Выбрать главу

Рост сям’і штурхаў Людвіка Касцюшку да ўсё больш настойлівых спробаў вярнуць страчаныя Сяхновічы. (Заўважым, што сярод усіх прадстаўнікоў роду менавіта Людвік вызначаўся асаблівай прыхільнасцю да сямейнага гнязда, лічыў прынцыповым пытанне пра вяртанне пад сваю руку спадчыннага маёнтка). Ад Сапегаў Л.Т. Касцюшка дамогся поўнага кантролю над Мерачоўшчынай. Смаленскі ваявода Пётр Павел Сапега, а пазней і ягоны сын Ян не перашкаджалі гэтаму, бо іх асабістыя даўгі пану Людвіку перавышалі 43 тысячы злотых [247]. Ф. Канечны лічыў Людвіка Касцюшку здольным “аграрным банкірам”, чалавекам разважлівым, надзвычай эканомным і гаспадарлівым [248].

Пасля смерці дзядзькі Фаўсціна (1755 год) Сяхновічы, моцна абцяжараныя даўгамі, перайшлі да ягонага сына Яна Непамуцэна (№ 167), крамяніцкага старосты. Апошні прагнуў пазбавіцца стратнага маёнтка. На той час Людвік быў яшчэ недастаткова падрыхтаваны, каб выкупіць Малыя Сяхновічы. Таму ён рашыўся пазычыць 20 тысяч злотых ва ўдавы капітана Беранта. Гэтыя грошы 10 чэрвеня 1755 года Людвік Касцюшка выклаў за спадчынны маёнтак. Крэдыторка на тры гады атрымала застаўное права на Малыя Сяхновічы і навакольныя вёскі (Л.Т. Касцюшка абяцаў вярнуць доўг да Купалля (24 чэрвеня) 1758 года).

Як падае Б. Шындлер, пачынаючы з 1756 года пан мечнік у некаторых дакументах пачаў тытулавацца палкоўнікам Яго каралеўскай міласці (ці палкоўнікам польнай (палявой) булавы). Вядома, ён не браў удзелу ні ў якіх баявых дзеяннях, аднак нельга падазраваць яго, як гэта рабіў Т. Корзан, у надзвычайным жаданні да атрымання тытулаў: прага атрымаць нейкую, хоць нават і намінальную, пасаду была тыповаю з’яваю ў асяродку тагачаснага дваранства Рэчы Паспалітай [249].

Па-ранейшаму асаблівым клопатам заставалася справа вяртання Сяхновічаў, часова выпушчаных з рук. Берасцейскі мечнік нават пераехаў у фальварак Здзітава, каб быць як мага бліжэй да спадчынных земляў. Аднак у сярэдзіне красавіка 1758 года, за некалькі месяцаў тэрміну вяртання пазыкі Людвік Касцюшка раптоўна памёр.

Праз стагоддзе пасля гэтай падзеі Леанард Ходзька прывёў цалкам неверагоднае паданне, у якім сяхновіцкі гаспадар выступаў у ролі сапраўднага тырана, што жорстка здзекваўся са сваіх прыгонных сялянаў. І тыя, нібыта даведзеныя да адчаю, забілі ў 1768 годзе свайго памешчыка.

Недобрасумленны біёграф нават дабавіў Людвіку яшчэ дзесяць гадоў жыцця, толькі каб надаць сваёй легендзе нейкае падабенства да праўды і прывязаць героя свайго даследавання да сялянскага паўстання, якое сапраўды часткова ахапіла ўкраінскае і беларускае Палессе ў 60-ыя гады ХVІІІ стагоддзя [250]. Нягледзячы на тое, што гэты міф развянчаў у сваіх працах яшчэ Т. Корзан [251], прыдумку Л. Ходзькі неўзабаве паўтарыў К.У. Вуйціцкі (яшчэ адзін стваральнік шматлікіх гістарычных “завалаў” у біяграфіі Т. Касцюшкі, якія прыйшлося разграбаць пазнейшым даследчыкам!) ды ахвотна падхапілі расійскія дарэвалюцыйныя гісторыкі [252], у першую чаргу аўтар “Апошніх гадоў Рэчы Паспалітай” Мікалай Кастамараў. Дзякуючы падобным творам, што выходзілі раней (дый цяпер яшчэ перавыдаюцца) вялікімі накладамі, легенда пра сяхновіцкага дэспата часам узнікае на старонках перыядычнага друку і сёння, прычым абрастае падрабязнасцямі, невядомымі і Л. Ходзьку, кшталту: “у красавіку 1758 года сяхновіцкі сялянін закалоў яго віламі” [253]. (Шкада, што не называецца імя селяніна і даўжыня віл!..).

На самой справе Людвік Тадэвуш Касцюшка-Сяхновіцкі памёр уласнаю смерцю і 18 красавіка 1758 года быў пахаваны ў Сяхновіцкай капліцы. За ўратаванне яго душы ішлі літургіі і ў каталіцкіх касцёлах, і ў праваслаўных цэрквах, і ва уніяцкіх храмах, пра што распавёў спецыяльны грашовы рэестар, складзены ўдавой Тэкляй з Ратомскіх Касцюшкавай [254].

ВЯРТАННЕ ДА ГНЯЗДА

Усе клопаты пра сям’ю і гаспадарку пасля скону мужа леглі на плечы Тэклі. Ёй у дапамогу былі прызначаны апекуны — аршанскі войскі Марцін Ратомскі, мінскі краўчы Юзаф Прушынскі ды крамяніцкі староста Ян Непамуцэн Касцюшка.

Трэба адзначыць, што разумная жанчына і самая не горш за мужчынаў разбіралася ў гаспадарчых справах, таму знайшла сілы не скарыцца цяжкім абставінам, выплаціць увесь мужаў доўг, каб праз год, на Купалле 1759 года, канчаткова вярнуцца ў родавае гняздо.

Аднак і пазней становішча сяхновіцкай гаспадыні заставалася складаным. З-за вострага недахопу грошаў жанчына ў 1760 годзе вымушаная была прыпыніць навучанне сыноў, якія па волі бацькі вучыліся ў Любяшове — у калегіуме каталіцкага ордэна піяраў. (Юзаф паспеў прайсці ўвесь курс навучання, Тадэвуш быў забраны са школы датэрмінова, не скончыўшы апошняга класа, званага “Рыторыкай”) [255].