Аднак і апаненты “сяхновіцкай версіі” таксама нярэдка выступалі ў друку, адстойваючы свае погляды. На карысць Мерачоўшчыны выказваліся М. Балінскі, Ф. Пашкоўскі, Л. Ходзька, Я. Курхановіч К.У. Вуйціцкі [275].
Пасля адноснага зацішша ў 70-ыя гады ХІХ стагоддзя ў наступным дзесяцігоддзі дыскусія разгарэлася з новай сілай. Ініцыятарам чарговай хвалі спрэчак стаў Фелікс Немаеўскі з блізкай ад Сяхновічаў вёскі Ракітніца [276]. У 1880 годзе ягоны знаёмы, што падарожнічаў па Палессі, патрапіў у колішні Касцюшкаў маёнтак. Вандроўнік распавёў, як каля Сяхновіцкага двара яго фурман скінуў шапку са словамі: “А то, прашу пана, у гэтым двары Касцюшка нарадзіўся, і няма ў наваколлі ніводнага чалавека, хто б шапкі не здымаў перад гэтым дваром”.
На ліст Ф. Немаеўскага азвалася ўладарыня Лышчыцаў Марыя Раманаўна Віслоцкая, праўнучка роднай сястры Тадэвуша Касцюшкі Ганны. Яна пачала актыўна шукаць новыя пацверджанні “сяхновіцкай версіі” [277]. Яна заўважыла, што ў метрыках Ганны і Тадэвуша Касцюшкаў-Сяхновіцкіх не пазначанае месца іх нараджэння. Па тлумачэнні М. Віслоцкая звярнулася да брэсцкага ксяндза Г. Главацкага, які засведчыў: “ва ўсіх метрычных кнігах ХVІІІ стагоддзя, калі дзіця было ахрышчанае ва ўласным прыходзе, гэта адзначалася на палях кнігі. І наадварот, пры хрышчэнні ў “чужой” парафіі назва месца нараджэння не паведамлялася”.
Ліст М. Віслоцкай ад імя рэдакцыі часопіса “Тыгоднік ілюстраваны” ўзяўся каменціраваць Людвік Еніке. Навуковец паспрабаваў прааналізаваць усе аспекты гэтай складанай справы. Ён уважліва разглядзеў аргументы на карысць Сяхновічаў і Мерачоўшчыны, а потым прызнаў некаторыя погляды М. Віслоцкай слушнымі, прычым падкрэсліў, што ўсе даўнія біёграфы лічылі за месца нараджэння генерала Т. Касцюшкі маёнтак Сяхновічы. А размовы пра Мерачоўшчыну пачаліся толькі тады, калі гэтыя мясціны перайшлі да Пуслоўскіх, бо новыя гаспадары былі вельмі зацікаўленыя ў гэтым [278].
Аднак публікацыя ўсё ж пакідала пытанне адкрытым. Таму ўжо ў 1882 годзе “мерачоўшчынскую версію” падтрымаў на старонках “Жывапіснай Расіі” Адам Кіркор [279]. У процівагу гэтаму ў той самы час артыкулы, прысвечаныя Мерачоўшчыне і Сяхновічам, у шматтомным “Слоўніку геаграфічным” сцвярджалі: “Менавіта ў гэтых С. (Сяхновічах Малых. — А.Б.), праўдападобна, нарадзіўся... Т. Касцюшка і тут правёў значную частку сваёй маладосці” [280], і яшчэ: “Т. Касцюшка, несумненна, нарадзіўся не ў М. (Мерачоўшчыне. — А.Б.), але ў Сяхновічах” [281].
Стварэнню і ўмацаванню Касцюшкаўскай традыцыі шмат паспрыялі працы Т.С. Корзана. Ён быў перакананы, што генерал прыйшоў у свет у Мерачоўшчыне. Лісты Марыі Віслоцкай, а пазней уласніка Вялікіх Сяхновічах Вандаліна Пшыборы (той таксама ў 1888 годзе выступіў у друку з падтрымкаю “сяхновіцкай версіі” [282]) прымусілі Т. Корзана паспрабаваць абгрунтаваць свой погляд на праблему. Спецыяльна дзеля гэтага ён далучыў да другога выдання сваёй манаграфіі (у 1906 годзе) вялікі дадатак, у якім разглядаў спрэчныя пытанні, і першым з іх было пытанне аб месцы і часе нараджэння героя [283]. У прыватнасці, даследчык пераконваў сваіх апанентаў сцвярджэннем “пра неверагоднасць паданняў”, не падмацаваных дакументальна. Аднак У.А. Дзванкоўскі, які часткова падтрымаў Т. Корзана, зрабіў дапушчэнне, што Тэкля Касцюшкава магла заўчасна нарадзіць сваё апошняе дзіця ўсё ж у Сяхновічах падчас наведвання блізкіх родзічаў мужа. У гэтым выпадку сына хрысцілі праз год ці два пазней у Косаўскім касцёле [284].
Аўтарытэт Т. Корзана быў настолькі вялікі, што ў ХХ стагоддзі пазіцыі “сяхновіцкай версіі” значна аслаблі. Але ў 1922 годзе на карысць Сяхновічаў як месца нараджэння Т. Касцюшкі выказалася двухтомная энцыклапедыя “Універсальны Ларус” [285].
На Беларусі сапраўдны ўсплеск цікавасці да асобы генерала адбыўся напярэдадні 200-ых угодкаў касцюшкаўскага вызвольнага чына (у 1994 годзе). Набліжэнне юбілейнай даты абудзіла да жыцця і ранейшую спрэчку вакол месца нараджэння героя. У гэты час у Беластоку з’явілася серыя паштовак. На адной з іх побач з партрэтам Т. Касцюшкі адзначалася па-беларуску, што герой нарадзіўся ў Сяхновічах [286]. Гэтую версію падтрымліваў таксама Я. Юхо (пачынаючы з 1990 года, ён неаднойчы прыгадваў абедзве версіі нараджэння Т. Касцюшкі, не аддаючы перавагу ні Сяхновічам, ні Мерачоўшчыне [287]).
Разам з тым, трэба прыняць да ведама, што на сённяшні дзень невядома ніводнага дакумента з ХVІІІ стагоддзя, у якім імя Тадэвуша Касцюшкі нават стаяла б побач з назваю Мерачоўшчыны. Цяжка ўявіць, калі герой сапраўды лічыў фальварак пад Косавам сваёю радзімаю, чаму ён ніколі не выказваў нават жадання прыехаць туды, асабліва ў час доўгага свайго побыту на Беларусі ў 1784 — 1790 гадах.