Павел, які браў шлюб з Зоф’яю Здзітавецкаю, памёр каля 1665 года, пакінуўшы ажно шэсць сыноў: Станіслава (№ 51), Гераніма (№ 52), Мікалая (№ 53), Яна (№ 55), Пятра (№ 56) і Енджэя (№ 54). Апошні меў сына Яна Касцюшку-Сяхновіцкага, войскага чырвонаградскага (№ 85), і ўнука Антонія Юзафа (№ 144), які ў 1715 годзе прадаваў надзелы ў Папротнай і Лойках, што каля родавых Сяхновічаў.
Аднак сярод Касцюшкаў-Іванавічаў найбольш спрычыніўся да працягу рода старэйшы ўнук Мікалая Касцюшкі-Сяхновіцкага — Станіслаў. Той пакінуў пасля сябе трох сыноў: Дамініка (№ 82), які згадваецца ўпершыню на старонках “Альбома студэнтаў Замойскай акадэміі” пад датай 26 мая 1717 года [163], а таксама Уладзіслава (№ 83) і Антонія (№ 84).
Лінія Касцюшкаў, якая даіснавала да ХХ стагоддзя, цягнулася ад сярэдняга брата — Уладзіслава. Пра яе будзе асобна расказана ніжэй у главе “Апошнія «Іванавічы»”.
ХРЫЗАСТОМ
З ХVІІ стагоддзя шмат Касцюшкаў пачало сяліцца на Гродзеншчыне, Мсціслаўшчыне, Піншчыне, у іншых ваяводствах і паветах Вялікага княства [164]. Гэта было выклікана разрастаннем роду. На той час жылі каля 60 нашчадкаў Касцюшкі Фёдаравіча, і малы спадчынны маёнтак ужо не мог задаволіць кожнага адпаведным надзелам.
Так, у 1669 годзе ўладальнік Грыцэвічаў (цяпер вёска ў Жабінкаўскім раёне) сын Пятра Мікалаевіча Хрызастом Касцюшка (№ 59) пераехаў у Кобрын, як толькі купіў гарадскі пляц у спадкаемцаў прыдворнага злотніка (ювеліра) каралевы Боны Сфорцы д’Арагон — Пьетра дзі Напалі (Пятра Неапалітанчыка) [165]. Пан Хрызастом стаў адным з гаспадароў горада, разбуранага пад час вайны Масковіі з Рэччу Паспалітай 1654 — 1667 гадоў (у Кобрыне на той час ацалела толькі 148 дамоў з 478, што існавалі да пачатку ліхалецця).
У тым самым 1669 годзе Хрызастом перадаў на правах заставу (арэнды) свае надзелы ў Сяхновічах. Арандарам стаў ягоны родзіч Аляксандр Ян Касцюшка Сяхновіцкі (прадзед Т. Касцюшкі). І надалей Хрызастом і Аляксандр Ян падтрымлівалі між сабою прыхільныя адносіны, тым больш, што жонкі абодвух паходзілі з адной сям’і Дзенісовічаў.
Увесну 1674 года Хрызастом і Аляксандр Ян выправіліся ў Варшаву на элекцыйны (выбарчы) сойм, які павінен быў вылучыць новага караля Рэчы Паспалітай. 21 мая шляхта Кароны (Польскага каралеўства) і Княства (Вялікага княства Літоўскага) аднагалосна аддала свае галасы за вядомага палкаводца Яня Сабескага, каранаванага пад імем Яна ІІІ [166].
Хрызастом Касцюшка адрозніваўся няўрымслівым характарам. У 1676 годзе ён быў нават асуджаны на баніцыю (выгнанне з дзяржавы). Аднак, відаць, неўзабаве вырок быў адменены, паколькі ўжо 13 снежня таго самага 1676 года Хрызастом ад свайго імя і ад імя сваёй жонкі Канстанцыі Дзенісовіч скардзіўся на паноў Самуэля і Бенядзікта Бухавецкіх, якія наехалі на ягоны застаўны маёнтак Прылукі і нарабілі шмат шкоды, не спыніўшыся нават перад забойствам слугі. А ў 1680 — 1686 гадах Хрызастом судзіўся з уласным братам Веспазіянам (№ 57) і зямянамі Залушчынскімі: яго абвінавачвалі ў нападзе на двор Здзітавец-Залушчынчызну (на Жабінкаўшчыне), у рабаваннях і гвалтах, учынёных над мясцовымі землеўладальнікамі [167].
Менавіта Хрызастом Касцюшка настояў на выгнанні з Кобрына цэлага яўрэйскага кагала. Па ягонай прапанове Ян ІІІ 24 сакавіка 1688 года абвясціў у Гародні жорсткі дэкрэт, у якім загадаў “вечне выволать” кобрынскіх жыдоў “зо всих земель и панств”. Яны абвяшчаліся па-за законам і, пазбаўленыя права прытулку, павінныя былі вечна бадзяцца па свеце [168].
Пляц у Кобрыне пасля смерці Хрызастома адышоў да магдэбургіі. У 1704 годзе ягоны сын Міхал Францішак (№ 91), войт кобрынскі і гарадзецкі, за 200 злотых адкупіў бацькаву спадчыну. Так званы “Касцюшкаўскі пляц” заставаўся ў нашчадкаў Хрызастома яшчэ каля сарака гадоў, пакуль ягоны ўнук Антоні (№ 147) 18 красавіка 1742 года не перадаў надзел Кобрынскаму кляштару [169].
Прыкметнаю асобаю ў тагачасным Берасцейскім ваяводстве таксама быў малодшы сын Хрызастома — крамяніцкі староста Павел Дамінік Касцюшка-Сяхновіцкі (№ 92).
ФУНДАТАР СЯХНОВІЦКАЙ ЦАРКВЫ
Павел Дамінік пражыў доўгае жыццё: нарадзіўся каля 1670 года, а памёр, як гэта вынікае з сямейных папераў, ужо пасля 1746 года.
У пэўным сэнсе Павел быў тыповым дзіцём свайго часу, выхаваным у тым асяродку, які ўзнікае ў няпростыя часы “смут” і анархій, што ахопліваюць дзяржаву, пазбаўленую выразна акрэсленых арыенціраў далейшага развіцця.
Новы элекцыйны Варшаўскі сойм, сабраны дзеля абрання чарговага караля польскага і вялікага князя літоўскага па нябожчыку Яну Сабескаму, яскрава прадэманстраваў глыбокі раскол, што існаваў у грамадстве. Стаўленіку Расіі саксонскаму электару Аўгусту ІІ Ветыну супрацьстаяў французскі прэтэдэнт герцаг Франсуа Луі дэ Канці. Вострая канкурэнтная барацьба за карону федэратыўнай дзяржавы выклікала не толькі адтэрміноўку элекцыі, але і далейшае прыніжэнне ролі Рэчы Паспалітай у вачах еўрапейскай супольнасці [170]. Акрамя таго, на сойме ў Варшаве былі прынятыя яшчэ два лёсавызначальныя для далейшай гісторыі Беларусі рашэнні: было абвешчанае ўраўнанне шляхты ВКЛ у правах з польскаю і забароненае ўжыванне ў судах беларускай мовы.