ой, а нігды-нігды і не паду-у-умаў бы нават!
Сумеўшыся, Лаўрэн уталоплена глядзеў, усё яшчэ нічога не разумеючы.
Пажылую жанчыну гэта не астудзіла:
— О-ой, я даўно ўжэ чула, што ты сынам сваім адцаў на машыну хутар і да іх у Гродно перабраўса! I чула, што цябе тут надто добро даглядаюць яны! Шчэ сама сабе не раз казала — не кепско было б даведацца пра адрас Маркевічаў ды спаткацца тут дзе-небудзь, жывем жа ў адным горадзе! Ну, падумала, павыглядала дый забыла начысто, дальбух! А зара — на табе, новасць! I без ніякаго адраса спаткаліса, ды шчэ дзе! Тут жа не фэст[20] які, куды людзі збіраюцца ды могуць сабе спатыкацца!.. О-о-ой, аж тако-ое здарэнне, а дайце вы ве-еры!
Кабеціна не без какецтва тыльным бокам забруджанай у цеста з бульбы і вотруб'я рукой паправіла за вухам сіваватыя жорсткія валасы і ўсміхнулася яму.
Толькі цяпер па ўсмешцы Лаўрэн у жанчыне разгадаў Соньку — жонку стэльмаха Касілы з Масалян. Зямлячка надта растлусцела і так змянілася з твару, бытта яе пакусалі пчолы. Адно голас мела той самы, хоць ужо і сіплаваты. Тыя самыя былі ў яе і манеры, а найбольш за ўсё — тая самая ўсмешка.
4
За «польскім часам» Лаўрэн з Сонькай хадзіў на музыкі, а нейкі час гуляў нават з ёю — хадзіў да яе на «рантку», як тады казалі. Будучы старым кавалерам, доўга яшчэ і вагаўся — ці не ўзяць яе за жонку. Бо так на вёсцы вялося, што дзеўкі замуж не выходзілі, іх — бралі; мужчына выбіраў, а дзяўчына выбару падпарадкоўвалася.
Сватаўся нават да яе.
Дамовіліся, якую ў пасаг карову маладая возьме, але потым спыніўся на Соньчынай сяброўцы — Ніне. Бо тая была аж на тры гады маладзейшая, а яе браты да такой самай каровы ў пасаг Нінцы дабаўлялі яшчэ і дзвесце злотых.
I во — як усё павярнулася.
— Людко-ове, і трэбо ж так спатка-ацца нам! Ой, а на мне халат такі згомтаны, такі запэцканы, праба-ач, Лаўрэнку! Так нечакано спаткаліса!
Каб абарваць яе невычэрпны фантан радасці, Лаўрэн буркнуў:
— У звярынцы служыш?
— Ага!
— То добро...
— А што маю рабіць, разваж ты сам! Дочкі з зяцямі параз'яг-джаліса па белым свеце, мне за імі аніяк не ўгнацца. Хату сваю ў Масалянах давялосо прадаць. Калгасную пенсію перавяла сюды, перавязла манаткі і во — крыху тут прырабляю, ды цэлы дзень чалавек пры дзеле сабе!
— Гэто добро, што пры дзеле...
— О-ой, без яго, Лаўрэне, не абыдзешса аніяк — дай ты веры! I як тыя паны маглі ўсю жызню нічого не рабіць — чорт іх душу ведае!
20
Гадавое царкоўнае ці касцельнае свята (гл. іспанскае — фіеста) — тыповае для былой Заходняй Беларусі.