Выбрать главу
Князь ля мора зноўку ходзіць, З мора ён вачэй не зводзіць, Дзе па морскай сіняве Лебядзіца зноў плыве... «Добры дзень, мой князь чароўны! Што ж ты сумны, неспакойны? Зажурыўся ты чаму?» - Кажа так яна яму. У Гвідона тыя ж рэчы: «Сум-журба мяне нявечыць, Дзіва-дзіўнае ў свой край Перанесці як - парай?» «А якое ж гэта дзіва?» «Дзесьці ўспеніцца бурліва Акіян і ўзніме гнеў Ды на бераг як шугне Ён марскою хваляй свежай; І пакіне на ўзбярэжжы У лусцэ, як бляск зары, Волатаў - аж трыццаць тры. Ды прыгожыя такія, Веліканы маладыя, Роўныя, як на падбор, З імі дзядзька Чарнамор». Лебядзіца адказала: «Вось чаму журба запала. Не сумуй, душа мая, Гэта дзіва знаю я. Тыя воіны марскія Мне браты ўсе дарагія, Сум пакінь, ідзі дамоў, Ды прымай сваіх братоў».
Князь пайшоў, забыўшы гора, Сеў на вежу і на мора Паглядаць стаў: мора ўраз Загайдалася ў той час Хваляй бурнай, хваляй свежай... Ён убачыў на ўзбярэжжы, У лусцэ, як бляск зары, Волатаў аж трыццаць тры. Віцязі ідуць па двое, Са срабрыстай сівізною Дзядзька спераду ідзе, Іх да горада вядзе. З вежы князь Гвідон збягае, Дарагіх гасцей страчае; Збегся ўвесь народ на двор, Князю кажа Чарнамор: «Лебядзіца нас паслала І наказам загадала Слаўны горад вартаваць І дазоры расстаўляць. І штодзённа мы ад сёння З-пад глыбокага прадоння Будзем разам выплываць, Ля высокіх сцен стаяць. А цяпер нам час у мора. Пад вадою гэтак добра, Цяжка дыхаць на зямлі». І на дно ізноў пайшлі.
Вецер ціха павявае І караблік падганяе. Ён на ветразях тугіх Мкне па хвалях па крутых. Міма выспы, што на моры, Дзе вялікі ўзняўся горад; З прыстані гарматы б'юць, Знак прычаліць падаюць. Вось прычаліліся госці; Князь Гвідон іх кліча ў госці, Корміць, поіць, як сваіх, Ды спытаўся ён у іх: «Чым вы, госці, гандлявалі, Шлях куды свой скіравалі?» Карабельшчыкі ў адказ: «Свет аб'ездзілі не раз. Везлі мы цяпер з сабою Срэбра, золата і зброю. А ўжо тэрмін надышоў Плысці ў шлях далёкі зноў; Міма вострава Буяна, Да славутага Салтана». Кажа князь тады купцам: «Добры шлях, панове, вам, Сінім морам-акіянам Да славутага Салтана. Ды скажыце ж: князь Гвідон Нізкі шле цару паклон».