Выбрать главу

Стопка паперы была тоўстай. Без прызвычаення Лаўрэн неўзабаве знудзіўся і далей чытаць не стаў. Затое старонкі далі шмат над чым падумаць.

«Ты бачыш, як у Коліка гладко ўсё кладзецца?! От табе і малы!

Але ж адкуль ён пра ўсё тое ведае?! Нават я ўжэ забыўса пра забастоўкі на фабрыцы Шарашэўскаго, пра тыя штрафы за адно каліво тытуню і — як выглядае пан Вішпінг, якая дачка была ў яго, брат Эдвард! Вядомо, пана Колік намаляваў не зусім так, бо ніколі яго не бачыў і ўяўвіў сабе з кніжачак. Што, што, а беларучкай ды абжорай Вішпінга не назавеш. Перад самай нямецка-польскай вайной пан выпісаў з Амэрыкі трактара, то цэлае лето на ім сам і гараў. За цара вучыўса ў акадэміі па гаспадарству — нядарам савецкі афіцэр яго і адпусціў, калі ў верасні 19З9 мужыкі запіхнулі пана ў склеп. Казалі, Вішпінг не то ў Галандыі, не то ў Даніі зараз трымае сабе фірму сельскагаспадарчых машын. У яго цяпер бытта бы можно там купіць нават нашаго «беларуса»...

Нічого, Колік на Далёкім Усходзе навучыцца людзей бачыць не па-кніжнаму. Галоўнае — кірунак трымае правільны. Але ж ты глядзі, як перадаецца ўсё нашым дзецям, як яны лёгко падхопліваюць тое, што перажылі бацькі і дзяды! Што за сіла прымушае іх пра ўсё помніць, бы тую Святланку — пра перажыванні бабы Ніны ў час акупацыі?!.»

2

Надта падбадзёраны сынавымі паперкамі, Лаўрэн асцярожна іх запіхнуў у кішэню зноў ды стаў азірацца — дзе ён. Бытта з таго свегу, даляцелі да Лаўрэна зладжаныя галасы харавой песні і абудзілі яго цалкам.

Ён ужо ведаў — пакуль дазваляла надвор'е, гродзенскія пенсіяне-ры з тых, хто жвавейшы, прыходзілі аж сюды ўбіваць спяваннем свой час. У маладыя гады на вячорках Лаўрэн любіў падпяваць другім голасам, маючы да гэтага ні з чым не параўнальную асалоду. Таму зараз нагадаліся часіны, калі ён, уміратвораны, супакоены ды шчаслізы вяртаўся з такіх вячорак да сябе на хутар.

Божа ты мой, што можа рабіць з чалавекам песня!

Пацягнула Лаўрзна зараз жа падхапіць за аднагодкамі «Распра-гайце, хлопцы, коней!». На тое ён меў час і адпаведны настрой. Але ж тупаць да лавачак каля заасфальтаванай дарожкі не выпадала — сярод харыстаў знаёмых не меў, а заводзіць новых — позна.

Дарожку з лавачкамі Лаўрэн пачаў асцярожна абмінаць і ўбачыў хлопчыкаў.

Малыя як на пажар зляталіся чагосьці да ядлоўчыкаў. Лаўрэн насцярожана пакіраваў таксама туды, бо адразу падумаў: а ці не здзекавацца з ката ці сабакі бягуць і гэтыя шурцы, бы той Сашка — п'яніцы суседа сынок?

Не, на гэты раз школьнікі нічога кепскага не рабілі. Заглянуўшы малым цераз галовы, Лаўрэн спачатку сваім вачам не паверыў — няўжо перад ім дажджавы грыб?

Ён — галавач!

Што ж, грыбы выгоду любяць і макрыну. Столькі стаяла цяплынь ды гэтак лілі дажджы — спорныя, ціхія, абложныя...

Але ж і выперла яго, глядзі,— каля самай дарогі, кудой заўсёды швэндае народ.

Грыб быў вялізны. Кілаграмаў на пяць, а мо і на ўсе шэсць. Колькі Лаўрэн жыў на свеце, а такога яшчэ не бачыў — хоць ты на яго бензапілу валачы. Лаўрэн адно чуў, што вырастаюць і такія — з добрую мужчынскую галаву. Яго дзед, казалі бацькі, прывалок падобны з Бабінага Гаю ды надта ўразіў вёску — цэлы тыдзень людзі мелі аб чым пасля гаварыць ды зайздросціць. Потым яшчэ доўга, калі трэба было што-небудзь успомніць, вясковец тлумачыў суседу падзею такімі словамі:

«Здарыласа гэто ашчэ тады, калі Маркевіч-плытагон велькаго галавача з Бабінаго Гаю прывалок!»

Зараз Лаўрэн са шкадаваннем падумаў: ого, колькі было б у сям'і радасці, калі б такое багацце прыпёр і ён з зялёнадалінскага лесу дадому. Старанна выварыўшы, засмажыць, тады смаката — не на адзін дзень!

— Дзедушка, што гэта такое?! — дапытвалі напалоханыя хлопчыкі.

— У-ух, карака-аціца-а!

— З космасу ўпала, праўда?

— З лётаючай талеркі?

— Учора палякі[41] па целіку паказвалі, як вывалілася штось белае з яе,— сам бачыў!

— Ага! Дым такі сі-іні, сі-іні паваліў і штось як загуло-о, загуло-о!

— Га, з космасу! Ачмурэлі!

— А што, па-твойму?

— Нямецкая міна з вайны засталася!

— Бе-елая?

— А яка-ая?! Яны рознага колеру бываюць — чорныя, зялёныя, белыя, ты не ве-едаў?!

— Сядзела ў зямлі, сядзела і вылезла!

— Цяпер часта яны так вылазяць — калі ўзрывацца маюць! Пра гэта ў газетах пішуць!

— I — пра снара-ады!

— А ў Брэсце гранаты нашы мальцы ў крэпасці цэлыя скрыні знайшлі!

— I я чытаў!..

— Ух, ты-ы!..

— Гэтая — бабахне зараз!

— Не падыходзь!

Хлопчыкам Лаўрэн цярпліва растлумачыў, што яны знайшлі, чым малых вельмі расчараваў.

Затым нагнуўся ды пачаў асцярожна і памалу галавача вылузваць з грунту. Гэта было не проста. Маршчасты, як смарчок, грыб меў мо з пяць ножак, і, каб знаходка не рассыпалася, мусіў кожную ножку аддзяліць ад зямлі, падтрымліваючы яе другой рукой.

вернуться

41

Жыхары Брэста і Гродна прымаюць праграму тэлебачання ПНР