Выбрать главу

Не на дабро наваліліся кепскія сны пра дзяцей, а да ўсяго — ад жонкі брата Амброзія прыйшла вестка, што «Галюшку хочуць узяць на выхаванне якоесь панства»…

Пагоршылася і астрожнае жыццё. Наступіла восень, у камеры паболела людзей, стала пыльна, вокны адчыняць забаранілі. Дзень пакарацеў, а прагулка была адна…

І па-ранейшаму, стомлены і сумны, кожную новую раніцу ён прачынаўся а шостай і чакаў абуджэння званоў нядаўнаўзведзенага Чырвонага касцёла, зачаравана прыслухоўваючыся да строга-велічных i ўрачыста-спакойных гукаў, i ў яго душу, збалелую i стомленую, пачало ўлівацца святло Боскай праўды, — у які ўжо раз да пакутніка прыходзіў збавіцель-ратавальнік...

У паэтычнай ліры Каруся Каганца абуджаецца струна новага, клерыкальнага ладу. Толькі чуць яе доўгія дзесяцігоддзі мы не мелі магчымасці. Вершы згаданага плану то знікалі, то перахоўваліся, то «не заўважаліся» даследчыкамі.

З твораў Каруся Каганца рэлігійнай тэматыкі трэба назваць вершы «Устань, народ, прачухайса...», «Купалле (лета)», «Дзяды (восень)», «Каляды (зiма)», «Юр’е (вясна)», «Аб долю сям’і», «Малітва вячэрняя», «Малітва ранняя», а таксама невялікую паэму «Вялiкi чацвер», якая псіхалагічна ўзнаўляе біблейскі сюжэт аб ахвяраванні сабой Ісуса Хрыста. Перад намі — добраахвотны выбар Бога, які «свету соладзь ўсю да краю // мог бы сабе смакаваці», але які дзеля выратавання чалавецтва аддае сябе на жахлівае пакаранне:

І вот у страху і трывозі, Збалеўшы целам і душой, Прымаў ён чару з рук Яговы, Украй напоўнену тугой…

Хрыстос паўставаў перад чытачом «ачалавечанай» асобай, якой таксама ўласцівы і боязь смерці, і пакуты горычы. Але тое не прыніжала, а, наадварот, яшчэ больш узвялічвала і ўвекавечвала Яго подзвіг, — у якім асацыятыўна маглі прачытвацца і ўчынкі самаадданай дзейнасці Каганцовых таварышаў па агульнай барацьбе з «ненавіснай цемрай». Як, зрэшты, і лёс самога Каганца…

Тэма Бога і ўвогуле рэлігійныя матывы адлюстраваны ў творчасці паэта надзвычай шырока — шырэй, чым у астатніх беларускіх творцаў таго часу і нават святароў-паэтаў Андрэя Зязюлі і Казіміра Сваяка. У гэтым няпростым і засмечаным жыцці пісьменнік шукаў той чысты і светлы шлях да народнага аднаўлення і абуджэння свайго краю.

У просьбах-маленнях да Госпада па-мастацку глыбока і шчыра выявілася сама асоба аўтара, ягоны лёс і лёс родных — як у вершы «Аб долі сям’і»:

Прашу Цябе, Бога вялікага, Глянь на мяне з неба высокага, — На таго чэрвя нікчэмнага, Бяздомнага, беднага дый гаротнага, Што поўзае, хлеба шукаючы, Людзей і край свой кахаючы; Бядою ўсюды ганімага, Няўдачамі праследуемага. Божа вялікі, дай мне трываласці, Да пацеш Ты мяне хоч пры старасці Лепшаю доляй сямейцы маёй З вялікае міласці, з ласкі Тваёй!..

Нельга абмінуць увагай і празаічны тэкст Каруся Каганца «Не той міл Богу, хто многа знае, а той, хто шчыра сэрца к яму навяртае». Ужо ў самой назве згаданага абразка раскрываецца яго ідэя: найважней не веды пэўных канонаў, галоўнае — унутраная шчырасць, душэўныя якасці чалавека. Названы твор можна лічыць і мастацкай прытчай, якая, зрэшты, шмат у чым раскрывае і аўтарскую маральна-эстэтычную пазіцыю.

Працытуем яго:

«Ехаў адзін духоўнік высокага сану лесам, ажно бачыць: паодаль ад дарогі ляжыць калода, а праз калоду чалавек скача. Яго цікавасць узяла, і сказаў ён свайму чалавеку прыпыніціся, а сам злез і пайшоў к таму чалавеку — і чуе, як той, пераскочыўшы ў адзін бок праз калоду, кажа: “Гэта Табе, Божа!”, а пераскочыўшы ў другі бок: “А гэта мне, Божа!”. Тады духоўнік яшчэ болей зацікавіўся і пытае: “Што гэта, чалавеча добры, робіш?”. Той спярша спалохаўся і адскочыў, а далей, апамятаваўшыся, адказвае: “Богу малюся, паночку”. — “Чы ж так Богу маліцца… Хіба калі хочаш, так я цябе навучу?”. Той, зрадзеўшы, давай яго ў рукі цалаваць. Тады духоўнік, сеўшы на калодзе, пачаў яго навучаці. Сяк-так навучыў адной малітве і, сказаўшы тройчы яе сабе пераказаці, паехаў далей.

Праехаўшы яшчэ лесам, дабраліся да лукаў. І трэба было ім перапраўляцца на пароме праз вялікую рэчку. Толькі яны пад’язджаюць к другому берагу, ажно чуе духоўнік, што хтось за ім гукае. Азірнуўся ён — і бачыць: чалавек паверх вады бяжыць як бы па гладкай дарозе. А калі прыглядзеўся, пазнаў таго чалавека, што праз калоду скакаў. Тады духоўнік, усвядоміўшы, што той мае ласку ў Бога, пытае: “Што табе, чалавеча Божы, трэба?” — “Малітву, паночку, забыўся. Будзь ласкаў — хоць раз шчэ скажы!” — “Не варт я, грэшны, вучыць цябе, ідзі і маліся, як і маліўся!”».