На ўсходзе Сяхновічы межавалі з Каранёўскім маёнткам — вотчынаю сем’яў Каранёўскіх, Мажэйкаў і Пацеяў [152].
Ужо згадвалася, што да пачатку ХVІ стагоддзя сяхновіцкія землі належалі да Каранёва (цяпер гэта хутар блізу Крыўлянаў). На працягу ХVІ — ХVІІІ стагоддзяў адбылося некалькі значных размежаванняў паміж двума маёнткамі, апошняе — восенню і зімою 1778 года [153].
Для ўмацавання сваіх валоданняў паны Каранёўскія пабудавалі невялікую драўляную фартэцыю (так званы Крыўлянскі замак), рэшткі якога і сёння існуюць паміж вёскамі Мажэйкі і Налезнікі на Жабінкаўшчыне [154].
У сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя гэтыя землі зрабіліся адным з цэнтраў латыфундыі Рэчыцкі Ключ князёў Чартарыйскіх, у склад якой увайшлі таксама Вялікія Сяхновічы.
На захадзе непасрэднымі суседзямі Сяхновічаў былі Чарнаўчыцы (званыя ў тагачасных дакументах Чарнаўчыцкім графствам, сёння ў межах Брэсцкага раёна) — уласнасць адной з галінаў заможных Радзівілаў — і маёнтак Непакойчыцы — родавае гняздо шляхціцаў Непакойчыцкіх герба “Пацей” [155].
Заходнія межы сяхновіцкага валодання былі найбольш трывалымі: ад ХVІІ — ХVІІІ стагоддзяў не дайшло ніводнага паведамлення пра сур’ёзныя спрэчкі, парушэнні ці прэтэнзіі.
Цесныя сувязі Сяхновічы падтрымлівалі таксама з каралеўскімі (велікакняскімі) уладаннямі, найперш — з блізкімі землямі Кобрынскай і Берасцейскай эканомій.
Кобрынскае староства (эканомія) было ўтворанае на абшарах былога ўдзельнага княства [156]. У ХVІ стагоддзі на Кобрыншчыне амаль упершыню ў ВКЛ ажыццявілася на практыцы аграрная рэформа, вядомая пад назваю “Валочнай памеры” (ці “Уставы на валокі”) [157]. Рэформа дала моцны штуршок да станаўлення фальварачнай гаспадаркі, што паспрыяла развіццю эканамічных адносінаў у краі. Пра хуткае развіццё Кобрыншчыны сведчаць наступныя факты: паміж 1563 і 1597 гадамі на гэтых землях узніклі 10 новых вёсак, а шчыльнасць насельніцтва склала 10 чалавек на 1 км2, што было значна больш, чым у прыватнаўласніцкіх вёсках [158].
Касцюшкі, як і большасць вясковых памешчыкаў, звярнуліся да фальварачнай сістэмы значна пазней. Толькі ў другой палове ХVІІ стагоддзя яны пачалі ўводзіць у сваіх валоданнях новую сістэму гаспадарання. Такое спазненне стала адной з прычын хуткага заняпаду гаспадарак кшталту Сяхновічаў. (Дарэчы, насельніцтва самага значнага касцюшкаўскага валодання — Вялікіх Сяхновічаў — нават у 1760-ыя гады не дасягала і 70 чалавек) [159].
У першай палове ХVІІІ стагоддзя Кобрыншчына адміністрацыйна злілася з Берасцейскай эканоміяй (апошняя таксама ўтварылася ў ХVІ стагоддзі) [160]. Як сведчаць інвентары 1712, 1724, 1731, 1742, 1757 гадоў, з’явілася агульная Берасцейска-Кобрынская эканомія, якая здавалася ў арэнду найзаможнейшым магнатам [161].
Як бачым, суседнія з Сяхновічамі землі моцна розніліся па тыпах уласнасці. Тут можна было знайсці паселішчы дзяржаўныя (Арэпічы, Рачкі), каралеўскія (так званыя “гаспадарскія сталаванні”) (Азяты, Вежкі), магнацкія (Булькова, Чарнаўчыцы), шляхецкія (Здзітавец, Каранёва) і царкоўныя (Алізараў Стаў, Крупчыцы).
З кожным з гэтых валоданняў Касцюшкам-Сяхновіцкім прыходзілася будаваць адносіны, часам не абыходзілася без канфліктных сітуацыяў, якія вырашаліся, галоўным чынам, праз суд.
Частка 3
ЛІНІЯ “ІВАНАВІЧАЎ”
ПЁТР ДЫ ПАВЕЛ
ХVІІ і ХVІІІ стагоддзі сталіся пераломным часам ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага і ўсёй Рэчы Паспалітай — федэратыўнай дзяржавы, што з 1569 года месцілася ў самым цэнтры Еўропы.
Бясконцыя войны, у якія была ўцягнутая краіна, аслабленне цэнтральнай ўлады, а разам з тым узмацненне свавольства магнатэрыі ды адкрытае ўмяшальніцтва іншаземцаў ва ўнутраныя справы дзяржавы — усё гэта разам неаднойчы стварала пагрозу незалежнаму існаванню краіны [162].
У такіх небяспечных варунках жыло грамадства, у якім некалькі пакаленняў нараджаліся і існавалі ва ўмовах бесперапынных знешніх і ўнутраных узрушэнняў, што ахоплівалі федэратыўную дзяржаву. У такіх няпростых умовах развівалася ўся тагачасная Беларусь, у тым ліку яе заходняя частка — Берасцейшчына, у склад якой уваходзілі землі Сяхновіцкага маёнтка.
Мікалай Іванавіч Касцюшка, заснавальнік старэйшай галіны сяхновіцкіх гаспадароў, пакінуў пасля сябе двух сыноў — старэйшага Паўла (№ 30) і малодшага Пятра (№ 31). Абодва мелі шматлікіх нашчадкаў.