Выбрать главу

А разам з тым, першы бясспрэчны дакумент, які тычыўся непасрэдна Сяхновічаў, некалі знаходзіўся ў сямейным архіве Касцюшкаў, і цяпер шырока вядомы, дзякуючы Т. Корзану, які апублікаваў яго цалкам у 1894 годзе [50].

Вось ён, дакумент, выдадзены ў Кракаве 25 красавіка 1509 года, прывілей Жыгімонта І Старога:

“Жикгимонт Божею милостю король польскии, великии князь литовскии, рускии, княжа пруское, жомоитскии и иных.

Бил нам чолом дьяк наш Костюшко Федорович и просил в сельце в каменецком повете людеи путных на имя Сехновичов а поведал нам. Што в том сельцу сдавна было тры чоловеки на имя Кисель, а Перко, а Ляхович, Ино деи тот Кисель ешчо жив, а тыи два чоловеки Перко а Ляхович померли, нижли дети их осталися. А к тому просил у нас пашень, и леса, и дубров, тых которые ж был одсудил людем нашим каменецким Орепичом а Жиличом наместник берестеискии пан Станислав Остыкович од Тышковое Кореневское и од ее детеи, которых то пашень и дубров был в держаню Тишко от колькось лет — ино естли будет так, и мы тое сельцо Сехновичи тые три чоловеки и сбратьею, и с детьми их, и с внуками, и тые пашни, и дубровы, и лес ему дали со всим, по тому как тое сельцо вышей писаное сдавна, и тые пашни, и дубровы в своих границах мают, и как на нас держано. А ввязати его в то послали есмо дворянина нашего Богдана Алексиевича”.

Для высвятлення далейшага гістарычнага лёсу Касцюшкаў прыведзены дакумент мае выключнае значэнне (нездарма прывілей 1509 года ахвотна цытуюць шматлікія біёграфы Тадэвуша Касцюшкі [51]).

Якую новую інфармацыю ён утрымлівае?

Адразу пасля прачытання адчуваецца, што прывілей не з’яўляецца пацвярджэннем нейкага ранейшага даравання. Кароль і вялікі князь называе Касцюшку “дзякам нашым”. На гэтай падставе апошняга звычайна лічаць служачым велікакняскай канцылярыі за часоў Аляксандра Казіміравача і першых гадоў панавання Жыгімонта Старога (прыкладна паміж 1492 і 1509 гадамі). Аднак цяжка пагадзіцца з прафесарам Ф. Канечным, які сцвярджаў, што ў канцылярыі Касцюшка Фёдаравіч займаў нейкую “вышэйшыю ступень” [52]. Для такога дапушчэння бракуе пісьмовых дадзеных. Затое нават з дапамогаю скупых звестак, прыведзеных у прывілеі, можна ўзнавіць пэўныя моманты першапачатковай гісторыі Сяхновіч (да 1509 года).

Дакладны час заснавання “сяльца” вызначыць цяжка. Аднак на момант дарэння ў ім ужо жылі тры пакаленні сялян, таму паселішча ўзнікла не пазней за сярэдзіну ХV стагоддзя.

Спачатку Сяхновічы належалі вялікаму князю. Казімір Ягайлавіч надаў некалькі вёсак (у тым ліку і Сяхновічы), аб’яднаныя пад назваю “Сцяпанаўскія паселішчы”, свайму службоўніку Тышку (Цішку) Хадковічу Каранёўскаму [53]. Каля 1500 года [54] Тышка быў забіты Пацам, ягоная спадчына перайшла да жонкі і пяцёх сыноў.

У прывілеі згадваецца берасцейскі намеснік Станіслаў Осцікавіч. Аднак ні Ю. Вольф, ні А. Банецкі не ведалі яго ў якасці старосты (ці намесніка) берасцейскага. Разам з тым у спісах намеснікаў [55] паміж Станіславам Міхайлавічам Пятковічам (намеснік берасцейскі ў 1498 — 1503 гадах) і Васілём Львовічам Глінскім (староста ў 1506 — 1508 гадах) утварылася пэўная лакуна, таму верагодна дапусціць, што Станіслаў Рыгоравіч Осцікавіч (Осцік) (? — 1519) [56] намеснічаў у Брэсце менавіта паміж 1503 і 1506 гадамі.

Толькі ў гэты тэрмін як вышэйшая службовая асоба на Брэстчыне ён меў права адняць у Тышкевічаў частку пожняў ды лясоў і перадаць іх у карыстанне каралеўскім (велікакняскім) сялянам з вёсак Арэпічы (на поўначы сучаснай Жабінкаўшчыны) і Жылічы (магчыма, скажоннае напісанне назвы суседняй вёскі Жыцінь).

Такім чынам, Сяхновічы зноў апынуліся ў валоданні літоўска-польскага гаспадара. Нарэшце, сваім прывілеем 1509 года Жыгімонт І узнагароджвае Касцюшку Фёдаравіча і перадае яму ва ўласнасць Сяхновіцкі маёнтак.

Вядома, рашэнне вялікага князя не паспрыяла ўсталяванню добрасуседскіх адносінаў між новымі і старымі ўласнікамі. Хутка адбыліся першыя сутычкі з-за зямлі.

27 мая 1529 года падляшскі ляснічы Пацей Тышковіч Каранёўскі [57] здолеў вярнуць сабе частку лясоў і палёў каля вёсак Драмлёва (былая вёска на Жабінкаўшчыне, знішчаная нямецкімі карнікамі ў 1942 годзе) і Гневава (сучаснае месцазнаходжанне не высветленае).