Пасля сябе Павел пакінуў пяць сыноў: цыстэрцыянца Габрыэля (№ 146), капітана каралеўскай службы Антонія (№ 147), пяцігорскага намесніка Бенядзікта (№ 148), лоўчага Юзафа (№ 150) і малодшага сына Францішка (№ 149).
У часы жыцця гэтага пакалення Касцюшкаў на Берасцейшчыне ўтварылася магнацкая латыфундыя князёў Чартарыйскіх — так званы Рэчыцкі Ключ, якая неўзабаве паглынула былыя каралеўскія ўладанні, землі Каранёўскага маёнтка і падышла непасрэдна да Сяхновічаў. У 1756 годзе Габрыэль, Юзаф і Францішак адмовіліся ад сваёй часткі спадчыны на карысць вяльможных Чартарыйскіх [178].
Да канца ХVІІІ стагоддзя Ян (№ 139) і парнаўскі чашнік Станіслаў Касцюшкі-Сяхновіцкія (з Іванавічаў) (№ 177) з’яўляліся ўжо толькі арандарамі ў былым родавым гняздзе. А ўнук Паўла — Бруна (№ 181) у 1774 годзе атрымаў у валоданне невялічкі маёнтак Чурылаўшчызна побач з Сяхновічамі. Нашчадкі Бруна гаспадарылі тут яшчэ больш за сто гадоў [179]. Паступова Касцюшкі страчвалі кантроль над родавымі землямі, пакуль не згубілі іх канчаткова.
У першай чвэрці ХІХ стагоддзя Рэчыцкі Ключ пачаў дзяліцца. І амаль першымі з яго складу вылучыліся Вялікія Сяхновічы, якія перайшлі ва ўласнасць памешчыка Францішка Ілаковіча [180]. Апошнімі гаспадарамі маёнтка (паміж 1850 і 1939 гадамі) была сям’я паноў Прыбораў (Пржыбораў, Пшыбораў) з Міншчыны.
АПОШНІЯ “ІВАНАВІЧЫ”
Скласці падрабязны радавод Касцюшкаў ХІХ стагоддзя ўяўляецца надзвычай складанаю працай. Не дастае значнай колькасці дакументаў, якія дазвалялі б прасачыць сямейныя сувязі, што існавалі на той час паміж прадстаўнікамі радзіны. Нават тыя звесткі, якія існуюць, вызначаюцца няпэўнасцю.
Пасля падаўлення паўстання 1830 — 1831 гадоў беларуская шляхта апынулася пад надзвычайным уціскам, адным з пряўленняў якога стаў так званы “разбор шляхты”. Гэтая палітычная акцыя мела на мэце значнае змяншэння на беларускіх (“прыдбаных, ад Польшчы адарваных”) землях шляхты як найбольш актыўнага чынніка ўсіх антырасійскіх выступленняў на Беларусі ў 30 — 60-ыя гады ХІХ стагоддзя. Расійскія ўлады былі не толькі занепакоеныя вялікаю колькасцю асобаў, што на колішніх землях ВКЛ далучалі сябе да шляхецкага саслоўя, але, як было сказана ў спецыяльным законе ад 19 кастрычніка 1831 года, многія шляхціцы “па ладзе жыцця... найбольш схільныя былі да паўстання і злачынных дзеянняў супраць законнай улады”. Таму ўлады патрабавалі ад кожнага, хто лічыў сябе шляхціцам, прадставіць сур’ёзныя дакументальныя доказы шляхецкага паходжання.
У такіх варунках непасрэдную родавую блізкасць да старэйшай галіны Касцюшкаў-Сяхновіцкіх здолелі давесці толькі нашчадкі парнаўскага чашніка Станіслава Касцюшкі. Той нарадзіўся каля 1750 года. На старонках справаводчых кніг упершыню згадваецца пад 1769 годам, калі атрымаў даравальны ліст ад свайго дзядзькі Яна (такім чынам, Станіслаў мог быць сынам Вінцэнта (№ 140) ці Роха (№ 141), родных братоў згаданага Яна). У 1777 — 1778 гадах Станіслаў выступаў у якасці дзяржаўцы Сяхновіцкага [181].
У 1852 годзе сыны Станіслава Севярын (№ 191) і Аляксандр (№ 193), а таксама іх дзеці Уладзіслаў (№ 195) і Станіслаў (№ 199) Касцюшкі-Сяхновіцкія нарэшце дамагліся права быць запісанымі ў радаслоўную кнігу дваранства Гродзенскай губерні. Разам з імі там былі таксама згаданыя Караль Касцюшка, яго сын Ігнацій, ротмістр расійскіх войскаў у 1812 годзе, і ўнук Адам (у радавым роспісе калена Караля не пазначанае, паколькі дакладна невядома, ад каго яно паходзіла) [182].
Прыкладна з сярэдзіны ХІХ стагоддзя нашчадкі Станіслава Касцюшкі мелі таксама надзелы ў Кобрыне, на тэрыторыі былога Кобрынскага Ключа.
Гэтае вялікае зямельнае валоданне, утворанае ў другой палове ХVІІІ стагоддзя, 18 жніўня 1795 года за асабістыя заслугі і падаўленне Касцюшкаўскага паўстання Кацярыны ІІ падаравала фельдмаршалу Аляксандру Сувораву [183].
7 мая 1808 года сын расійскага военачальніка Аркадзь Сувораў прадаў Кобрынскі Ключ маёру Густаву Гельвігу. Аднак той стаўся няздатным гаспадаром, таму ў 1819 годзе ягоныя землі, за выключэннем невялікай часткі (маёнтак Губерня), былі падзеленыя паміж крэдыторамі.
У 1858 годзе спадчыннікі Г. Гельвіга паны Шабельскія прадалі ўжо Губерню прафесару Харкаўскага універсітэта Аляксандру Міцкевічу (1801 — 1871), малодшаму брату вялікага паэта.
У кобрынскім маёнтку сям’я Міцкевічаў заставалася да 1873 года [184]. Пасля іх Губерня была падзеленая на тры часткі паміж Марыяй Скаўронскай, Марыяй Свянціцкай і спадчыннікамі Станіслава Касцюшкі. Надзел апошніх складаўся з 114 дзесяцін і меў назву Клапоцын [185].