У рабоце сойма брала ўдзел вялікая дэпутацыя берасцейскай шляхты, у тым ліку ажно 14 прадстаўнікоў роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх.
Апроч Паўла Дамініка, які выконваў абавязкі пісара гродскага (гарадскога) берасцейскага суда, там прысутнічалі Аляксандр Ян з сынамі Аўгусцінам Дамінікам (№ 96) і Амброжыем Казімірам (№ 98), Міхал Францішак (брат Паўла), Казімір (№ 38), Ян (№ 67), Казімір (хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе брат Яна — Казімір Францішак (№ 69)), Адам (№ 72), Юзаф (№ 75), Казімір (№ 78), Геранім (№ 70), Станіслаў (№ 94) і Фаўсцін Бенядзікт (№ 99) Касцюшкі-Сяхновіцкія [171].
У 1710 годзе Павел Касцюшка займаў пасаду лоўчага, а з 1716 года да самой смерці ўжо выступаў у якасці пісара Берасцейскага ваяводства, уваходзіў ва ўрад Брэста. 15 лютага 1718 года ва ўмовах вядзення Рэччу Паспалітай Паўночнай вайны (1700 — 1725 гадоў) пастановаю берасцейскага сойміка ён быў прызначаны зборшчыкам падаткаў (“падымнага”) на ўтрыманне войска, прычым ў пастанове спецыяльна агаворвалася, што П. Касцюшка не павінен “забіраць для сябе з сабранага больш за адзін грош з кожнага злотага, паводле найноўшых распараджэнняў” [172]. Такая заўвага была не залішняю ва ўмовах шматлікіх злоўжыванняў, якія дазваляла сабе шляхта. Дый сам Павел Дамінік таксама быў некалі заўважаны ў рабаваннях суседніх каралеўскіх вёсак. Пра гэта сведчыць “Рэестр стратаў, учынёных панцырнай харугвай (палком) у Вяжэцкім Ключы” за 1698 год. Рабаўнікі (а сярод іх былі прадстаўнікі многіх вядомых у краі родаў) выдатна скарысталі тады фактычнае бязуладдзе ў Рэчы Паспалітай: былі моцна абрабаваныя дзесяць каралеўскіх вёсак, з якіх вывезена рэчаў агульнай колькасцю на 38,5 тысяч злотых [173].
Павел Дамінік удзельнічаў у гэтым злачынстве разам з братам Міхалам Францішкам і нанёс стратаў “сталовым” землям на 4 тысячы злотых. Ён вывез з вёскі Якаўчыцы 58 бочак жыта, ячменю і аўса, гвалтам у Сяхновічы забраў двух работнікаў. П. Касцюшка прымусіў якаўчуроў (так і дагэтуль завуцца жыхары Якаўчыцаў) штодзённа даваць яму падводу і раз на тыдзень несці варту (ахоўваць касцюшкаўскую сядзібу, скарб і землі). А брат Міхал, у сваю чаргу, вывез на свой двор з Прускі 28 вазоў сена ды 15 вазоў саломы. Разам з імі “вызначыўся” і прадстаўнік малодшай лініі Касцюшкаў-Сяхновіцкіх Казімір, які абрабаваў сумесна з панам Юрагам вёску Глінянка (усе пералічаныя населеныя пункты былі на памежжы сучасных Жабінкаўшчыны і Кобрыншчыны). Між іншым, былі ўзятыя так званыя “дэпутацкія” грошы, сабраныя для дэпутатаў, абраных на сойм. Сем падводаў сяхновіцкі гаспадар выправіў за кошт каралеўскіх падданых у Львоў [174].
Аднак у памяці мясцовых жыхароў Павел Касцюшка-Сяхновіцкі застаўся зусім не ў сувязі з гэтымі гучнымі справамі. Дзякуючы яму ў першай чвэрці ХVІІІ стагоддзя была адноўлена старадаўняя уніяцкая Вялікасяхновіцкая царква Міколы Цудатворцы.
18 снежня 1727 года Павел разам са сваёю жонкаю Цэцыліяй Урэт выдаў на гэтую патрэбу спецыяльны пісьмовы фундуш (ахвяраванне), унесены ва ўрадавыя кнігі Берасцейскага замка. Храм, заснаваны продкамі П. Касцюшкі, з цягам часу прыйшоў у поўнае занядбанне, таму навакольныя сяляне вымушаныя былі наведваць “чужыя” цэрквы. У адноўлены Свята-Мікалаеўскі храм загадам паноў-уласнікаў прызначаўся айцец Васіль Бялевіч, у карыстанне якому быў пакінуты царкоўны дом з усімі пабудовамі і навакольнымі землямі, лясамі, сенажацямі. Ад айца Васіля і ягоных наступнікаў Касцюшкі патрабавалі толькі “рупліва клапаціцца аб духоўнай карысці прыхаджан” і кожную суботу служыць абедню ў гонар заснавальнікаў храма [175].
Пазней імя Паўла Касцюшкі неаднаразова сустракаецца на старонках справаводчых актаў 20 — 40-х гадоў ХVІІІ стагоддзя. У чарговы раз ён узяў актыўны ўдзел у палітычнай дзейнасці напрыканцы 1733 года — у час чарговай нестабільнасці ў дзяржаве, выкліканай смерцю караля Аўгуста ІІ. Зноў пачалася барацьба за карону, на гэты раз паміж сынам памерлага манарха Аўгустам ІІІ і ягоным супернікам Станіславам Ляшчынскім, які непрацяглы час лічыўся каралём яшчэ ў перыяд Паўночнай вайны [176]. Берасцейская шляхта, сярод якой быў і Павел Дамінік Касцюшка, аднагалосна выказалася ў падтрымку Аўгуста ў Чарнаўчыцах, паколькі сабрацца ў Брэсце, занятым расійскімі войскамі, было немагчыма [177].