Баляславу аднолькава абрыдлі ўжо і пан Ян — кічлівы ды самаўпэўнены, і пан Эдвард, які адрокся ад сваёй радзі-мы і зараз аб Польшчы гаварыў: «у вас тут», «вы тут». Аднак студэнт вымушаны быў іх цярпець ды слухаць, уткнуўшы вочы ў стары барэльеф Касцюшкі з лацінскім надпісам «Salus respublicae suprema lex esto![40].
Беручыся за каўдуны, Эдвард успомніў:
— Дарэчы, у нас, у Германіі, вельмі мала зараз гавораць аб Польшчы! З-за сваёй слабасці ў эканоміцы...
Пакаштаваўшы, ён пачаў так і гэтак да каўдуна прыглядацца ды нюхаць:
— Але, браце, мушу табе прызнацца — высменіта! Такога смаку і ў парыжскай рэстаўрацыі не адведаеш!
— То мясцовая русінка — мая кухарка Антоля — умее так згатовіць. Зараз яшчэ падасць цыпіліны, а потым грыбкі, пражаныя ў смятане,— пальчыкі абліжаш!
— Оу-у-у, оу-у-у, каласа-альна!
— То лыкай, як смакуе.
— І ўвогуле, браце, бачу я, служба ў цябе тут уся з русінаў — як у лепшыя часы караля Стэфана Баторага і Яна Сабескага!
— Дзякуй богу і ўсявышняй сіле — стабільнасць маем, як у лепшыя часы. Але ж ты пра нешта пачаў...
— Ага! У нас мала гавораць аб Польшчы! З-за сваёй ніклай эканомікі яна лічыцца ў нас нараўпе з Люксембургам і княствам Манака! Падабаецца табе, браце, слухаць такое, не, але — факт!
Загаварыў сенатар:
— Эдвардзе, Эдвардзе! Табе, адарванаму ад радзімы, цяжка і зразумець, што ў нас тут адбываецца. У нас ідзе працэс, ён садзейнічае росту і сіле нашай дзяржавы, хоць для заграніцы покуль што невідочны. Покуль у вас там усё бурліць, як на вулкане, мы паціху робім сваю справу. Не думай, мы тут не трацім часу дарэмна! Польшча, абяскроўленая трыма заборамі, паўстала не для таго, каб неўзабаве стаць зноў здабычай Расіі ці Германіі. Мы, палякі, дастаткова навучаныя горкім паўтаравяковым вопытам, і робім яе зараз магутнай метраполіяй, якая адным канцом будзе ўпірацца ў Балтыйскае мора, а другім — у Чорнае. I надзейны грунт, на якім усё гэта паўстае,— каталіцкая вера! Зараз мы не хочам Польшчы Пяста з худым абрэзкам зямлі вакол Познані! Жадаем Польшчы Ягелы — па Кіеў, Смаленск і Каўнас! Мы павінны ажыццявіць мары нашых патрыётаў, якія загінулі ў трох паўстаннях і пятнаццаці войнах супраць адвечнага ворага — Расіі!
Эдвард ужо паспеў падчысціць талеркі, выцерціся сурвэткай і аж цяжка дыхаў. А гаспадар сваю сурвэтку запіхнуў за каўнер толькі цяпер. Крыху паеў ды прадоўжыў зноў:
— Першы этап, Эдвардзе, мы прайшлі. Цяпер толькі трэба чакаць, покуль сілы нашы вырастуць, а гістарычньш ўмовы так складуцца, што і апошнія землі прылучым. Маршалак Пілсудскі ажыццявіць гэта зможа, і тады загавораць пра вас не так! I мы не маем права спыняцца! На землях Ягелы нарадзіліся нашыя вялікія продкі: Лелевэль, Касцюшка, Міцкевіч! I ў нас ёсць чым здзейсніць свае мары! Прагныя да дзеяння добраахвотныя калоны кліру ўжо і зараз чакаюць каманды, каб зноў несці слова каталіцкай веры на Усход! Вось, Эдвардзе, якая нашая будучыня!
Не вытрываўшы, у гутарку братоў уклініўся Баляслаў:
— Пане Яне, пшэпрашам! Імперыялістычныя замашкі заўважа-юцца зараз таксама ў Гітлера і Мусаліні! Але штосьці не чуваць, каб хоць якая краіна паклала ў аснову свайго развіцця — рэлігію!
Гаспадар заўвагу студэнта прапусціў міма вушэй. Балбатаў гэтак яшчэ доўга.
Пасля снядання перайшлі ў курыльны пакой. Эдвард разваліўся ў фатэлі. Пан Ян дастаў з інкруставанай скрыначкі сігары і, збіраючыся з новымі думкамі, пакуль што пачаставаў гасцей.
— Турэцкія ці — з Гаваны? — пацікавіўся Эдвард.
— Кубінскія.
Цэлыя гамы пахаў напоўнілі пакой.
Баляслаў зноў не выцерпеў.
— Кажуць, землі Ягелы родзяць не толькі вялікіх людзей,— заўважыў ядавіта.— На ёй бытта бы і тытунь добры расце. У той час калі плацім за яго вялізныя грошы валютай туркам ды кубінцам, Гродзенская тытунёвая фабрыка ад вайны амаль заўсёды стаіць — то сыравіны няма, то ў ёй забастоўкі! Не шкодзіла б пра гэта ў сенаце пагаварыць на сваім чарговым пасяджэнні!
Нездаволены ўжо гаспадар раздражнёна кінуў:
— У справы картэляў і гандлю, пане Баляслаў, мы не лезем, бо ў нас не дыктатура, а дэмакратыя!»
I ўсё гэта словы любімага сына.