Выбрать главу

Аляксандар Пушкін

Казка пра цара Салтана

Тры сястрыцы пад акном Пралі позна вечарком. «Вось каб я была царыца, - Кажа першая сястрыца, - Дык адна на ўвесь бы свет Я наладзіла банкет». «А каб я была царыца, - Адказала ёй сястрыца, - Дык на ўвесь бы свет адна Я наткала б палатна». «А каб я была царыца, - Кажа трэцяя сястрыца, - Нарадзіла б для цара Я асілка-змагара».
Толькі вымавіць паспела, Дзверы ціха заскрыпелі, Да сясцёр заходзіць цар - Той краіны уладар. Ён за плотам слова ў слова Слухаў іхнюю размову, І малодшая таму Спадабалася яму. «Добры дзень табе, дзяўчына, Ты царыцай стаць павінна, І да восені - глядзі! - Мне асілка нарадзі. Вы ж, галубачкі-сястрыцы, Выбірайцеся з святліцы Ды спяшайцеся за мной І за вашаю сястрой. Будзе з вас адна ткачыха, А другая паварыха».
Пакідаючы свой дом, Едуць госці за царом. Цар не доўгі час збіраўся І ў той вечар павянчаўся. Ён гасцей усіх сабраў І вялікі баль пачаў. Потым госці і вяльможы Палажылі спаць на ложак Са слановай косці іх І пакінулі адных. Зліцца ў кухні паварыха, А за кроснамі ткачыха, Бо зайздросцяць бабы ёй - Царскай жонцы маладой. А царыца маладая Абяцанак свой здзяйсняе - Зацяжарала яна...
У той час была вайна. На каня Салтан садзіцца І наказ дае царыцы: «Беражы, глядзі сябе, Бо кахаю я цябе». А між тым як ён дзесь з войскам Б'ецца доўга, б'ецца жорстка, Надыходзіць час радзін: Сына даў ім бог з аршын. Каля сына-немаўляці Цэлы дзень шчыруе маці. Шле ганца з пісьмом яна - Бацьку радасць-навіна. А ткачыха з паварыхай, З бабай сваццяй Бабарыхай, Хочуць мамку загубіць І ганца не дапусціць. Самі шлюць ганца другога, Ліст стаў зместу ўжо такога: Ноччу жонка нарадзіла Не дачку, не сына - дзіва: І не мышка, і не жабка, Як звярок, тое дзіцятка.
Як пачуў цар навіну - Злую чорную ману, Спахмурнелі яго вочы - Ён ганца павесіць хоча. А пасля дабрэйшым стаў І такі наказ паслаў: «Пачакаць майго звароту, Суд законны будзе потым».
Едзе з граматай ганец, Вось дарозе і канец. А ткачыха з паварыхай, З бабай сваццяй Бабарыхай, Абдурылі пасланца: Даўшы чарачку вінца, Хлопцу ў торбачку пустую Кладуць грамату другую. І прывёз ганец п'яны Вось такія навіны: «Цар загадвае баярам, Каб не траціць часу дарам, І царыцу і прыплод Тайна кіньце ў бездань вод». Што ж рабіць тут? Хоць баяры Спачуваюць гасудару, Да царыцы ўсё ж ідуць І такі загад нясуць. Абвясцілі яго волю - Ёй і сыну злую долю. Прачыталі ўслых наказ, З сынам маму ў той жа час Яны ў бочку пасадзілі, Засмалілі, пакацілі І спусцілі ў акіян, - Загадаў так цар Салтан.
Зоркі ў сіні моры ззяюць, Хвалі вольныя гуляюць. Хмары золкія плывуць, Хвалі ў бочку моцна б'юць. І як бедная ўдавіца, Плача горасна царыца; А дзіця расце, як птах, Па гадзінах - не па днях. Дзень мінуў, яна галосіць... А дзіцятка хвалю просіць: «Хваля, хваля ты мая! Воля буйная твая; Ты плывеш куды захочаш, Камяні марскія точыш, Топіш бераг ты зямлі, Падымаеш караблі - Не губі ты нашу душу: Выкаці ты нас на сушу!» Хваля слухае яго І да берага свайго Падкаціла бочку хутка І адхлынула ціхутка. Маці з сынам на зямлі, Небяспекі ўсе прайшлі. Але з бочкі хто іх выне? Бог, няўжо ён іх пакіне? Сын на ножкі моцна стаў І галоўкай ў дно наддаў, Паднаціснуўшы каленцам: «Як бы нам на двор акенца Прарабіць?» - прамовіў ён, Выпхнуў дно і выйшаў вон.
Сын і маці ўжо на волі. Бачаць выспу ў чыстым полі, Мора, сонца на двары, Дуб зялёны на гары. Сын падумаў: час вячэры, Есці хочацца бязмеры. Ломіць ён дубовы сук І ў тугі згінае лук, З крыжыка шнурок шаўковы Нацягнуў на лук дубовы, Чарацінку ён зламаў, Стрэлку востра застругаў. І пайшоў на ўскрай даліны Пашукаць сабе дзічыны.