Выбрать главу
Князь ля сіня-мора ходзіць І вачэй з яго не зводзіць; Глянь - па морскай сіняве Лебядзіца зноў плыве. «Добры дзень, мой князь чароўны! Што ж ты сумны, неспакойны? Зажурыўся ты чаго?» - Запыталася ў яго. Князь засмучана ўздыхае: «Сум-журба мяне з'ядае: Падкажы мне, што рабіць? Дзіва тое як набыць? Дзесьці ў лесе ёсць яліна, На густых яе галінах Там вавёрачка пяе Ды арэшкі ўсё грызе, Незвычайныя такія: Шалупінкі залатыя, А зярняткі - ізумруд, Можа, хлусяць людзі тут?» Адказала лебядзіца: «Праўда, - ёсць чаму дзівіцца. Годзе, князь, душа мая; Тое дзіва знаю я. Не сумуй, я рада службу Адслужыць табе за дружбу». Падбадзёраны пайшоў Да сябе Гвідон дамоў. Як ступіў на двор шырокі, Глянь - пад елкаю высокай Там вавёрка - смех ці грэх - Залаты грызе арэх. Шалупіначкі збірае, Ізумруды ўсе вымае, Роўна ў кучачкі кладзе, Не мыляецца нідзе. І пяе пры ўсім народзе: «Ой у садзе, агародзе». Дзіву даўся князь Гвідон: «Ну і дзякуй, - кажа ён, - Вось дык птушка - дай ёй божа Жыць, як мне, вясёла, гожа». І вавёрцы князь Гвідон З крышталю будуе дом. Варту ён прыставіць мусіў, І дзяка свайго прымусіў, Каб арэшкі падлічаў І дабро ў казну здаваў.
Ціха ветрык павявае І караблік падганяе. Сярод хваль плыве крутых Ён на ветразях сваіх. Міма вострава на моры, Дзе стаіць цудоўны горад, З прыстані гарматы б'юць, Знак прычаліць падаюць.
Вось прычальваюцца госці; Князь Гвідон іх кліча ў госці, Корміць, поіць, як сваіх, Хоча выпытаць у іх: «Чым вы, госці, гандлявалі? Шлях куды свой скіравалі?» Карабельшчыкі ў адказ: «Свет аб'ездзіла не раз. Мы там коньмі гандлявалі, Жарабцоў мы прадавалі; А нам тэрмін падышоў, - Едзем мы цяпер дамоў Міма вострава Буяна, Да славутага Салтана». Кажа князь тады купцам: «Добры шлях, панове, вам Па прасторах акіяна Да славутага Салтана. Ды скажыце: князь Гвідон Нізкі шле цару паклон».
Госці голавы схіляюць І ў дарогу ад'язджаюць... Князь да мора падышоў, Лебядзіцу ўбачыў зноў. Моліць князь: душа так прагне, Парываецца і цягне. Вось яна тады яго Зноў апырскала ўсяго. Князь тут мухаю зрабіўся, Паляцеў і апусціўся Паміж мора і нябёс, На судне і ў шчэлку ўпоўз.
Вецер весела шуміць, Судна борздзенька бяжыць Міма вострава Буяна, Да славутага Салтана. Край жаданы - гэта ён Ім ужо здалёк відзён. Вось на бераг выйшлі госці; Цар Салтан іх кліча ў госці, - Удалец наш загудзеў І ў палацы паляцеў. Перад ім увесь у злаце У сваім Салтан палацы Пад каронай залатой, - Сум на твары, неспакой. А ткачыха з паварыхай, Сваццяй бабай Бабарыхай, Пры цару яны сядзяць, Злосна жабамі глядзяць. Цар Салтан гасцей саджае За свой стол і ў іх пытае: «Вы ў якой, скажыце мне, Пабывалі старане? Як за морам? Як жывецца? Што чуваць на белым свеце?» Карабельшчыкі ў адказ: «Свет аб'ездзілі не раз. А жывуць там людзі дбала. І дзівосаў ёсць нямала: Выспа ў моры дзесь ляжыць, На ёй горад зіхаціць Златаглавымі царквамі, Церамамі і садамі. Там крыштальны дом стаіць, Елачка над ім шуміць, А вавёрачка ручная - Весялушачка такая - Толькі песенькі пяе Ды арэшкі ўсё грызе. Незвычайныя такія: Шалупінкі залатыя, А зярняткі - ізумруд. Не вавёрка, проста цуд. Служаць ёй усёю світай; І прыстаўлен дзяк сярдзіты Лік арэхаў весці той; Салютуе войска ёй. З шалупіння льюць манеты Ды пускаюць па сусвеце. Дзеўкі сыплюць ізумруд У кладоўкі ды падспуд. Шмат людзей жыве багатых, Там палацы, а не хаты. А сядзіць там князь Гвідон, Ён прыслаў табе паклон». Цар Салтан здзівіўся цуду: «Калі жыў я толькі буду, На той востраў паплыву, У Гвідона пажыву». А ткачыха з паварыхай, Сваццяй бабай Бабарыхай, Князя хочуць абдурыць, На той востраў не пусціць. Усміхнуўшыся, паціху, Кажа так цару ткачыха: «Дзе ж тут дзіва тое, дзе? Што каменьчыкі грызе Там вавёрачка і ў груды Падграбае ізумруды? Гэтым цяжка нас здзівіць, Трэба праўду гаварыць. Ёсць яшчэ на свеце дзіва: Мора ўспеніцца бурліва, Закіпіць, узніме гнеў Ды на бераг як шугне Хваляй пругкай, хваляй свежай; І пакіне на ўзбярэжжы У лусцэ, як бляск зары, Волатаў аж трыццаць тры. Ды прыгожыя такія, Веліканы маладыя, Роўныя, як на падбор, З імі дзядзька Чарнамор. Гэта дзіва ўжо, дык дзіва, Людзі кажуць справядліва!» Госці шумныя стаяць, Не спрачаюцца - маўчаць. Цар Салтан аж дзіву даўся, А Гвідон як раззлаваўся... Ён над цёткай загудзеў І на левым воку сеў. А ткачыха тут як войкне, «Ай», - і стала аднавокай. Закрычалі ўсе: «Лаві І даві яго, даві... Не ўцячэш, пачварнік ласы! Вось табе...» А князь тым часам Загудзеў праз фортку зноў, - Паляцеў сабе дамоў.