Выбрать главу
Падышоў да мора ён, Чуе дзесьці енк і стогн... Пэўна, ў моры там не ціха; Глянуў - бачыць, што за ліха? Лебядзіца сярод хваль, І каршун над ёй амаль. Тая крыламі лапоча, Уцячы, напэўна, хоча, Каршун кіпці распусціў, Дзюбу востра навастрыў... Ды якраз страла запела, Ў шыі ў коршака засела. Кроў у мора ён праліў, Лук царэвіч апусціў; Бачыць, коршак ужо тоне, Не птушыным крыкам стогне, Лебядзіца ў барацьбе Злога коршака дзяўбе І крыламі дабівае, І пагібель паскарае. А царэвічу вось так Рускай мовай кажа птах: «Ты, царэвіч, збаўца любы Ад мае заўчаснай згубы, Ты мяне не вінаваць, Што галодны ляжаш спаць, Што страла прапала ў моры; Гэта гора - ды не гора, Я за ласку - адкажу, Табе добра паслужу. Ты на свеце жыць пакінуў Не лябёдку, а дзяўчыну. Ты забіў не каршука, А ўтапіў чараўніка. Век цябе я не забуду, Я з табою ўсюды буду, Кінь, царэвіч, сумаваць, Не бядуй, лажыся спаць».
Паляцела лебядзіца, А царэвіч і царыца Дзень галодныя былі І не еўшы спаць ляглі... Вось сынок расплюшчыў вочы І, прагнаўшы прывід ночы, Дзіву даўся: ці не сон? Светлы горад бачыць ён. Сцены з вострымі зубцамі, За высокімі дамамі Ззяннем макаўкі гараць На царквах, манастырах. Ён хутчэй царыцу будзіць: Тая: «Ах...» «Ці гэта будзе! - Сын ёй кажа: - Бачу я Лебядзіца вунь мая». Маці й сын ідуць у горад. За сцяною ў гэту пору Аглушальны гул званоў Загудзеў з усіх бакоў. Ім народ насустрач валіць, Хор царкоўны бога хваліць; У карэтах залатых Пышны двор страчае іх; Гучна ўсе іх велічаюць І царэвіча вянчаюць Княжай шапкай залатой, Уладарцам над сабой. І сярод свае сталіцы, З добрай згодаю царыцы, З дня таго стаў княжыць ён І назваўся князь Гвідон.
Ціха вецер павявае І караблік падганяе. Ён на ветразях тугіх Сярод хваль плыве крутых. Карабельшчыкі сышліся, Дзіву-дзіўнаму даліся: На вядомай выспе тут Яны бачаць нейкі цуд. Горад новы златаглавы, Прыстань з моцнаю заставай. З прыстані гарматы б'юць, Знак прычаліць падаюць. Вось прычаліліся госці; Князь Гвідон іх кліча ў госці, Корміць, поіць, як сваіх, Ды спытаўся ён у іх: «Чым вы, госці, гандлявалі, Шлях куды свой скіравалі?» Карабельшчыкі ў адказ: «Свет аб'ездзілі не раз. Гандлявалі сабалямі, Чарнабурымі лісамі, А плывем ужо дамоў, Да радзімых берагоў. Міма вострава Буяна, Да славутага Салтана». Кажа князь тады купцам: «Добры шлях, панове, вам, Морам плыць і акіянам! А славутаму Салтану Перадайце вы паклон». Госці едуць, князь Гвідон З берага самотным зрокам Іх правёў у шлях далёкі; Бачыць ён, у сіняве Лебядзіца там плыве. «Добры дзень, мой князь чароўны! Што ж ты сумны, неспакойны? Зажурыўся ты чаго?» - Запыталася ў яго. Князь ёй так апавядае: «Сум-журба мяне з'ядае, Хоць сумую - ды маўчу. Бацьку ўбачыць я хачу». «Вось якое ў цябе гора! Ну, дык слухай: можа, ў мора Паляціш за караблём? Будзь жа, князь, ты камаром». Крыллем птушка замахала, Воду з шумам распляскала І апырскала ўсяго З галавы да ног яго. Тут ён кропкаю зрабіўся, Камарочкам прытварыўся, Паляцеў і запішчаў, Карабель ураз дагнаў, І паціху апусціўся, Там у шчылінку зашыўся.
Вецер весела шуміць, Судна весела бяжыць Міма вострава Буяна Да славутага Салтана, Край жаданы - гэта ён Ім ужо здалёк відзён. Вось на бераг выйшлі госці; Цар Салтан іх кліча ў госці, Наш камар як загудзеў І ў палацы паляцеў. Бачыць: ззяе ўвесь у злаце Цар Салтан там у палаце, Пад каронай залатой; Сум на твары, неспакой. А ткачыха з паварыхай, Сваццяй бабай Бабарыхай, - Пры цары яны сядзяць, Пільна ў вочы ўсе глядзяць. Цар Салтан гасцей саджае За свой стол і ў іх пытае: «Вы ў якой, скажыце мне, Пабывалі старане? Жыць за морам ці шчасліва? І якое ў свеце дзіва?» Карабельшчыкі ў адказ: «Свет аб'ездзілі не раз. За марамі жыць шчасліва; Поўны свет такога дзіва: Там на востраве пустым, Непрывальным, нежылым, Сярод роўнядзі пустыннай Толькі рос дубок адзіны; А цяпер на ім стаяць Светлы горад і палац. З златаглавымі царквамі, З церамамі ды садамі, А жыве там князь Гвідон, Ён прыслаў табе паклон». Цар Салтан здзівіўся цуду: «Калі жыў я толькі буду, На той востраў паплыву, У Гвідона пажыву». А ткачыха з паварыхай, Сваццяй бабай Бабарыхай, Змову тояць між сабой - Не пусціць на востраў той: «Вось знайшлі якое дзіва, - Падміргнуўшы вокам хціва, Паварыха кажа ім: - Горад дзесь на моры тым. Вось сапраўднае ёсць дзіва: Што пад елкаю шумлівай Там вавёрачка жыве Ды арэшкі ўсё грызе; Незвычайныя такія, - Шалупінкі залатыя, А зярняткі - ізумруд, Вось сапраўдны гэта цуд». Цар Салтан аж дзіву даўся; А камар як раззлаваўся, Па палацы залятаў, Цётцы ў вока джала даў. Паварыха пабялела І аслепла - абамлела. Слугі, свацця і сястра З крыкам ловяць камара. «Распраклятая ты мошка, Мы цябе!» А ён патрошку Сам у фортку пырхнуў зноў, Паляцеў сабе дамоў.