Выбрать главу

МАРЫНА АММОН

КАТЭГОРЫЯ ФАНТАСТЫЧНАГА Ў СУСВЕТНАЙ ЛІТАРАТУРЫ

Эстэтычная катэгорыя, заснаваная на парушэнні межаў, правіл рэпрэзентацыі рэчаіснасці, вядомая сусветнай культуры як фантастычная. Улічваючы шырокую распаўсюджанасць дадзенага паняцця ва ўсіх сферах функцыянавання мастацтва, варта заўважыць, што найбольшае развіццё яно атрымала менавіта ў літаратуры, здольнай да надзвычай дакладных і разгорнутых артыкуляцый сэнсу.

Нягледзячы на доўгі перыяд бытавання ў прыгожым мастацтве згаданай з’явы, для многіх даследчыкаў асабліва актуальным паўстае пытанне яе эксплікацыі (максімальна падрабязнага, скрупулёзнага тлумачэння). Выключная ўвага аддаецца праблеме ідэнтыфікацыі названай раней разнавіднасці мімесісу з дапамогай такіх тэрмінаў, як мастацкі прыём і метад, а таксама жанр, від і род.

ГІСТОРЫЯ РАЗВІЦЦЯ ФАНТАСТЫЧНАГА ў ПРЫГОЖЫМ ПІСЬМЕНСТВЕ

Па словах расійскага даследчыка К. Фрумкіна, сёння вылучаюцца як мінімум тры асноўныя этапы развіцця фантастычнай традыцыі: “фантастыка фальклору, фантастыка рамантызму і сучасная фантастыка” [1, с. 3]. Відавочна, што адзначанае паняцце валодае пэўнай гістарычнай рэлятыўнасцю, залежыць ад таго, у якую эпоху выказваецца меркаванне пра фантастычнасць пэўнага вобраза ці сюжэта.

Тэарэтыкі зыходзяцца ў адным: узнікненне фантастыкі - заканамерны вынік духоўнага развіцця грамадства. Яе вытокі ў першабытным соцыуме, дзе адно з цэнтральных месцаў займала міфалагічная ментальнасць, якая ўяўляла з сябе сінтэз навуковай аналітыкі і мастацкай тыпізацыі. У міфе, адным з самых старажытных прадуктаў нематэрыяльнай дзейнасці чалавека, знешняя рэчаіснасць з яе характэрнымі заканамернасцямі персаніфікавалася ў вобразах багоў і герояў. Аднак трэба ўлічваць спецыфіку мыслення тагачасных людзей, бо, як слушна заўважае культуролаг А. Коўтун, “архаічны свет не ведае фантастыкі ва ўласным разуменні слова: для сучаснай яму свядомасці ўсё ў ім уяўляе з сябе абсалютную рэальнасць” [2, с. 5].

Большую цікавасць для навукоўцаў у дадзеным кантэксце ўяўляе час, калі старажытныя фальклорныя формы паступова адыходзяць ад практычных задач ірацыянальнага асэнсавання рэальнасці. Згаданая акалічнасць звязана, у пер­шую чаргу, з далейшым развіццём цывілізацыі, пашырэннем і паглыбленнем скарбонкі ведаў homo sapiens пра навакольнае асяроддзе. Постміфатворчыя ўяўленні, рэалізаваныя ў вуснай народнай творчасці (напрыклад, у чароўнай казцы), сталі адной з першых крыніц літаратурнай фантастыкі.

Яркім прыкладам цеснага спалучэння вербальнага мастацтва з міфам з’яўляецца эпоха Антычнасці. Менавіта тады ў літаратуры былі сфарміраваныя дзве асноўныя формы бытавання катэгорыі фантастычнага - утопія і фантастычнае падарожжа. У творах “Аб гіпербарэйцах” Гекатэя Абдзерскага, “Святы спіс” Эўгемера, “Востраў сонца” Ямбула, “Адысея” Гамера і іншых прысутнічае шырокі зварот аўтараў да другаснай умоўнасці (у адрозненне ад першаснай, мэта якой - найбольш адэкватнае адлюстраванне рэчаіснасці), наўмыснага парушэння праўдападабенства. Акрамя таго, своеасаблівым генератарам цудоўнага выступае драматургічная тэхніка Арыстафана (камедыі “Мір”, “Птушкі”, “Жабы”).

У гэты ж час назіраецца першая спроба адмысловай трактоўкі фантастычнага як адметнай некласічнай катэгорыі эстэтыкі. Так, Платон у дыялогу “Сафіст” вылучыў два асноўныя тыпы мастацкага вобраза - аўтэнтычны (“ікастычны”, звязаны з канкрэтным аб’ектам рэальнасці) і ілжывы (“фантастычны”, базісам якога выступае створаная аўтарам ілюзія).

Далейшае развіццё паэтыкі незвычайнага адбываецца ва ўмовах шырокага распаўсюджання ідэй сярэднявечнай схаластыкі і дагматызму. Адно з выключэнняў - рыцарскі раман, што амаль страчвае гістарычна-эпічны падмурак і дэманструе шырокае выкарыстанне казачных матываў (напрыклад, аповесці “Трышчан”, “Бава”, пераклады якіх былі досыць папулярнымі сярод беларусаў).

Заснаваная на ідэі творчай фантазіі канцэпцыя старажытнагрэчаскага мысляра была пераасэнсавана і адпаведна інтэрпрэтавана ў эпоху Рэнесансу (працы “Фіджына” Г. Каманіні, “Ідэя мастака, скульптара і архітэктара” Д. Белоры). Сведчаннем таму служаць шматлікія тэксты слынных творцаў Адраджэння: “Гарганцюа і Пантагруэль” Ф. Рабле, “Боская камедыя” Дантэ, а таксама мастацка-публіцыстычныя трактаты “Утопія” Т. Мора, “Горад сонца” Т. Кампанелы, “Новая Атлантыда” Ф. Бэкана і інш. Акрамя таго, як у “цёмныя вякі”, так і ў перыяд аднаўлення антычнай традыцыі асаблівую ролю адыгрывае жанр жыція святых, дзе цудоўнае выконвае ярка выражаную функцыю рэпрэзентацыі экстраардынарных, але рэальных для чытача падзей.