Выбрать главу

Чорт мяняў сваё аблiчча, з маленькага, худзенькага, кволенькага рабiўся раптам быццам арангутанг - з амаль метровымi лапiшчамi, вострымi зубамi iкламi, шалёнымi, злымi вачыма. I калi, гырчучы, пырскаючы слiнаю, кiдаўся, наступаў на Пятра Пятровiча, у чорта падымалася, уставала дыбка на галаве i на хiбе шэрсць.

Пятро Пятровiч нiколi не пасаваў перад цяжкасцямi, не здаваўся, не адступаў. Жыццё прывучыла яго да поспехаў, перамог. I адступаць, пасаваць перад нейкiм чортам, здацца... Не-е! Ён сцiскаў кулакi, напружваў усе свае сiлы i кiдаўся на свайго ворага, браў загрудкi, трос, калацiў, а то i, злаўчыўшыся, хапаў за шыю, душыў...

Але сiлы былi няроўныя. Чорт хутчэй пацяшаўся з Пятра Пятровiча, чым абараняўся. Бо быў ён не толькi вёрткi, мяняў аблiчча, але i хiтры. Ён то даваў сябе пабiць, то раптам знiкаў, дзе i дзяваўся, быццам раствараўся ў паветры, то зноў гiгiкаў, ашчэрваў зубы-iклы, смяяўся, рагатаў... I Пятро Пятровiч, урэшце, зразумеў, што яму не саўладаць з чортам, што рана цi позна той яго пераможа. I здаўся - закрычаў у адчаi:

- Ну бяры, бяры маю душу, толькi не муч, не муч мяне больш!

I ў тую ж хвiлiну адкiнуў галаву, зацiх...

Пахавалi Пятра Пятровiча Каравая на трэцi дзень. А ўжо на чацвёрты згарэла яго дача i разам з ёю - гараж, машына. Не перанёсшы гора, што так нечакана, раптоўна звалiлася на сям'ю, злегла ў бальнiцу, а потым неўзабаве памерла i Лiна. А там i пайшлi адно за адным iншыя непрыемнасцi, няшчасцi - выявiлася, што адкрыццi, якiя рабiў у матэматыцы Пятро Пятровiч, не былi адкрыццямi, iх да яго зрабiлi iншыя вучоныя, але пра гэта мала хто ведаў, ды пры жыццi Пятра Пятровiча i баялiся гаварыць. Як вучоны Пятро Пятровiч Каравай быў развенчаны, i слава як лёгка прыйшла да яго, гэтак жа лёгка i пайшла. Наташка трапiла разам з мужам i Славiкам у аўтамабiльную катастрофу, ды так, што нiхто з iх не астаўся жывы - усе як адзiн загiнулi... Словам, ад сям'i, якой зайздросцiлi, асталiся толькi ўспамiны...

I вiнаваты ва ўсiм... Было б, вядома, наiўна, нават смешна сцвярджаць, што чорт, хоць, аднак, i яго, рагатага, хвастатага, з рахунку таксама не заўсёды, мусiць, трэба скiдваць, а тым больш забываць, што ён ёсць, часта блытаецца пад нагамi, а то i шкодзiць, не дае зрабiць так, як мяркуеш, хочаш...

1986