Выбрать главу

Чыноўнiк упаў ў крэсла. Iмгненне ён сядзеў, задыхаючыся ў страшэнным трызненнi. Там, знадворку - ён гэта ведаў без лiшнiх слоў, без позiрку склады са зброяй асыпалiся мяккiм чырвоным iржавым пылам, самалёты ў клубах рудой iржы адляталi ў нiкуды, а танкi, як дыназаўры, пагружалiся, марудна пагружалiся ў расплаўлены асфальт (цi не пра гэта гаварыў сяржант?), асядалi ў ямах дзёгцю. Грузавiкi, быццам мыльныя бурбалкi, лопалiся ў жоўтым iржавым дыме, i толькi непатрэбныя цяпер шафёры ды шыны ўперамешку валялiся ўздоўж дарог.

- Сэр... - сказаў паставы, якi бачыў усё гэта, - о, госпадзi...

- Ало, ало! - закрычаў Чыноўнiк. - Бяжыце за iм, даганiце, задушыце рукамi, забiце кулакамi, паламайце яму рэбры, забiце да смерцi, рабiце што хочаце, толькi забiце! Зараз я буду ў вас. - I ён павесiў трубку.

Машынальна высунуў нiжнюю шуфляду ў стале, дзе ляжаў службовы пiсталет. У новай скураной кабуры засталася толькi жменька рудой iржы. Ён вылаяўся i куляй вылецеў з пакоя. На хаду схапiў крэсла. Дрэва, падумаў ён, добрае, старое дрэва, добры, стары клён. Двойчы ён ударыў крэслам аб сцяну, i тое паддалося. Потым ён схапiў ножку i сцiснуў у руках.

Твар яго палаў, дыханне з хрыпам вырывалася з разяўленага рота. Ён прымерыўся ножкай.

- Выдатна, чорт вазьмi, наперад! - зароў ён.

I з крыкам выскачыў, шалёна бразнуўшы дзвярыма.