У новае стагоддзе Карусь Каганец уступіў у Хрыстовым узросце — яму спаўнялася 33 гады. Застаўшыся апошнім магіканінам мінулага, у час народзінаў новага XX ст. ён стаў піянерам беларускага нацыянальнага руху i народным прарокам. Гэта не проста ўзвышаныя словы ўдзячнай даніны. Памяць друкаваных слоў зберагла для нас шматлікія ўспаміны тагачасных дзеячаў, чые імёны праўдзіва засведчаць сказанае: Аляксандр Уласаў, Антон Луцкевіч, Змітрок Бядуля, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Дыла... Прывядзём толькі некаторыя ўрыўкі. «Я помню, якое сьвяшчэннае ўражаньне на нас, маладых хлопцаў, 15–17 гадоў таму назад (напісана ў . — А. П.) аказаў першы беларускі верш, прачытаны нам К. Кастравіцкім... Ад барадатай прысадзістай фігуры аўтара, нaciўшаго дэманстрацыйны кажух, боты i падпіразанага «чорна-рускім» поясам, веяло такой моцнай, нісакрушымай, як скала, верай, што «Беларусь трэба падымаць...», — згадваў колішні рэдактар «Нашай Нівы» А. Уласаў. У тым жа артыкуле, падрахоўваючы, ён пісаў: «У старым Менску былі тады характэрныя фігуры першых беларускіх прарокаў. Гэта Кастравіцкі i стары археолаг Татур... Гэта былі два Maгiкане, дзьве крыніцы, которыя перэхавалі зародыш беларускай ідэi i не далі ёй загаснуць» (Уласаў А. К. Кастравіцкі i Г. Татур // Беларускі Шлях, 1918, № 52.). Нагадаем, што сябар і паплечнік Каруся Каганца Генрых Хрыстафоравіч Татур — беларускі археолаг, гісторык, этнограф, калекцыянер. Па дакументах i іншых навуковых крыніцах ведаў ycix славутасцяў і герояў нашай мінуўшчыны, прапагандаваў яе слаўныя старонкі. Працаваў над збіраннем свайго беларускага музея i гуртаваў вакол сябе перадавую таленавітую моладзь.
Свае ўспаміны «За дваццаць пяць гадоў…» Антон Луцкевіч пачынае са згадак пра Казіміра Карлавіча: «Было гэта ў Менску, дзе мы (Антон са сваім братам Іванам. — А. П.) ад 1897 году хадзілі ў гімназію. <…> Ужо тады да нас, гімназістаў, прыходзіў Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец), які, верны традыцыі, заўсёды насіў паляшуцкую вопратку з чырвоным поясам ды нож за халявай — “на кожную прыгоду”. Ён чытаў нам свае беларускія вершы <…>, ды гутарылі мы з ім аб беларускай справе» (Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903 – 1928) (Успаміны аб працы першых беларускіх палітычных арганізацыяў…). – Вільня, 1928, с. 4.). «Аб нацыянальным ідэале першым пяе напярэдадні рэвалюцыі 1905 года Казімір Кастравіцкі, і яму рысуюцца абразы мінулае волі і славы беларускага народу», — зазначыць А. Луцкевіч і ў кнізе «Пуцяводныя ідэі беларускае літаратуры».
Паэтычна-шчыра, з болем у душы адгукнецца на нечаканую смерць Каруся Каганца Змітрок Бядуля: «Пайшоў да Бога адзін з нашых найстарэйшых піанэраў беларускага адраджэньня, пісьменьнік Каганец. <…> К. Каганец меў вялікі ўплыў на ўсіх маладых беларускіх пісьменьнікаў сваім бязьмежным каханьнем да роднага краю, роднай мовы. Ён лічыцца духоўным бацькам ycix прадстаўнікоў беларускага руху <…>. Дарагі сівы наш тату! Toe, што ты пасеяў на беларускай ніве, мы будзем i далей пільнаваць i даглядаць, i твой сьветлы дух, твае сьвятыя думкі будуць нашай апорай назаўсёды...» (Бядуля Зм. (Некралог пра Каруся Каганца) // Беларускі шлях, 1918, № 49.).
Свае згадкі пра Каруся Каганца заканчвае амаль тым жа i В. Ластоўскі: «...вось тая горстачка ўспамінаў, якія захаваліся ў маёй памяці з непасрэдных гутарак з гэтым арыгінальным, дужа асьвечаным, надзвычайна чуткім, запраўдным піянерам беларускага адраджэньня» (Ластоўскі В. (Успамін...) // Савецкая Беларусь, 1928, № 115).
Не ўсе, натуральна, станоўча ацэньвалі нацыянальна-адраджэнскія памкненні Каруся Каганца. Яўхім Карскі, да прыкладу, пакінуў пра яго такое суб’ектыўнае сведчанне: «Вообще он большой сепаратист и ненавистник всего русского»…
…Новае стагоддзе прыносіць і новыя радасці (жонка падарыла першынца Янку), і новыя цяжкасці. У Лісіх Норах не хапала зямлі нават для сыноў ад другога матчынага мужа, i . Карусь Каганец праводзіць на службе ў Менскай чайной, дзе развівае шырокую рэвалюцыйную чыннасць. У сакавіку . яго як палітычна ненадзейнага звальняюць. Пабыўшы некаторы час беспрацоўным, ён знаходзіць занятак (на тры месяцы) у мастацкай майстэрні ў Рызе. Затым — зноў без працы. А тым часам народжваецца другі сын Мірон.
Нарэшце ў канцы . Карусь Каганец паступае эканомам у Менскае таварыства дабрачыннасці, дзе i праслужыць два гады, займаючыся адначасова нацыянальным i сацыяльным выхаваннем менскай моладзі, арганізуе беларускі хор i аркестр.