Як і астатнія сяхновіцкія гаспадары, Адам Фёдаравіч быў адукаваным чалавекам (сярод шматлікіх дзяржаўных і судовых актаў, прагледжаных намі, не выяўлена ніводнага, дзе Касцюшкі, па прыкладзе сваіх малапісьменных суседзяў, пакідалі б замест уласнага подпісу крыжык). Ён стаў нават перапісчыкам адной з кніг Літоўскай метрыкі, пра што сведчыць паметка, пакінутая ім напрыканцы: “тыем книги переписывал я, Адам Костюшъко, властною рукою” [193].
Адам меў двух дачок, якіх выдаў за Гарноўскага і Непакойчыцкага (апошняя — Зузанна (№ 35) — згадваецца ў судовай справе пад 1661 годам [194]), а таксама трох сыноў: Аляксандра Фаўсціна (№ 36), які ў 1647 годзе ажаніўся з Зоф’яй Дзенісовіч, Крыштафа (№ 37), пашлюбленага з Шаставіцкай, і ўладара маёнтка Дашкавічы (каля цяперашняй вёскі Алізараў Стаў Жабінкаўскага раёна) Ежы (Юрыя) (№ 38) [195].
Апошні вызначыўся пад час працяглай і крывавай вайны Расіі супраць Рэчы Паспалітай, якая цягнулася з 1654 па 1667 год. Ежы Касцюшка быў сярод берасцейскай шляхты, якая ў 1661 годзе “без зброі, пораху і свінцу, без пэўнага ведання справы і ў абмежаванай колькасці” выправілася на вызваленне Берасцейскай крэпасці, занятай маскоўскімі ваяводамі. На чале гэтага руху стаяў кашталян Міхал Савіцкі, ураджэнец маёнтка Савіцкае на Жабінкаўшчыне (цяпер — частка вёскі Залуззе). “Паспалітае рушэнне”, у склад якога ўваходзіў Е. Касцюшка, было адкінутае і пабітае ўжо ў першай сутычцы з ворагам, але падрыхтавала ўмовы для канчатковага выгнання маскоўскіх войскаў з Берасця [196].
Аднак не толькі добрую славу ў наваколлі пакідалі нашчадкі Фёдара Касцюшкавіча. Ягоны малодшы сын Яраш праз сем гадоў пасля падзелу 1622 года зняславіў сваё імя незаконным уварваннем на капу.
НА КОПНЫМ СУДЗЕ
Расповед пра Касцюшкаў ХVІ — ХVІІІ стагоддзяў будзе няпоўным, калі не звярнуць увагу на стаўленне прадстаўнікоў гэтай сям’і да сваіх падданых.
Разам з прыкладамі дбайных адносінаў да сялянаў, можна знайсці таксама акты, якія сведчылі пра “збегі” прыгонных з Сяхновічаў [197]. Такія справы звычайна выносіліся на копныя суды.
Капою называлі сход сялянскай грамады, на якім разглядаліся дробныя крадзяжы, скаргі, межавыя непаразуменні, што ўзнікалі паміж суседзямі. Капаванні звачайна збіраліся пад аткрытым небам — у мясцінах, званых капавішчамі. Крыніцы згадваюць больш за дваццаць такіх месцаў у межах тагачаснага Берасцейскага ваяводства. Улада кожнага копнага раёна распаўсюджвалася “на ўсе чатыры бакі” на адну мілю, альбо 14 вёрстаў [198].
У непасрэднай блізкасці ад касцюшкаўскіх валоданняў выяўлена месцазнаходжанне капавішчаў “на границы кгрунтов именья Здитовецкого, Коренева и Сехнович”(інакш — «на копи врочищом У Град») (1589 і 1621 гады) [199], “на урочищу подле моста Вежецкого” (1631 год) [200], “на урочищу против Комарова” ля Непакойчыцкага маёнтка (1589 год) [201], “на врочищу у в Олизарова Става” (1589 і 1680 гады) [202] і пад маёнткам Савіцкае-Ківаверты (цяпер частка вёскі Залуззе) (1589 год) [203].
Як правіла, у дзейнасці копных судоў бралі ўдзел прадстаўнікі двух-трох навакольных вёсак. Пры рашэнні найбольш складаных спраў рэпрэзентатыўнасць судоў узрастала. Так, увесну 1631 года, калі ля Вежак разбіралася справа пра рабаванні, на капу з’ехаліся пасяленцы з 12 навакольных вёсак, у тым ліку з Ханькоў, якія належалі Адаму Касцюшку. Больш “сведкаў вакольных” збіралася толькі ў красавіку 1589 года, калі Мікалай Іванавіч Касцюшка-Сяхновіцкі разлядваў справу пра рабаванне сваіх Сяхновічаў [204].
Пачэснае месца на копах займалі “старцы”, якіх выбіралі з ліку заможных сялян, і дзяржаўныя чыноўнікі (апошнія дасылаліся з Берасця). Яны разам назіралі за справамі і зацвярджалі судовыя прысуды.
Копы не заўсёды заканчваліся мірна, бо часам шляхціцы, незадаволеныя пастановаю, спрабавалі сілаю навязаць сходу карыснае для сябе рашэнне. Напрыклад, 24 мая 1629 года пан Іван Верашчака скардзіўся на Яраша Касцюшку, які ў катэгарычнай форме адмовіўся з’явіцца на суд. Сяхновіцкаму пану дасылаліся некалькі “позваў” (афіцыйных запрашэнняў), якія той дэманстратыўна ігнараваў. Нарэшце Я. Касцюшка прыехаў на капу, але не дзеля таго, каб прызнаць свае памылкі. Ён з’явіўся разам са сваім прыяцелем Фёдарам Здзітавецкім у акружэнні слуг. Сяхновіцкія і здзітавецкія падданыя ўчынілі прысутным на капавішчы “вялікае збіццё і зраненне” ды разагналі сход [205].
Аднак нельга лічыць, што гэта была тыповая для таго часу сітуацыя. Разгон капы ўсё ж здараўся рэдка, і вінаватаму часцей за ўсё даводзілася адказваць. Напрыклад, 18 сакавіка 1680 года, калі павятовы генерал Андрэй Лясота са шляхціцамі, узятымі ў сведкі, прымусіў склікаць грамаду пад Алізаравым Ставам, “дзе заўсёды, як на звычайным месцы, з даўніх часоў копы бывалі”. На ёй унукі Адама Фёдаравіча Адам (№ 72), Тэадор (№ 73) і Юзаф (№ 75) дамагліся пакарання сялян паноў Яна Непакойчыцкага Станіслава Узоўскага з Курпічаў на Жабінкаўшчыне. Гэтыя падданыя ў цемры наўмысна падпалілі гумно ў Сяхновічах, чым нанеслі вялікія страты [206].