Выбрать главу
Госці голавы схіляюць У дарогу адплываюць. Князь пайшоў да мора й сам - Лебядзіцу бачыць там. Зноўку князь: душа так просіць... Так і цягне, так і носіць... Вось тады яна яго Зноў апырскала ўсяго. Князь малюсенькім зрабіўся І ў чмяля ператварыўся, Паляцеў-зажуркатаў, Хутка судна ён дагнаў. На яго і апусціўся, Там у шчыліну зашыўся.
Вецер весела шуміць, Судна весела бяжыць Міма вострава Буяна, Да славутага Салтана. Край жаданы - гэта ён Ім ужо здалёк відзён. Вось на бераг выйшлі госці. Цар Салтан іх кліча ў госці. Удалец наш загудзеў І ў палацы паляцеў. Бачыць, ззяе ўвесь у злаце У сваім Салтан палацы Пад каронай залатой, - Сум на твары, неспакой. А ткачыха з паварыхай, Сваццяй бабай Бабарыхай, Пры цару яны сядзяць - Чатырма ўсе тры глядзяць. Цар Салтан гасцей саджае За свой стол і ў іх пытае: «Вы ў якой, скажыце мне, Пабывалі старане? Як за морам там жывецца? Што чуваць на белым свеце?» Карабельшчыкі ў адказ: «Свет аб'ездзілі не раз. А жывуць за морам дбала І навін у іх нямала. Выспа ў моры там ляжыць, Горад светлы зіхаціць. Кожны дзень пабачыш дзіва: Мора ўспеніцца бурліва, Закіпіць, узніме гнеў Ды на бераг як шугне, Распляснецца хваляй свежай; І пакіне на ўзбярэжжы У лусцэ, як бляск зары, Волатаў аж трыццаць тры. Ды прыгожыя такія - Веліканы маладыя, Яны ўсе, як на падбор; З імі дзядзька Чарнамор. З мора разам ён выходзіць І па двое іх выводзіць Выспу тую пільнаваць І дазоры выстаўляць. Больш няма надзейнай варты І харобрай, і упартай. А сядзіць там князь Гвідон; Ён прыслаў табе паклон». Цар Салтан здзівіўся цуду: «Калі жыў я толькі буду, На той востраў паплыву, У Гвідона пажыву». Паварыха і ткачыха Ні гу-гу, а Бабарыха Усміхнулася ў адказ: «Гэтым не - не здзівіш нас. І сабе па двое ходзяць; Людзі з мора там выходзяць Можа, праўда, мо хлусня, Дзіва тут не бачу я. Ёсць яшчэ на свеце дзіва, То не дзіва, а праўдзіва, Ёсць царэўна, што й казаць, Вочы нельга адарваць. Днём свет божы зацямняе, А сцямнее - сонцам ззяе, Месяц пад касой блішчыць, Зорка на ілбе гарыць. І вялікасна, і жвава Пахаджае, быццам пава; А як стане гаварыць, Нібы рэчанька цурчыць. І кажу я справядліва, Гэта дзіва ўжо, дык дзіва». Госці кемныя маўчаць: Што спрачацца, што крычаць? Дзіву цар Салтан даецца, А царэвіч хоць злуецца, Ды вачэй шкадуе той - У бабулечкі старой. Ён загуў і закружыўся Ды на нос ёй апусціўся. Як уджаліў той чмель-зух, Нос, як порхаўка, распух. Млосна ёй, старэнькай, стала: «Ой, ратуйце! - закрычала, - Калавур! лаві, лаві! Ды даві яго, даві!.. Досыць ты ўжо насваволіў, Мы цябе!..» А чмель паволі Праз акно ды морам зноў Паляцеў сабе дамоў.
Князь ізноў ля мора ходзіць, З мора ён вачэй не зводзіць; Дзе па пеннай сіняве Лебядзіца зноў плыве. «Добры дзень, мой князь чароўны! Што ж ты сумны, неспакойны? Ты не радасны чаму?» - Кажа так яна яму. А хваліцца князю нечым: «Сум-журба мяне нявечыць. Людзі жэняцца; гляджу, Нежанаты я хаджу». «А каго ж ты на прыкмеце Маеш, князь?» - «Ды вось на свеце Ёсць царэўна, - што казаць? Нельга вочы адарваць. Днём свет божы зацямняе, Ноччу землю асвятляе, Месяц пад касой блішчыць, Зорка на ілбе гарыць. І вялікасна, і жвава Пахаджае, быццам пава, А як стане гаварыць, Нібы рэчанька цурчыць. Мо народ мне байкі бае?» Князь стаіць, адказ чакае. Змоўкла птушка. Ды, аднак, Памаўчаўшы, кажа так: «Ёсць такая чараўніца, Жонка ўсё ж не рукавіца: З белай ручкі не страсеш Ды за пояс не заткнеш. Услужыць табе я рада, Толькі вось што: добра ладам Каб адказ разумны даў І пасля не наракаў». Князь Гвідон пачаў бажыцца, Што пара яму жаніцца. Што аб гэтым аб усім Добра думаў ён зусім. Што з душой, каханнем поўнай, За царэўнаю цудоўнай Пеша пойдзе ён адзін Хоць за трыдзевяць краін. І, ўздыхнуўшы так глыбока, Кажа птушка: «Недалёка Доля шчасная твая, Бо царэўна - гэта я». Лебядзіца так сказала, Белым крыллем замахала Ды на бераг на круты Апусцілася ў кусты. Пёркі птушка абтрапала, Як царэўна ў момант стала: Месяц пад касой блішчыць, Зорка на ілбе гарыць. І вялікасна, і жвава Пахаджае, быццам пава; А як стане гаварыць, Нібы рэчанька цурчыць. Князь царэўну абдымае І да сэрца прыціскае, І вядзе хутчэй яе Ён да матухны свае. Стаў прасіць ён - упрашаці: «Ты, царыца, мая маці! Выбраў я дачку табе, Жонку слушную сабе. І мы просім дазвалення І твайго благаславення, Просім дзетак блаславіць У каханні, згодзе жыць». Потым маці па закону, Зняўшы з покуці ікону, Слёзна дзетак блаславіць: «Дай жа, божа, ў шчасці жыць!» Князь жа хуценька сабраўся І ў той вечар павянчаўся; Сталі жыць ды пажываць І прыплод сабе чакаць.