Выбрать главу

«<…> У Вільню, — прыгадае М. Шыла амаль праз тры дзясяткі гадоў, — прыехаў Карусь Каганец. Прыехаў ён як і заўсёды хадзіў — у кажуху і беларускай сьвітцы. Сьвітка была падпяразаная рэменем, на якім вісеў прывязаны да раменьчыка нож і шабалтас. Спакойная, зраўнаважаная гутарка яго рабіла моцнае ўражаньне. Ягоны выгляд — малы рост і горб, вялікая галава з пасівеўшай бародкай і жывымі, праніклівымі вачыма — цягнуў да сябе кожнага…» (Шыла М. Мае сустрэчы // На суд гісторыі: Успаміны, дыялогі. – Мн., 1994, с. 68).

У дзень прыезду Каруся Каганца ў Вільню пазнаёміўся з ім і Янка Купала, кожны вольны вечар наведваў яго на кватэры Шылы — на Набярэжнай, каля шпіталя Св. Якуба. І на якія б тэмы не распачыналася гаворка, усё зводзілася да беларускага жыцця.

Былі яшчэ сустрэчы і ў час падрыхтоўкі беларускай вечарынкі, у праграме якой планаваліся танцы пад кіраўніцтвам І. Буйніцкага, пастаноўка п’есы М. Крапіўніцкага «Па рэвізіі» і выступленне хора кампазітара Л. Рагоўскага, — які напісаў на словы Каганцовага верша «О Божа, Спасе наш…» цудоўную музыку (згаданая песня-гімн вядомая і пад назвай «Наша малітва»).

Цытуючы «Нашу малітву», Аляксандр Уласаў згадаў, што гэты «першы беларускі верш», прачытаны яму ў юнацтве, зрабіў на яго «моцнае свяшчэннае ўражанне» (Беларускі шлях, 1918, №51). А Янка Купала, калі пісаў аб беларускім нацыянальным гімне, назваў гэты верш першым (артыкул «Справа беларускага нацыянальнага гімна»).

Дзякуючы кампазітару Л. Рагоўскаму верш «Наша малітва» стаў шырокавядомай песняй, рэлігійна-нацыянальным спевам, які з пачатку ХХ стагоддзя дажыў да нашых дзён: з нотамі «Наша малітва» змешчана ў «Беларускім духоўным сьпеўніку» (Вільня, Лондан, 1980–1990) і можа выконвацца любым прафесійным хорам.

Натуральным з’яўляецца нараджэнне ў Каруся Каганца ў гэты час (.) і аднаго з найлепшых вершаў «Кабзар», які строгі ў крытычных ацэнках М. Багдановіч назваў «рэччу самароднай, веючай народным духам і пакідаючай моцнае ўражанне» (артыкул «Забыты шлях»). «Цэнтральным героем лірыкі Каруся Каганца стаў лірнік, кабзар — вобраз, у якім выявілася паэтава разуменне ролі і месца песняра ў жыцці народа, своеасаблівая паэтызацыя Карусём Каганцом сябе як паэта-будзіцеля. Разам з тым верш “Кабзар” — найбольш гарманічны лірычны твор паэта, найбольш чысты ўзор яго песенна-рамантычнага стылю, своеасаблівы пашпарт Каруся Каганца як лірыка», — сцвердзіў і А. Лойка (Гісторыя беларускай літаратуры. Ч. 2. – Мн., 1989, с. 396).

У СУПРАЦІВЕ «МОДНЫМ ШЛЯХЦЮКАМ»

Усю зіму (1909–1910 гг.) Карусь Каганец працуе ў рамесніцкай школе пры касцёле Св. Сцяпана. I цяжкія ўмовы — неадступна з iм. Малы i сыры пакой, які выдзелілі яму ксяндзы, холад i матэрыяльныя нястачы яшчэ больш аслабляюць здароўе. Ды ці многа чаго патрэбна было Каганцу, каб свяціць i ў гэтым волкім пакойчыку? Дзесьці тут стварае ён найвядомую сваю скульптуру — драўлянае ўкрыжаванне Хрыста, амаль у метр вышынёй, афарбаванае ў белы колер; ручнік на поясе Icyca быў аздоблены беларускім народным арнаментам. Уся фігура атрымалася вельмі партрэтнай i нагадвала ўлюбёны Казімірам Карлавічам тып беларуса...

На віленскі перыяд прыпадае i стварэнне Карусём Каганцом «Моднага шляхцюка» — п’есы, якая стала выдатнай з’явай у гicторыі беларускай літаратуры i культуры. Самым лепшым творам пісьменніка назаве яе ў сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры» М. Гарэцкі.

«Бытавая камедыя ў адной дзеі» першая, бадай, узняла ў нашай драматургіі праблему здрады нацыянальнаму, роднаму. Карчэўшчыкі (так — Карчэўшчык — звалі адмоўнага «шляхцюка») былі ўсюды: i ў Вільні, дзе спрабавалі ўвайсці ў «культуру» праз польскія мову i звычаі, i ў Менску, дзе выбіралі расейскую «матку». Яны няўмольна карчавалі сваё спрадвечнае, «тутэйшае», беларускае.

Адметнымі бачацца першаштуршкі да напісання п’есы. Рамесніцкая школа пры касцёле Св. Сцяпана, дзе працаваў Карусь Каганец, была арганізавана Эндэкцыяй (польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыяй) з яскравымі паланізатарскімі мэтамі. Дзяцей беларускай беднаты набіралі ў закрыты інтэрнат дзеля таго, каб узгадаваць з іх нацыянал-палякаў і адданых каталікоў. Польскія ідэолагі на Беларусі разумелі, што іхняе панаванне ў краі без паслужных папіхачоў сярод працоўных мас не будзе мець сілы, і таму ўкладалі значныя сродкі для маральнай і псіхалагічнай пераробкі беларусаў: адкрываюцца адпаведныя школы, выдаюцца падручнікі. Такая палітыка была разлічана ў першую чаргу на народную цемнату, дзякуючы якой і сапраўды ўдавалася падмяніць рэлігійную сутнасць нацыянальнай: калі ты каталік — значыць, ты паляк…